Без песняў Меладзэ і ў форме: як пройдуць выпускныя ў школах і дзіцячых садках
Зусім малым дзецям і дзевяцікласнікам ладзяць у асноўным сціплыя святы, а вось адзінаццацікласнікам — больш маштабныя ўрачыстасці, піша Tochka.by.
Фота ілюстрацыйнае
Для вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў апошні званок прагучыць у суботу, 24 мая. Выпускныя пройдуць праз тры тыдні. Для іх правядзення абраная дата 13 чэрвеня.
Улады нагадалі: выпускныя павінны арганізоўваць выключна на базе ўстаноў адукацыі. У асобных выпадках — ва ўстановах культуры. Кавярні і рэстараны — дакладна міма.
Як у гэтых умовах вырашылі правесці свята самі дзеці, журналісты спыталіся ў іх непасрэдна. Не забыліся і пра самых маленькіх — выпускнікоў дзіцячых садкоў. Што мамы і таты падрыхтавалі сваім любімым дзецям?
Дзіцячы садок
Атрыманне дашкольнай адукацыі — добрая нагода, каб заахвоціць дзяцей за першыя старанні ў вучобе і парадаваць іх святам з нагоды выпуску.
У адным з беларускіх рэгіёнаў урачыстасць вырашылі правесці ў гульнявым цэнтры: хлопчыкаў і дзяўчынак будуць забаўляць аніматары. За інтэрактыўную праграму і ежу бацькі дзіцячых садкоў заплацілі па Br50 за чалавека. Цалкам пад'ёмная сума, адзначае суразмоўца Юлія.
«Які ўжо раз адзначаю, што бацькі ў нашай групе вельмі адэкватныя. Каб вызначыцца з фарматам, спачатку ўсе ахвотныя прапаноўвалі свае варыянты, потым зладзілі галасаванне. Такім чынам вырашылі ўсе арганізацыйныя пытанні», — кажа яна.
Акрамя неафіцыйнай часткі выпускнога, у сценах установы будзе канцэрт. У якасці падзякі за заняткі з дзецьмі мамы і таты падрыхтавалі невялікія падарункі выхавальнікам і персаналу: кветкі, цукеркі, сертыфікаты ў крамы або патрэбныя для працы рэчы. Гэты артыкул бацькоўскіх выдаткаў таксама нязначны — Br30 з чалавека.
Паслугі фатографа для стварэння выпускнога альбома абышліся ў Br20 таксама за кожнага выпускніка. Працу спецыяліста ў дзіцячай установе загадзя ўзгадняе загадчыца: ён павінен быць зарэгістраваным у рэестры.
У цэлым мама выпускніка ацэньвае выдаткі як цалкам памяркоўныя (усяго Br100): касцюм хлопчыку купляць не трэба, гэта зрабілі летась. Камплект тады пацягнуў прыкладна на Br80.
«У мінулым годзе Цімафею было шэсць гадоў. Тады практычна ўсе дзеці з ягонай групы пайшлі ў школу. Сем чалавек засталіся ў садзе да сямі гадоў. Таму фактычна гэта другі выпускны ў сына», — сцвярджае мама хлопчыка.
Мінулае свята Цімафея таксама абышлося бацькам у мінімальную суму. План быў практычна тым жа, толькі маленькім выпускнікам набылі сімвалічныя прэзенты за іх першыя поспехі — медалікі і імянныя домікі для алоўкаў.
Дзевяцікласнікі — у форме
Для выпускнікоў базавай школы шыкоўнай урачыстасці не плануюць, расказала дзевяцікласніца адной рэгіянальнай школы Святлана (імя зменена па просьбе гераіні).
«Пакуль не думала пра гэта, але, хутчэй за ўсё, схаджу з сяброўкай у кавярню або адзначу з сям'ёй — класам збірацца не будзем», — агучвае планы дзяўчына.
Акрамя лінейкі на апошні званок, дзевяцікласніцу чакае ўручэнне атэстата на святочным вечары з імправізаваным канцэртам. Праграму мерапрыемства складалі ўнутры школы: педагог-арганізатар сумесна з дзецьмі.
З формай адзення для будучага свята выпускніца яшчэ не вызначылася — цалкам магчыма, што адміністрацыя папросіць прыйсці на ўручэнне атэстатаў у школьнай форме. Калі фармат будзе свабодным, Святлана абярэ больш маляўнічую сукенку са свайго гардэроба. Але яна не плануе прыбірацца па-асабліваму.
«Прычоску і макіяж я буду рабіць сама, гэта абыйдзецца не больш чым у Br40, каб дакупіць расходнікі», — прыводзіць разлікі дзяўчына.
Свята для 11-га класа
На апошні званок у адной з рэгіянальных школ правядуць не толькі традыцыйную лінейку, але і канцэрт у школе для 11-га класа, расказвае вучаніца Вольга (імя зменена па просьбе гераіні).
На лінейцы старшакласнікі станцуюць вальс. Ён будзе прымеркаваны да юбілею Перамогі. Таму доўгі час у форму вучняў хацелі дадаць пілоткі і гальштукі, але затым сышліся на гваздзіках, якія прымацуюць у валасы або на адзенне.
Вечар развітання са школай пачнецца ў рытме традыцыйнага шэсця: выпускнікоў збяруць у раёне мясцовага амфітэатра, сам канцэрт для былых вучняў і бацькоў арганізуюць у сценах школы. Тут жа правядуць асноўнае святкаванне, якое пераходзіць у начныя гулянні і затым — у сустрэчу світанку.
Праграму канцэрта склалі некалькі адказных педагогаў, удзельнічалі і самі выпускнікі.
«Усё ўзгаднялася з адміністрацыяй школы, таму некаторыя нумары ад маіх аднакласнікаў не ўхвалілі», — расказвае Вольга.
Для асноўнай часткі свята дзеці заказалі відэаздымку і фотазону. Не абышлося і без стала, а таксама падарунка для школы і галоўнага атрыбуту — стужкі выпускніка. За ўсё гэта бацькі аддалі Br350.
Убор Вольгі абышоўся ў Br500, за прычоску і макіяж дзяўчына плануе заплаціць каля Br200. А вось на памятны выпускны альбом і фотасесію выдаткавалі Br150. Усяго ж развітанне са школай для сям'і Вольгі абыдзецца ў Br1200.
Зрэшты, гэта прыкладна столькі ж, колькі планавалі выдаткаваць бацькі выпускнікоў і летась. Тады гаворка ішла пра сумы ў дыяпазоне ад Br500 да Br1500.
Адметна і тое, што танцы на выпускным не могуць праходзіць пад песні вядомых дзесяцігоддзямі выканаўцаў: выпускнікам разаслалі стоп-ліст з 87 гуртоў і артыстаў, творчасць якіх не вітаюць на свяце. У спіс трапілі і любімыя многімі браты Валерый ды Канстанцін Меладзэ, Вера Брэжнева, Верка Сярдзючка, «Бі-2», «Animal ДжаZ», «#2маши», група «Нервы» і іншыя.
Зрэшты, у некаторых гарадах мясцовыя ўлады абяцаюць падрыхтаваць для адзінаццацікласнікаў свой канцэрт, без «забаронкі».
Выступленні супрацоўнікаў МНС, ДАІ і МУС
У Мінску дзяцей на апошні званок збяруць на «Мінск-Арэне». Гэтую лакацыі ўжо некалькі гадоў запар выбіраюць для правядзення гарадскога святкавання.
У Заводскім раёне сталіцы апрабуюць фармат адзінага выпускнога вечара. Пры гэтым атэстаты па-ранейшаму будуць уручаць у школах, а пасля дзяцей збяруць на агульнай пляцоўцы.
Што да рэгіёнаў, то ў Брэсце вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў чакае канцэртная праграма. Для іх выступяць сталічныя артысты. Перакусіць можна будзе на арганізаваным фуд-корце. Дзецям прапануюць прайсці майстар-класы і паглядзець выступленні супрацоўнікаў МНС, ДАІ і Дэпартамента аховы МУС.
У Віцебску вырашылі правесці агульнагарадскі апошні званок, а выпускныя — аддаць на водкуп школам.
У Гродне пасля ўручэння атэстатаў і медалёў хлопцы збяруцца ў цэнтры горада і паўдзельнічаюць у грандыёзным шэсці. Перад выпускнікамі выступяць беларускія і расійскія зоркі, а завершыцца ўрачыстасць салютам. Пасля яго школьнікі змогуць працягнуць святкаваць ва ўстановах адукацыі і, вядома ж, сустрэнуць світанак.
У Гомелі вырашылі арганізаваць урачыстасць толькі для медалістаў, а ў Магілёве ўжо трэці раз правядуць выпускны вечар проста ў цэнтры.
Гэты горад таксама здзівіць запрошанымі зоркамі. Раней тут ужо выступалі Вольга Бузава і «Дыскатэка Аварыя». Пакуль невядома, хто стане гасцямі ў гэтым годзе.
Чытайце таксама:
Бацькоў выклікаюць у школы, каб адгаварыць вучыць дзяцей за мяжой
Стала вядома, калі ў школах празвіняць апошнія званкі і пройдуць выпускныя