«Каб Перамога засталася неабгаджанай тым, што кажуць на Захадзе». Што пакажуць у тэатрах да 9 Мая
Да 80-годдзя з Дня перамогі беларускія тэатры, як і многія іншыя ўстановы, пачалі рыхтавацца загадзя. Пастаноўка пра катаванні з эфектам поўнага паглыблення, спектакль з міністрам культуры ў адной з роляў… Што яшчэ будуць паказваць гледачам?
Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы да круглай даты падрыхтаваў прэм’ерны спектакль-рэквіем «Вера» — па п’есе мясцовай пісьменніцы Зінаіды Дудзюк.
«Аднакласнікі Вера і Юрка толькі ўступаюць у дарослае жыццё, але ўжо вымушаныя сутыкнуцца з жахамі Вялікай Айчыннай вайны. Дзеля сваёй краіны ім даводзіцца развітацца з марамі юнацтва. Каб нароўні са старэйшымі таварышамі бараніць родныя землі ад фашысцкіх захопнікаў», — акрэсліваюць сюжэт у анонсе.
Паказы адбудуцца 2, 7, 8 і 22 мая.
А вось Гомельскі абласны драмтэатр абраў сабе за аснову п’есу рускага драматурга Віктара Розава «Вечна жывыя». Тая самая, па якой здымалі фільм «Ляцяць журавы». Спектакль гамельчукоў мае такую ж назву, як і кінастужка.
Падобная сітуацыя з выбарам твораў і ў Гомельскім моладзевым тэатры: тут узялі расказ рускага пісьменніка-фантаста Кіра Булычова «Можна папрасіць Ніну?».
Тэматычны спектакль «Радавыя» ў Тэатры-студыі кінаакцёра падрыхтавалі загадзя, яшчэ летам-2024-га. Гістарычная драма па п’есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава магла б быць проста асвежанай версіяй таго, што стваралі на яе аснове яшчэ ў СССР, і рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў сапраўды ўнёс сюды сваю разыначку. Праўда, досыць спецыфічную.
«Адчуванне вайны ў генах нашага народа, і ён ведае сэнс гэтай вайны і сэнс Перамогі. І нежаданні ніколі не развітацца з гэтай Перамогай. І прыкласці максімум высілкаў для таго, каб гэтая Перамога засталася неабгаджанай тым, што кажуць па гэтай нагодзе на Захадзе», — суправаджае рэжысёр афішы сваёй мудрасцю.
Фота: teatrkinoaktera.by
З улікам асноўнай мэтавай аўдыторыі пасыл укладваецца ў дзяржаўную ідэалогію. Найперш «Радавых» у маі будуць паказваць калектывам Моладзевай рады (парламента), Нацыянальнага банка і прадстаўніцтву Рассупрацоўніцтва ў Беларусі.
У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вырашылі падысці да вайсковай тэматыкі творча, падрыхтаваўшы імерсіўны спектакль паводле твора «Маладая гвардыя» Аляксандра Фадзеева. Імерсіўны — значыць, з поўным паглыбленнем. Страшна ўявіць, з якім экспірыенсам будуць выходзіць гледачы з залі, з улікам, што герояў твора Фадзеева катавалі і пакаралі смерцю.
Свой спектакль падрыхтавалі нават студэнты Акадэміі кіравання пры Лукашэнку. Што цікава, пляцоўку для беларускамоўнай пастаноўкі «Калі б камяні маглі гаварыць» даў Беларускі тэатр юнага гледача, які ўзначальвае Вера Палякова-Макей. Яна ж і курыруе гэты праект.
Пры гэтым спектакль па матывах аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада» ў Тэатры юнага гледача з 2022 года ідзе па-руску. Адзначаецца, што русіфікацыя ўстановы пачалася з прыходам туды акурат жонкі Макея.
Пры жаданні пабачыць дзейнага міністра культуры ў акцёрскай справе можна купіць квіткі на дакументальную драму «Горкі хлеб». «Калі мы сеем дабро — то яно вяртаецца, калі зло — яно разрастаецца. Выбар заўсёды робім мы самі», — коратка сведчыць анатацыя. Сам Руслан Чарнецкі па сваім прызначэнні ўзяў курс на паляванне на ворагаў у беларускай культуры.
Яшчэ адзін спектакль, да якога мае дачыненне Руслан Чарнецкі, — гістарычная меладрама «Без тэрміну даўнасці». Ён яшчэ ў 2024 годзе атрымаў ад Лукашэнкі прэмію «За духоўнае адраджэнне». Менавіта таму дырэктар Моладзевага тэатра эстрады разлічвае, што гэтая пастаноўка будзе галоўнай у 80-годдзе з Дня перамогі. Дзейны міністр культуры раней граў тут галоўную ролю — маёра Святлова, вайсковага контрразведчыка.
Фота: estrada.by
Замяняў Чарнецкага ў пастаноўцы «Без тэрміну даўнасці» Арцём Пінчук, які з нядаўняга часу працуе ў Тэатры беларускай арміі ў якасці мастацкага кіраўніка. Пад яго кіраўніцтвам і рабіўся прэм’ерны спектакль-канцэрт «Каб было заўтра». У аснове — лісты з фронту, успаміны блакаднікаў, вершы і песні.
Сваё прачытанне падзей 80-гадовай даўніны падрыхтаваў і Вялікі тэатр Беларусі. «Імпрэза ў сінтэтычным жанры з рысамі оперы, сімфоніі, балета, пластычнай драмы, містэрыі, мультымедыйнага светлавога шоу» — менавіта так апісваюць праект «Патэтычны дзённік памяці», створаны з твораў беларускіх кампазітараў і дакументальных сведчанняў.
Рэжысёрка Ганна Маторная заняла ў ім усе калектывы тэатра: трупы оперы, балета, хору, Дзіцячага музычнага тэатра-студыі — больш за 250 чалавек.
Паказваць праект найперш будуць 1 мая ў сценах мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Уваход на імпрэзу зрабілі свабодным.
Найбольш нестандартна да тэмы, здаецца, падышоў Гродзенскі тэатр лялек. «Звыклыя асацыяцыі з вайной — касцюмы салдатаў і баявыя сцэны — у «Ценях Перамогі» наўмысна адсутнічаюць. Замест гэтага гледачы сталі сведкамі аповедаў ценяў — людзей, якіх не стала ў час Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя цені блукаюць па разбураных месцах і дзеляцца сваімі гісторыямі, прымушаючы задумацца пра трагедыю і каштоўнасць чалавечага жыцця», — распавёў рэжысёр Валер Карышаў.
На сцэне Купалаўскага тэатра тым часам цягам мая будзе ісці чарговы, трэці па ліку, фестываль «Перамога». Акрамя вядомых раней спектакляў, якія ўжо замацаваліся ў рэпетуарах беларускіх тэатраў, у афішы ганарацца тым, што «ўпершыню ў якасці госця прыедзе Нацыянальны драматычны тэатр Расіі (Александрынскі тэатр) з Санкт-Пецярбургу з дакументальным монаспектаклем «Блакадны дзённік Александрынкі»».
Большасць пастановак у афішы — рускамоўныя, акрамя «Хатыні» РТБД (у іх жа рэпертуары, дарэчы, маецца «Альпійская балада» па Быкаве), гродзенскага «Сымона-музыкі» і ўласна купалаўскіх «А зоры тут ціхія» і «Брамы неўміручасці» ў прачытанні Вольгі Няфёдавай.
Чытайце таксама:
Тэатр Веры Паляковай паставіў пераасэнсаваную гісторыю Рагнеды. Цяпер ва ўсім вінаваты Рагвалод