БЕЛ Ł РУС

«Азаронак — выдатны журналіст». Намеснік міністра інфармацыі пракаментаваў стрымы Азаронка

19.05.2025 / 16:43

Nashaniva.com

Блогер Андрэй Павук паспрабаваў паскардзіцца на прапагандыста ў Міністэрства інфармацыі.

Рыгор Азаронак і Дзяніс Язерскі. Скрыны відэа СТБ

Вытрымкі з размовы з намеснікам міністра інфармацыі Дзянісам Язерскім апублікавалі ў канале «Рудабельская паказуха» і на Белсаце.

У Язерскага паспрабавалі даведацца, куды можна скардзіцца, калі журналіст падае дэзінфармацыю ці нецэнзурна выказваецца.

«У нас ёсць Адміністрацыйны кодэкс. Калі ласка, заяву ў міліцыю. (…) У журналіста, як і любога работніка, ёсць наймальнік. Вы маеце поўнае права ў тым ліку звярнуцца і да наймальніка, калі вы лічыце ганебнымі паводзіны ці выказванні той ці іншай асобы», — адказаў чыноўнік.

Калі ў намесніка міністра запыталі наконт паводзін прапагандыста СТБ Рыгора Азаронка на стрымах, той заўважыў:

«Гэта яго асабістая тэлеграм-суполка ці ютуб-канал. Чалавек мае права зрабіць».

«Азаронак выдатны журналіст. З майго пункту погляду», — выказаўся пасля чыноўнік.

Ён таксама перапытаў: «А што, на тэлеграм-канале СТБ вы чуеце фэйкі і дэзінфармацыю? Гэта выключана цалкам».

«Калі вы лічыце, што на гэтым тэлеграм-канале СТБ ці іншага дзяржСМІ вы пачулі фэйк ці дэзінфармацыю, значыць у вас няправільны светапогляд у частцы той інфармацыі, якую вы палічылі фэйкавай», — давёў сваю пазіцыю Язерскі.

Нагадаем, у нядаўнім стрыме Азаронак абрынуўся на беларусаў, якіх хвалююць цэны на бульбу.

«Задзяўблі сваёй бульбай. Жэрці і жэрці абы, і толькі ныць з гэтай нагоды», — дзікім крыкам закрычаў Азаронак.

Чытайце таксама:

Азаронак і Пуставы незадаволеныя, што беларусы святкавалі Дзень Перамогі без энтузіязму

Намеснік міністра інфармацыі выказаўся пра забароненыя кнігі

«Паказваеце сваё грэблівае стаўленне да людзей». Бондарава асудзіла істэрыку Азаронка і Пуставога, выкліканую праблемамі з бульбай

Каментары да артыкула