Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі
Разважаючы пра гарачую тэму прыцягнення ў Беларусь працоўных мігрантаў з Азіі, Лукашэнка раптам вырашыў параўнаць пакістанцаў з беларусамі, якія пратэставалі ў 2020 годзе.
Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот відэа «Пул першага»
Лукашэнка сёння вельмі доўга і на дзвюх розных нарадах гаварыў пра пакістанскіх мігрантаў, якіх ён збіраецца запрасіць у Беларусь. Відавочна, яго вельмі зачапіў рэзананс у сацыяльных сетках.
У гэтым рэзанансе Лукашэнка, як звычайна, абвінаваціў беларускую апазіцыю — нібыта гэта незалежныя СМІ напісалі, а не ён сам сказаў, пра 150 тысяч пакістанскіх мігрантаў для Беларусі. Палітык зноў абвінаваціў беларусаў у тым, што яны працуюць недастаткова добра і нараджаюць мала дзяцей. Паводле слоў Лукашэнкі, каб не прыцягваць мігрантаў, беларусы павінны нараджаць па трое-чацвёра, а то і пяцёра дзяцей.
Пасля гэтага Лукашэнка паспрабаваў супакоіць аўдыторыю. Ён заявіў, што будзе «прасвечваць» усіх мігрантаў, якія прыедуць у краіну. І загадаў адразу ж выслаць усіх, хто парушае закон. Лукашэнка даручыў кіраўніку Гомельскай вобласці Івану Крупко шукаць мігрантаў па ўсім свеце, запрашаць іх у рэгіён, даць ім працу і зямлю.
І тут ён раптам вырашыў параўнаць пакістанцаў з тымі, хто пратэставаў у 2020 годзе супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту беларусамі.
«Мы нікому не дазволілі за гэты час і не дазволім пераварочваць краіну. У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі», — з пэўнай крыўдай на беларусаў сказаў Лукашэнка. Падобна, што ў замене мігрантамі дзясяткаў, а то і соцень тысяч нязгодных з яго палітыкай беларусаў, якія былі вымушаныя выехаць, ён бачыць не толькі эканамічны, але і палітычны патэнцыял.
Дарэчы, у лістападзе 2024 года Лукашэнка прыляцеў у Ісламабад і напэўна адчуў флэшбэкі. У момант яго візіту пакістанская сталіца была акружаная пратэстоўцамі, а месца, дзе Лукашэнка сустракаўся з лідарам Пакістана, знаходзілася зусім побач з цэнтральнай плошчай, дзе адбывалася жорсткае супрацьстаянне мітынгоўцаў з паліцыяй.
Чытайце таксама:
Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»
Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?
Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура
Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы