Аказваецца, экс-супрацоўніц Tut.by Лойку і Таўкачову ўжо асудзілі завочна. Але няясна як
Былыя супрацоўніцы Tut.by — галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка і палітычная карэспандэнтка Алена Таўкачова — унесеныя ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў. Пры гэтым адзначаецца, што іх прысуд уступіў у сілу.
Вольга Лойка, Алена Таўкачова і Кацярына Ткачэнка
Завочны працэс адбыўся 4 лютага 2025 года, але раней пра вынікі завочнага суда над экс-супрацоўніцамі Tut.by публічна не паведамлялася. Акрамя Вольгі Лойкі і Алены Таўкачовай, сярод абвінавачаных была таксама колішняя юрыдычная кансультантка партала Кацярына Ткачэнка.
Судзіць жанчын павінна была Алена Шылько з Мінскага гарадскога суда.
Жанчын абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы),
- ч. 2 арт. 243 (у старой рэдакцыі КК — ухіленне ад выплаты падаткаў),
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
Адносна Лойкі і Таўкачовай у «экстрэмісцкім спісе» згадваюцца толькі ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361.
Ці асудзілі Ткачэнку, а калі асудзілі, то па якіх артыкулах, невядома, аднак яе прозвішча ў «экстрэмісцкім спісе» няма.
Якія менавіта завочныя прысуды вынеслі былым супрацоўніцам Tut.by, невядома, бо ад пэўнага часу ўлады змянілі тактыку і замест публічнага абвяшчэння вынікаў судоў трымаюць іх у таямніцы. Нават іх фігуранты звычайна даведваюцца пра тое, колькі чаго ім прысудзілі, ад трэціх асоб і выпадкова.
Чытайце таксама:
Брэсцкага рэстаратара будуць завочна судзіць за ўхіленне ад падаткаў
Вынеслі буйныя завочныя прысуды групе байцоў-каліноўцаў — аж да 20 гадоў