БЕЛ Ł РУС

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам

1.05.2025 / 16:55

Nashaniva.com

30 красавіка ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця хакейнага сезона. Паглядзелі, на якіх аўтамабілях туды прыязджалі госці.

Вядучыя Кацярына Антонава і Цімафей Іванчыкаў. Тут і далей скрыншоты трансляцыі

Госці з'язджаліся да рэстарана «Лебядзіны» каля вадасховішча Дразды. Вялася трансляцыя — адчувалася, як рэжысёры цырымоніі хацелі прадэманстраваць шыкоўныя аўтамабілі, на якіх прыязджалі топавыя спартсмены і розныя функцыянеры.

Рэстаран «Лебядзіны»

Першым прыбыў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч. Вядучыя падкрэслілі: гэта не госць, а гаспадар мерапрыемства. Яго прывезлі на Hongqi E-HS9 — флагманскім электракрасоверы кітайскага прэміум-брэнда Hongqi. Гэты люксавы аўтамабіль часта называюць кітайскім Rolls-Royce.

Аляксандр Багдановіч прыехаў на Hongqi E-HS9

Разам з Багдановічам з машыны выйшаў генеральны сакратар федэрацыі Андрэй Башко.

Сенатар Дзмітрый Баскаў вырашыў не падтрымліваць няхай і люксавыя, але ж кітайскія аўтамабілі, і прыехаў на чорным Bentley Continental GT. Пры гэтым, за рулём сядзеў ён сам. Вядучыя прэзентавалі Баскава як заканадаўцу мод.

Баскаў абраў Bentley Continental GT

Сярод мінскіх кампаній, якія здаюць аўтамабілі ў арэнду, амаль няма прапаноў арэнды Bentley без кіроўцы — тым больш, калі аўтамабіль патрэбны ўсяго на некалькі гадзін. Арандаваць аналагічны Bentley на дзень каштуе ад 1138 рублёў.

Але здаецца, гэта ўсё ж не звычайны арэндны аўтамабіль, бо шмат пытанняў выклікае танаванне яго вокнаў. Згодна з беларускімі правіламі лабавое шкло можа быць затаніравана так, каб святлопрапусканне складала не менш за 75%, а пярэдняе бакавое шкло (з боку вадзіцеля і пярэдняга пасажыра) — не менш за 70%. Тут таніроўка выглядае значна цямнейшай.

Прэміяльны Mercedes-Maybach GLS для сям'і Эйсмантаў

Наталля і Іван Эйсманты прыбылі на прэміяльным Mercedes-Maybach GLS 600 з палепшаным раскошным аздабленнем і дадатковымі функцыямі. Дарэчы, набыць аналагічны Maybach у Мінску можна прыблізна за 380 тысяч даляраў. Мадэль эксклюзіўная, проста ў пракаце такую не знойдзеш.

Наталлі Эйсмант, дарэчы, якая купіла кватэру ў ЖК «Алімпік парк», да рэстарана ісці пешшу зусім недалёка, але статус абавязваў прыбыць на аўто.

Rolls-Royce Silver Wraith для Васіля Дземчанкі

Васіль Дземчанка, брамнік мінскага «Дынама», прыехаў на рэтрааўтамабілі Rolls-Royce Silver Wraith. Аналагічныя аўто знайсці ў пракаце складана, а цэны на рэтрааўтамабілі лятуць у космас: арэнда на суткі каштуе ад 2240 рублёў.

Каманду «Юнацтва-Мінск» прывезлі на лімузіне Cadillac Escalade

Каманду «Юнацтва-Мінск» прывезлі на лімузіне Cadillac Escalade. Гадзіна арэнды такога каштуе ад 250 да 400 рублёў.

Але найбольш дзіўна на спартыўна-свецкім мерапрыемстве, мабыць, выглядаў лімузін-карэта. Створаны гэты цуд інжынернай думкі на базе Chrysler PT Cruiser. Вялізныя вокны нагадваюць вітрыны вясельнага салону, шторы быццам бы часова пазычылі ў Палацы Незалежнасці, а дэкор на кузаве выклікае ўстойлівыя асацыяцыі з тортам.

Карэта-лімузін

Прывезла карэта не Папялушку, а хакеістаў Алега Качалоўскага, Уладзіслава Мартынюка і Марка Рудакоўскага. Дарэчы, арэнда такога незвычайнага лімузіна ў Мінску каштуе 179 рублёў за гадзіну (калі арандаваць менш, чым на тры гадзіны) і 200 рублёў, калі трэба проста адвезці з пункту А ў пункт Б.

Чытайце таксама:

Мальдывы, Занзібар і Італія: куды панесла адпачываць прыхільнікаў Лукашэнкі

Якімі кватэрамі і аўтамабілямі валодае сям'я Эйсмантаў?

Наталля Пяткевіч прыйшла на інаўгурацыю Лукашэнкі ў жакеце ад Gucci

Каментары да артыкула