У маладых жанчын з ЗША ўпершыню зафіксавалі больш запояў, чым у мужчын
З 2021 па 2023 год узровень спарадычнага ўжывання алкаголю (binge drinking) сярод маладых жанчын у ЗША ўпершыню перавысіў паказчыкі сярод мужчын таго ж узросту. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Journal of the American Medical Association, піша life.pravda.com.ua.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Даследчыкі прааналізавалі даныя 267 843 дарослых, якія ўдзельнічалі ў Нацыянальным апытанні па ўжыванні наркотыкаў і здароўі (National Survey on Drug Use and Health) за два перыяды: 2017-2019 і 2021-2023 гады.
Навукоўцы з Пітсбургскага ўніверсітэта хацелі вывучыць, як змяніліся гендарныя адрозненні ў частаце празмернага і рэгулярнага ўжывання алкаголю.
У 2017-2019 гадах паказчык эпізадычнага ўжывання алкаголю на працягу месяца быў значна ніжэйшы з жанчын, чым у мужчын: 22,6 супраць 29,2 выпадку на 100 чалавек. Сярод моладзі ва ўзросце 18-25 гадоў гэтыя лічбы складалі 36,4 у жанчын супраць 37,7 у мужчын.
Аднак у 2021-2023 гадах карціна змянілася.
Хоць у цэлым жанчыны працягвалі ўжываць менш алкаголю, чым мужчыны (21,8 супраць 25,7 на 100 чалавек), сярод жанчын ва ўзросце 18-25 гадоў зафіксавалі больш высокі ўзровень эпізадычнага п'янства, чым сярод мужчын — 31,6 супраць 29,9 на 100 чалавек.
Нягледзячы на рост binge drinking сярод маладых жанчын, паказчык цяжкага рэгулярнага ўжывання алкаголю (heavy drinking) застаецца ніжэйшым у жанчын ва ўсіх узроставых групах. У 2021-2023 гадах ён складаў 5,0 на 100 чалавек у жанчын і 7,8 у мужчын.
«Улічваючы рост выпадкаў алкагольнай хваробы печані і смяротнасці сярод жанчын у параўнанні з мужчынамі, дактары павінны старанна праводзіць скрынінг на празмернае ўжыванне алкаголю сярод маладых жанчын, каб паменшыць рызыкі для здароўя ў будучыні», — адзначаюць аўтары даследавання.
Варта адзначыць, што binge drinking — гэта не штодзённае п'янства, а перыядычнае празмернае ўжыванне спіртнога. У ЗША «запоем» лічаць спажыванне такой колькасці алкаголю, якое павышае канцэнтрацыю алкаголю ў крыві да 0,08% і вышэй (5+ стандартных напояў для мужчын ці 4+ стандартных напояў для жанчын).
Чытайце таксама:
Трамп паабяцаў увесці мыты ў 200% на еўрапейскі алкаголь
Эфект дня нараджэння. Чаму верагоднасць памерці ў гэты дзень вышэйшая, чым у любы іншы
Продажы шампанскага ў свеце падаюць. Прычына — змена звычак і палітычная нестабільнасць
Вытворцы алкаголю панікуюць: моладзь да 25 гадоў амаль не п’е, прычым ва ўсіх краінах