Грамадства3131

«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады

Яшчэ да пачатку выбараў спікера ў Каардынацыйную раду 3 склікання фаварыт быў відавочны — Анжаліка Мельнікава з каманды Паўла Латушкі. Былая топ у «Кока-Коле», яна рашыла пайсці ў палітыку. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Анжаліка расказала пра сябе: пра вучобу ў беларускамоўнай школе, званок ад міністра ў 2020-м, амбіцыі і прадузятае стаўленне, з якім сутыкалася.

Анжаліцы Мельнікавай 37 гадоў. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. З 2011 па 2018 гады працавала ў «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», апошнія два з іх — была намесніцай генеральнага дырэктара. Пасля сышла ў дэкрэтны адпачынак. Выхоўвае дзвюх дачок — 12 і 5 гадоў. Фота тут і далей: з архіву Анжалікі Мельнікавай, НАУ

ЦТ па беларускай мове на 96 балаў і Coca-Cola Zero

Анжаліка родам з Нясвіжа. Вучылася там у беларускамоўнай гімназіі. 

«Вельмі любіла беларускую мову і літаратуру, бо наша класная кіраўніца была настаўніцай менавіта гэтых прадметаў», — дзеліцца яна.

На ЦТ Анжаліка, дарэчы, таксама здавала беларускую мову — атрымала 96 балаў. Адвучылася на бясплатным у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на спецыяліста па сувязях з грамадскасцю.

На іх спецыяльнасці выпускнікам тады выдалі свабодныя дыпломы, і Анжаліка разаслала сваё рэзюмэ ў вядомыя кампаніі. У «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» акурат быў патрэбны чалавек з яе спецыяльнасцю.

«Я прайшла некалькі этапаў сумоўя. Было тэставанне на веданне граматыкі англійскай мовы, пасля аўдзіраванне — будучая кіраўніца прадыктавала мне бізнэсовы тэкст на рускай мове, а мне трэба было перадаць яго па-ангельску. На фінальным этапе інтэрв’ю пыталіся пра жыццёвыя погляды, што я люблю чытаць, каб зразумець, ці маю камунікатыўныя навыкі».

Праўда, не ўсе паверылі, што маладая дзяўчына змагла сама ўладкавацца ў такую вядомую кампанію.

«Адзін са сталых людзей, які працаваў там даўно, прыйшоў да мяне, сеў насупраць і кажа: «Ну, чыя ты?» Я здзівілася: думала, што кумаўство можа быць толькі на нейкіх дзяржаўных прадпрыемствах. Той супрацоўнік сказаў: «Не ведаю, як ты магла так сюды прыйсці, але нават жонка Санакі Самарасінхі (былога прадстаўніка ПРААН у Беларусі — «НН») не прайшла інтэрв’ю, на другім этапе адсеялася». 

У 2016-2018 гадах Анжаліка была намесніцай генеральнага дырэктара кампаніі па сувязях з грамадскасцю. Апроч распрацоўкі бізнэс-планаў, яна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах з дзяржаўнымі чыноўнікамі («Кока-Кола» была ў кансультатыўнай радзе па замежных інвестыцыях). Анжаліка згадвае, як хадзіла ў Міністэрства ЖКГ з ініцыятывай па перапрацоўцы бутэлек — «Кока-Кола» хацела ўвесці дэпазітную сістэму, каб чалавек даплачваў за ўпакоўку, а пасля здаваў яе за грошы на перапрацоўку.

«Заходжу — а там сядзяць дзядзькі за 60 у шэра-зялёных пінжаках. І чытаюць са сваіх нататнікаў падрыхтаваны тэкст. А я прыйшла энергічная, з прапановамі, з прыгожай прэзентацыяй. Мне падалося, у першыя хвіліны яны не маглі паверыць, што я магу нешта расказваць, — такая бландзінка 26-27 гадоў. А потым яны адкрылі зноў свае нататнікі і сталі запісваць за мной».

Анжаліка расказвае, што і яна, і муж-айцішнік у Беларусі добра зараблялі. Пабудавалі кватэру, маглі адпачываць сям’ёй некалькі разоў на год. Кампанію жанчына пакінула, калі была цяжарная другой дачкой — рашыла заняцца сям’ёй.

Усміхаецца і кажа, што «Кока-Колу» п’е дагэтуль.

«П’ю Coca-Cola Zero, бо сачу за сваёй фігурай. І мае дзеці таксама п’юць. Паверце, чым буйнейшы брэнд, чым гучнейшае імя, тым большыя патрабаванні да якасці прадукцыі, стражэйшыя нормы на вытворчасці», — бароніць брэнд Анжаліка.

«У 2020-м пазваніў міністр, запрашаў прыехаць, каб мне ўсё расказаць»

Да 2020-га Анжаліка, як і многія, палітыкай асабліва не цікавілася і галасаваць на ранейшых выбарах не хадзіла. Калі пачаліся пратэсты, яна была ў Нясвіжы, куды перабралася на час каранавіруса.

Узрушаная гвалтам на вуліцах, яна выказвалася ў сацсетках, запісвала відэазварот да старшыні Нясвіжскага гарвыканкама. Ёй тады пазваніў Уладзімір Вашчанка, на той момант міністр па надзвычайных сітуацыях. Яны былі знаёмыя, бо «Кока-Кола» рабіла з ведамствам сумесныя праекты.

«Ён мне казаў: «Анжаліка, куды ты лезеш? Што ты робіш, ты ж нічога не ведаеш». А што я павінна ведаць, у мяне што, вачэй няма? Калі людзі ў Нясвіжы, з якімі мы раслі разам, высыпалі з гэтага аўтазака і збілі сваіх жа суседзяў. Ніхто ж там не быў з пісталетам і кактэйлем Молатава. Проста збілі людзей, нібыта псам сказалі «фас».

Вашчанка запрашаў мяне паехаць у Мінск, абяцаў за кавай усё расказаць. А ў мяне такі страх быў — пастаянна бобікі ездзяць, кагосьці затрымліваюць. Кажу: «Не, дзякуй. Я не хачу адразу адтуль паехаць за краты».

Жанчыну два разы штрафавалі па адміністрацыйных справах (адправіць на суткі не маглі, бо малыя дзеці). Першая адміністратыўка была за вялікі марш 16 жніўня ў Мінску. Калі пасля яго натхнёная Анжаліка вярнулася ў Нясвіж, то заклікала гараджан на наступны марш паехаць у сталіцу разам і прапаноўвала завезці ахвотных на сваім аўто. Па дарозе на наступны нядзельны марш яе і затрымалі.

«З аўтаматам спынілі машыну, праводзілі да мясцовага РАУС. І там спыталі: «Вы разумееце, што не было дазволу Мінгарвыканкама, каб ладзіць такі марш?» Памятаю свой адказ: «Я разумею, што парушыла ваш закон, з якім я не згодная, і калі б мне давялося яшчэ раз прыняць рашэнне, я б яшчэ раз паехала на гэты марш». Мяне папярэдзілі, каб больш нідзе не ўдзельнічала».

Другая адміністратыўка была за велапрабег са сцягамі ў нясвіжскім парку — ролік з яго гараджанкі выклалі ў тэлеграм.

Пасля таго, як Анжаліка дала інтэрв’ю пра пратэсты ў малых гарадах, ёй зацікавіліся ў сталіцы. Жанчыне перадалі праз знаёмых, што ў Нясвіж прыязджалі следчыя з Мінска і забралі ўсе дакументы актывістаў — у тым ліку яе. Анжаліка тады была яшчэ і адміністратарам чата — прызнаецца, што вельмі перапалохалася і падумала, што будзе лепш за ўсё пакінуць краіну на нейкі час.

У верасні 2020-га яны сям’ёй выехалі ў Кіеў. 

«Тады ў нас не было візы, плюс каранавірус — немагчыма проста так паехаць за мяжу. І паколькі мой муж — айцішнік, яму зрабілі джоб-офер праз украінскую кампанію. Там мы некалькі месяцаў пражылі. Я два месяцы не распакоўвала сумак, бо здавалася, што розум пераможа і мы ўсе вернемся дадому.

Потым мы паехалі ў Польшчу па ІТ-праграме Poland. Business Harbour. Яшчэ адна прычына, чаму мы выбралі Польшчу — у мяне польскія карані. Я адразу атрымала тут пастаянны дазвол на жыхарства. Не мела карты паляка, заўсёды адчувала сябе беларускай, але ў бацькі былі дакументы, дзе пазначана, што бабуля з’яўляецца полькай», — тлумачыць жанчына.

«Можа, ты б пафарбавала валасы ў цёмны колер?»

Сям’я нейкі час жыла ў Беластоку. Анжаліка займалася дзецьмі і паралельна вучылася — праектнаму менеджменту ў ІТ, польскай мове.

«У Беластоку я працавала з фондам «Беларусь 2020». Я згаладалася па працы. Мы з сяброўкай Марынай Ляшчэўскай дапамагалі ўцекачам. І калі яшчэ жыла ў Беластоку, я дапамагала камандзе Латушкі — пісала тэксты, рабіла пераклады. Я планавала пераехаць у Варшаву.

Яшчэ са свайго жыцця ў Беларусі я ведала Лену Жываглод, іх каманда была нашым падрадчыкам, рабіла маркетынгавыя мерапрыемствы для «Кока-Колы». І калі яна пакінула Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, я заняла месца праектнага менеджара», — расказвае Анжаліка, як у 2022-м далучылася да НАУ. Кажа, што яе запрасілі ў каманду, паколькі яна магла размаўляць на сустрэчах з партнёрамі і па-польску, і па-ангельску, і па-беларуску.

З прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам

Эфектная бландзінка, у палітыцы яна пару разоў сутыкалася з прадузятым стаўленнем да сябе праз выгляд.

«Можа, жартам, але мне сказаў адзін мужчына: «Анжаліка, можа, ты б пафарбавала валасы ў цёмны колер? У цябе ж галава разумная, добра працуеш. А з першага погляду — бландзінка ў шакаладзе». Я адказала, што Іванка Трамп і Урсула фон дэр Ляен таксама бландзінкі і гэта ім не перашкаджае быць у палітыцы».

Іншую заўвагу Анжаліка пачула ад жанчыны, якая шмат гадоў у дэмакратычным руху: «У цябе ж дзеткі, займайся імі. Чаго ты лезеш у палітыку?».

«Я адказала ёй, што, па-першае, дзеці дысцыплінуюць, і ў мяне няма праблемы з тайм-менеджментам. А па-другое, я вельмі спадзяюся, што нашы людзі, якія змагаюцца за дэмакратычную незалежную дзяржаву, не будуць навешваць лэйблы і лічыць, што пасля таго, як жанчына ўступіла ў шлюб і нарадзіла дзяцей, яна не можа змагацца за будучыню сваіх дзяцей і быць актыўнай у бізнэсе і палітычным жыцці».

«Усе пасяджэнні буду весці на беларускай мове»

Чаму яна рашыла пайсці ў спікеры Каардынацыйнай рады, нягледзячы на магчымыя пагрозы з боку беларускіх уладаў?

«Гэтыя пагрозы былі і раней. Як кажа Павел Паўлавіч [Латушка], калі ёсць ужо пяць [крымінальных] спраў, то няма сэнсу іх лічыць. Мы ў барацьбе, і назад дарогі няма. І я такі чалавек: калі ўжо ўзяў меч, то сячы. Я пайшла ў КР не толькі таму, што я такая смелая, але і таму, што разумела, што гэта будзе не прызначаны, а абраны орган.

Калі Павел Паўлавіч прапанаваў мне стаць чаліняй спісу, то я адразу пагадзілася. Таму што, па-першае, я паважаю Паўла Паўлавіча як чалавека, дыпламата, мэтанакіраванага прафесіянала. І я падумала, што ён дапаможа навесці шораху ў Каардынацыйнай радзе ў пазітыўным сэнсе. Ён можа прымусіць працаваць гэту структуру. А па-другое, я бачу перспектыву развіцця Каардынайцыйнай рады як інстытута, альтэрнатыўнага парламенту Лукашэнкі».

Анжаліка Мельнікава і Святлана Ціханоўская

Анжаліка лічыць, што так яна зможа змагацца за свабоду палітвязняў, аднаўленне справядлівасці, незалежнасць нашай краіны.

Ці не адгаворваў муж ісці ў палітыку? 

«Ён вельмі хутка перастаў падтрымліваць маю актыўнасць і раздзяляць погляды. Мы развяліся. І цяпер нават не размаўляем пра палітыку. З другога боку, мы разам клапоцімся аб дзецях, і я з павагай стаўлюся да яго як да бацькі сваіх дачок, а ён да мяне — як да маці. У нас нармальныя цывілізаваныя адносіны. Шчыра, мне пакуль цяжка гаварыць аб гэтым, хоць развяліся больш за год таму», — дзеліцца Анжаліка.

У беларускай апазіцыі яна сімпатызуе Паўлу Латушку і Уладзіміру Астапенку: «Дасведчаныя дыпламаты, якія ведаюць, як наладзіць працэсы эфектыўна».

З Уладзімірам Астапенкам, былым паслом у Аргенціне, а цяпер выканаўцам абавязкаў прадстаўніка па замежных справах у Аб'яднаным пераходным кабінеце 

А на пытанне, якое хвалявала некаторых каментатараў «Нашай Нівы» — на якой мове будуць паседжанні КР, — адказвае:

«Я беларуска, я люблю сваю радзіму і сваю мову, і ўсе пасяджэнні і звароты ад імя КР буду рабіць на беларускай мове.

Каментары31

  • ВМХ
    12.07.2024
    Мая павага разумнай жанчыне, якая любіць свой край, думае пра будучыню краіны і сваіх дзяцей. Мацнее вера, што ў нас усё будзе добра.
  • Яська-гаспадар
    12.07.2024
    Прыемна ведаць, што маем такіх людзей на сваім баку. Разам да перамогі!
  • Чалец
    12.07.2024
    Ну зразумела зараз: развялася і з дэпрэсухі вырашыла стаць галоўнай чаліняй нікому непатрэбнай грантавай структуры па легітымізацыі Ціханоўскай сярод яе 6000 актыву.
    Але прыгожая - я б заданаціў!

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа7

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі восем немаўлят да года наведваюць дзіцячы сад1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем12

Мінчанка расказала, дзе пазнаёміцца з перспектыўнымі хлопцамі ў сталіцы14

Ціханоўскі насмажыў катлет на фестывалі «Тутака»44

Наколькі дакладна можна прадказаць надвор'е на месяц? І чаму дагэтуль не папярэджваюць пра тарнада за дзень?5

З'явіцца новая дзяржава — Новая Каледонія3

Заробак 73 рублі? На заводзе патлумачылі, адкуль у іх такія вакансіі

Француз пераехаў з Ніцы ў Мінск і адкрыў пякарню12

У Мінску купілі дом за 3 мільёны даляраў. Ён у тым раёне, дзе жыве Эйсмант1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа7

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць