Падазронага актывіста-стукача Паўла Бялюціна прывезлі з Турцыі
Прапагандысты паведамілі пра арышт і экстрадыцыю ў Беларусь Паўла Бялюціна — экс-актывіста «Народнай грамады», які ў 2017-м напісаў данос на Мікалая Аўтуховіча. Былы палітвязень і былы паплечнік Аўтуховіча Сяргей Марцалеў прааналізаваў, у якой краіне затрымалі Бялюціна.
Павел Бялюцін. Скрыншот: FreeInfoBel / Youtube-канал
Пра тое, што Бялюцін знік у Польшчы, стала вядома 24 красавіка. Паводле слоў яго жонкі, апошні раз актывіст выходзіў на сувязь за два тыдні да таго.
Марцалеў мяркуе, што Бялюціна затрымалі ў Турцыі. Пра гэта паплечнік Аўтуховіча напісаў у фэйсбуку.
Марцалеў прапануе параўнаць фота са Стамбульскага аэрапорта і скрын з фільма прапагандыстаў, у якім расказвалася пра затрыманне Бялюціна:
Злева — фільм БТ, справа — Стамбульскі аэрапорт
Абноўлена: Прапаганда сцвярджае, што чалавек у чорным у аэрапорце Стамбула — Бялюцін. Скрыншот: БТ
На відэа Бялюцін ідзе на пасадку нібыта добраахвотна.
Ёсць і іншыя прычыны думаць, што Бялюціна затрымалі ў Турцыі, піша Марцалеў:
«Бялюцін шмат гадоў вёў з туркамі бізнэс, набываючы мужчынскае дзелавое адзенне, якое потым рэалізоўваў у розніцу на рэчавым кірмашы пад Мінскам. У яго ў Турцыі ўстойлівыя дзелавыя і таварыскія сувязі. У Еўрасаюзе пасля дэпартацыі з Літвы зрабіць гэта было б нашмат складаней.
Аднак Турцыя лічыцца адной з найбольш небяспечных краін для нашых палітуцекачоў. Рэжым Эрдагана даўно супрацоўнічае з Лукашэнкам. Калі інфармацыя слушная, то гэта папярэджанне для нядбалых аматараў пляжаў Анталлі і танных імплантаў».
У 2024-м «Кіберпартызаны» ўзламалі базу даносаў у КДБ, і тады стала вядома пра данос Бялюціна на Аўтуховіча. Марцалеў сцвярджае, што яшчэ ў 2020-м Аўтуховіч падазраваў яго ў стукацтве.
Чытайце таксама:
КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома
Стукач з «Грамады», які летась спрабаваў пралезці ў Каардынацыйную раду, паехаў у Польшчу і прапаў