БЕЛ Ł РУС

Беларус жыве ў доме, які пабудаваў з саломы, пяску і гліны. Пры гэтым ён — адзіны жыхар вёскі. Як адчуванні?

27.04.2025 / 20:36

Nashaniva.com

У 2017 годзе мазырчук Яўген Раеўскі пабудаваў сабе хату за $1000 з пяску, саломы і гліны і ўпершыню застаўся ў ёй зімаваць (на камунікацыі пайшло яшчэ каля 10 тысяч даляраў). З таго часу ўжо мінула восем гадоў — як мужчыне жывецца там сёння?

Яўген на фоне ўласнаручна пабудаванага дома. Сам участак абышоўся яму ў свой час у 150 даляраў. Скрыншот: @NaturalBuilding / YouTube

Дом Яўгена стаіць на ўчастку памерам 25 сотак на тэрыторыі вёскі Мірнае, што ў Лельчыцкім раёне. Сама хатка займае каля 45 квадратных метраў. Унутры маецца ўсё неабходнае для жыцця — кухня, невялічкая печ-мазанка, санвузел з цёплай падлогай у ім, а таксама спальня з яшчэ адной дадатковай печкай. На гэтай плошчы таксама размясцілася невялікая веранда, камора і тамбур для захоўвання прадуктаў.

Пра сваё жыццё там Яўген расказвае ў ютуб-блогу, за якім цяпер сочыць амаль сто тысяч чалавек, і ў сацсетках.

Кухня і спальня ў доме Яўгена. Усю мэблю ён таксама ствараў сваімі рукамі. Фота: @evgenij.raevskij / Instagram

Фота: @evgenij.raevskij / Instagram

Фішка дома, якая робіць яго сапраўды ўнікальным — вокны-вачніцы, нібыта з фільма пра хобітаў, і яшчэ адно акно проста ў даху. Дах звонку ахутвае трава — такім чынам дом глядзіцца вельмі натуральна ў прыродным ландшафце, ствараючы з ім адну непадзельную кампазіцыю.

View this post on Instagram

A post shared by Евгений Раевский (@evgenij.raevskij)

Інтэрнэт у доме — мабільны. Прадукты дастаўляюцца рознымі службамі дастаўкі, а таксама пасля заказаў з сайта пошты раз на тыдзень. Яўген — адзіны жыхар вёскі са сталай прапіскай тут. Пра тое, як ён выжывае ў такой адзіноце, ён зняў асобны выпуск (спойлер: не даюць засумаваць каты, якіх ён падкормлівае, і шмат працы — часцей за ўсё работы па доме і агародзе мужчына заканчвае позна ноччу).

Апошнія гады Яўген дадаткова захапіўся вырошчваннем дрэваў і раслін, таму ў яго доме ў сезон шмат расады, а на ўчастку вырасла ёмістая цяпліца. Хутка будзе радаваць вока вінаградная алея.

Хоць хлопец у мінулым і сканчваў будаўнічы тэхнікум, падчас самастойнага будаўніцтва прыйшлося чытаць шмат дадатковай літаратуры і глядзець тэматычныя відэа. Гэта ўсё роўна не ўратавала ад памылак: так, вопытным шляхам было высветлена, што не ўсе матэрыялы ў доме змогуць быць натуральнымі, бо тыя хутка ахутвае цвіль і атакуюць жукі. У будучыні мужчына плануе як мінімум замяніць гліняную падлогу на бетонную, асвяжыць некаторыя слупы.

Побач з домам Яўгена вырас падобны домік для яго сябра Сяргея. Праўда, той прыязджае сюды выключна на лета, як на лецішча.

Дзесяць гадоў таму перабрацца з горада ў вёску Яўгена матывавала жаданне змяніць жыццё да лепшага: на той момант яму было 20 гадоў, ніхто не верыў, што хлопец забавіцца ў вёсцы надоўга, але ён не проста забавіўся, а стварыў сабе тут цэлы сусвет, на кантрасце з якім у горадзе, па словах Яўгена, яму ўжо сумна.

Чытайце таксама:

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Колькі год спатрэбіцца працаваць мінчуку з медыянным заробкам, каб купіць «двушку» ў панэльцы

Дызайнер прыдумаў новы беларускі інтэр’ерны стыль — беландзі. Што гэта такое?

Каментары да артыкула