Як беларусам за мяжой скасаваць шлюб, не вяртаючыся на радзіму? Спыталі ў юрысткі
І ці можа адзін з сужэнцаў развесціся ў Беларусі без удзелу іншага?
Фота: Karl Tapales Getty Iimages
На гэтыя пытанні адказала Альвіна Мінгазава. Раней яна была адвакаткай у Беларусі, а цяпер працуе юрысткай адвакацкага бюро Król Mazurek у Польшчы.
Адзін з самых простых варыянтаў скасаваць шлюб, які дасяжны беларусам замежжа, — гэта праз консульства Беларусі. Консульскія ўстановы ажыццяўляюць функцыю ЗАГСаў, то-бок рэгіструюць акты грамадзянскага стану. Але разводзіцца праз консульства можна тым парам, якія не маюць дзяцей ці нейкіх маёмасных спрэчак.
«Гэты варыянт не падыдзе для сітуацыі, калі муж ці жонка маюць міжнародную абарону (уцякацтва або дадатковую абарону) у Польшчы», — звяртае ўвагу на важны нюанс Альвіна Мінгазава.
Наколькі ж рэальна скасаваць беларускі шлюб, калі ты сам не можаш прыехаць у краіну? Юрыстка кажа: цалкам рэальна.
Іск можна скласці і адправіць па пошце, прыклаўшы да яго ўсе неабходныя дакументы. Судовае пасяджэнне будзе прызначанае праз 3 месяцы — гэта тэрмін на прымірэнне, які прадугледжаны законам. На працягу гэтага часу неабходна скласці даверанасць у краіне свайго знаходжання. Даверанасць можа быць на блізкага сваяка (бацькі, дзеці, браты, сёстры) або на адваката, які будзе прадстаўляць вашы інтарэсы ў судзе. На даверанасць неабходна паставіць апастыль. Пасля гэтага адправіць у Беларусь і зрабіць пераклад на беларускую ці рускую мову.
«Прадстаўнік істца будзе ў судовым пасяджэнні падтрымліваць іскавыя патрабаванні. Адказчык, у сваю чаргу, павінен загадзя адправіць хадайніцтва ў адрас суда з просьбай аб разглядзе справы ў яго адсутнасць. Суд разгледзіць справу, і пасля ўступлення ў сілу рашэння суда прадстаўнік істца зможа яго забраць. Больш за тое, артыкул 282 Грамадзянска— працэсуальнага кодэкса дазваляе істцу прасіць суд разгледзець справу ў яго адсутнасць. Аднак заўсёды ёсць рызыка, што суд не задаволіць гэтае хадайніцтва, таму я б заўсёды трымала даверанасць побач».
Юрыстка адзначае: беларускія суды прымаюць такія даверанасці без абмежаванняў, бо нашумелы ўказ Лукашэнкі абмяжоўвае выкарыстанне замежных даверанасцей толькі для пэўных адміністрацыйных працэдур.
Развесціся ў той краіне, дзе ты цяпер жывеш, таксама магчыма (так, напрыклад, рабіла беларуская спартсменка Крысціна Ціманоўская). Паколькі Альвіна Мінгазава працуе ў Польшчы, яна можа распавесці толькі пра тое, як гэта адбываецца там.
«Неабходна зрабіць транскрыпцыю пасведчання аб рэгістрацыі шлюбу, гэта значыць «увесці» беларускае пасведчанне аб шлюбе ў польскую сістэму актаў грамадзянскага стану. Іск падаецца ў акругу па апошнім сумесным месцы жыхарства сям'і, калі хаця б адзін з пары там яшчэ пражывае. У іншых выпадках — па месцы жыхарства адказчыка. Калі яго нельга вызначыць, то па месцы жыхарства істца. Да іску неабходна прыкласці неабходныя дакументы, якімі вы абгрунтоўваеце свае довады. Як мінімум odpis skrócony aktu małżeństwa (скарочаны выпіс з акта аб шлюбе). Калі ёсць дзеці, то odpis skrócony aktu urodzenia (скарочаны выпіс з акта аб нараджэнні). А таксама копіі ўсіх дакументаў па справе для адказчыка».
Зніклая спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава расказвала, што яны з мужам развяліся. Ці мог бы ён юрыдычна развесціся без яе ўдзелу падчас адной са сваіх паездак у Беларусь? Такое магчыма ў парадку завочнай вытворчасці, адказвае юрыстка, — калі адказчыку належным чынам паведамілі пра час і месца судовага пасяджэння, але ён не апавясціў пра паважныя прычыны няяўкі, або калі суд прызнае, што адказчык наўмысна зацягвае вядзенне па справе.
Альвіна Мінгазава тлумачыць, што лічыцца належным апавяшчэннем. Суд адпраўляе пастанову суда аб завядзенні грамадзянскай справы і паведамляе адказчыку аб даце разгляду справы. Калі ў іску ўказаны адрас рэгістрацыі адказчыка ў Беларусі, то суд адправіць дакументы па гэтым адрасе. Такі заказны ліст павінен узяць сам адказчык і паставіць подпіс. Але такі ліст можа атрымаць нехта іншы, хто жыве па тым жа адрасе. Для суда гэта будзе лічыцца належным апавяшчэннем.
«Копія завочнага рашэння суда высылаецца адказчыку, істцу і іншым юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам. Адказчык мае права падаць у суд, які прыняў завочнае рашэнне, іск аб адмене гэтага рашэння на працягу дзесяці дзён з дня ўручэння яму копіі рашэння. Гэта значыць, калі справа была разгледжана і адказчык аб гэтым не ведаў, то ён можа гэтае рашэнне адмяніць».
Што рабіць пасля разводу тым беларусам, якія хочуць шлюб з іншым чалавекам — у той жа Польшчы, напрыклад? Юрыстка адказвае, што ў гэтым выпадку галоўнае — мець рашэнне суда з Беларусі аб скасаванні шлюбу і яго прысяжны пераклад.
«Складанасці могуць узнікнуць з даведкай з беларускага консульства аб тым, што ў чалавека няма перашкод для ўступлення ў шлюб. Яе не могуць узяць асобы, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай. Тады трэба звяртацца ў польскі суд і прасіць яго вызваліць чалавека ад неабходнасці прадставіць гэту даведку».