У Мінск прылятае каталікос усіх армян
Кіраўнік Армянскай апостальскай царквы (ААЦ) Гарэгін II 17 мая накіраваўся ў Мінск, паведамляе інфармагенцтва «Навіны Арменіі». Паводле яго інфармацыі, 18 траўня каталікос усіх армян узначаліць цырымонію асвячэння першага ў Беларусі храма гэтай старажытнаўсходняй міяфізіцкай царквы, піша «Позірк».
Гарэгін ІІ. Фота: Арменпрэс
Адзначаецца, што візіт пройдзе па запрашэнні Расійскай і Нова-Нахічэванскай епархіі ААЦ, у юрысдыкцыю якой уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія (большая частка), Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.
Дзяржагенцтва БелТА са спасылкай на намесніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргея Герасіменю паведаміла, што для Беларусі прыезд Гарэгіна II значны, паколькі гэта першы ў гісторыі краіны візіт кіраўніка ААЦ.
Паводле слоў чыноўніка, храм, які асвяціць іерарх, пабудаваны за тры гады на вуліцы Філімонава ў Мінску сіламі армянскай супольнасці.
«Храм Святога Грыгорыя Асветніка Армянскай апостальскай царквы невялікі. Ён разлічаны на адначасовае наведванне 75 прыхаджан. Агулам у нашай краіне жыве каля 9 тысяч армян, дзейнічаюць шэсць нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў армянскіх супольнасцяў», — заявіў Герасіменя.
6 верасня 2024 года кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведвалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустракаліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.
Разам з тым на ўзроўні ўладаў у Беларусі і Арменіі абвостраныя стасункі — фактычна праз супрацу Мінска і Баку, у тым ліку ў вайсковай сферы, рыторыку па сітуацыі вакол Нагорнага Карабаха.
Чытайце таксама:
У кастрычніку ў Мінску адкрыюць першы ў Беларусі храм Армянскай апостальскай царквы
У Мінску пабудуюць армянскую царкву
Лукашэнку пасадзілі на Парадзе ў Маскве з Пашынянам, а Сі Цзіньпіна з Пуціным