БЕЛ Ł РУС

З радавога гнязда ў Сяхновічах прыбралі бюст Касцюшкі. Замест экспазіцыі пра героя — зала генацыду беларускага народа

20.05.2025 / 7:0

Ф. Раўбіч

Ушанаванне памяці пра нацыянальнага героя Беларусі, ЗША, Польшчы і Літвы было адзінай прычынай, чаму ў вёсцы, дзе няма і сотні жыхароў, быў адкрыты раённы музей. 

Бюст Тадэвушу Касцюшку перад музеем у Малых Сяхновічах. Фота: Яндэкс Карты

Змены ў Малых Сяхновічах Жабінкаўскага раёна заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

На фотаздымках, зробленых падчас урачыстага адкрыцця 7 мая 2025 года пасля рэканструкцыі залы Вялікай Айчыннай вайны ў Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, што месціцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы, відаць, што на месцы бюста Тадэвуша Касцюшкі, які раней стаяў перад будынкам музея, цяпер знаходзіцца толькі невялікая лысая клумба.

@nashaniva Сціраюць памяць пра Касцюшку #касцюшка #костюшка #новости #политика #беларусь ♬ Paris - Else

Калі дакладна быў знесены помнік і дзе цяпер захоўваецца твор мастацтва, дакладна невядома. Яшчэ ў верасні 2024 года бюст стаяў на сваім месцы. 

Мясцовыя чыноўнікі стаяць на краю клумбы, дзе раней быў помнік Касцюшку. Фота: Zabinka.by

Паводле інфармацыі на сайце музея (беларускамоўная версія цалкам адсутнічае) сёння яго экспазіцыя прадстаўлена ў чатырох залах: зале этнаграфіі, дзе прадстаўлены экспанаты сялянскага побыту канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, зале гісторыі Жабінкаўшчыны, зале Баявой Славы, прысвечанай падзеям Другой сусветнай вайны, і залы, дзе размяшчаецца экспазіцыя «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (такія экспазіцыі сталі з'яўляцца па ініцыятыве генеральнага пракурора Андрэя Шведа).

Дзіўнае дубляванне тэмы вайны ў музеі тлумачыцца тым, што яшчэ нядаўна замест залы «генацыду беларускага народа» быў асобны пакой, прысвечаны жыццю і дзейнасці генерала Тадэвуша Касцюшкі, якога называюць «героем трох кантынентаў». Інфармацыя пра пакой знаходзілася на галоўнай старонцы музея да канца 2022 года, відаць, па інерцыі, бо якраз у лютым таго ж года ў музеі з'явілася новая зала.

Калі не лічыць адрас — вуліца Тадэвуша Касцюшкі, 21 —

сёння імя Касцюшкі ні разу не згадваецца на сайце музея, хоць першапачаткова ўстанова стваралася менавіта з мэтай ушанавання яго памяці.

Рэканструкцыя плана сядзібы Касцюшкаў у Сяхновічах, выкананая Анатолем Федаруком. Ніякіх пабудоў і нават выяў сядзібы не захавалася. Фота: «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны»

Хоць Тадэвуш Касцюшка і нарадзіўся ў маёнтку Мерачоўшчына каля Косава, сапраўдным радавым гняздом Касцюшкаў-Сяхновіцкіх з'яўляюцца Сяхновічы.

Тут Тадэвуш Касцюшка пасяліўся і пражыў чатыры гады пасля вяртання з ЗША, дзе браў удзел у вайне за незалежнасць. Гэта быў адзіны ўласны дом, які Касцюшка меў у дарослым жыцці. Астатні час жыў у вайсковых лагерах ды па чужых кутах.

Ад сядзібы ў Сяхновічах не засталося нічога, акрамя фрагментаў парку і ліпавай алеі, дрэвы якой датуюцца XVIII стагоддзем — часам, калі тут жыў Тадэвуш Касцюшка. Парк пры былой сядзібе прызнаны помнікам прыроды мясцовага значэння.

Парк Малыя Сяхновічы. Фота: Міністэрства прыроды Беларусі

Першы помнік Касцюшку і музей у яго гонар

Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які размяшчаецца на тэрыторыі былой сядзібы Касцюшкаў, вельмі малады, яму няма і 15 гадоў.

Раней за музей у Малых Сяхновічах з'явіўся бюст выдатнага земляка. Ён быў пастаўлены намаганнямі мясцовых краязнаўцаў перад будынкам Сяхновіцкай васьмігадовай школы на хвалі нацыянальнага адраджэння ў 1988 годзе.

Бюст Тадэвуша Касцюшкі, пастаўлены на пастамент помніка руска-французскай вайне 1812 года ў Кобрыне. Фота: kobrin.ru

Першапачаткова бюст быў пастаўлены замест імперскага арла на пастаменце помніка ў памяць пра руска-французскую вайну 1812 года ў Кобрыне. Яго для горада ў 1932 годзе стварыла знакамітая мясцовая скульптарка Бальбіна Відацкая-Свіціч. У 1951 годзе, калі савецкія ўлады вырашылі аднавіць расійскі помнік, бюст Касцюшкі спачатку трапіў у падсобку кобрынскага музея імя Суворава, а затым — у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, дзе знаходзіўся да 1988 года.

Доўгі час бюст у Малых Сяхновічах быў адзіным помнікам нацыянальнаму герою Беларусі, аж пакуль у 2018 годзе на тэрыторыі музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне не паставілі поўнафігурны помнік аўтарства Гэніка Лойкі.

За савецкім часам бюст Касцюшкі быў унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны пералік аб'ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы. За часамі кіравання Аляксандра Лукашэнкі быў створаны новы Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, куды бюст, як і многія гістарычныя сядзібы, паркі, касцёлы і цэрквы, перанесены не быў. 

Фрагмент экспазіцыі музея ў Малых Сяхновічах, прысвечанай Тадэвушу Касцюшку. Фота: ekskursii.by

У 1994 годзе ў Сяхновіцкай школе стварылі пакой, прысвечаны генералу Касцюшку і роду Касцюшкаў-Сяхнавіцкіх. Узімку ў 2003 годзе ў Малых Сяхновічах адкрылі асобны мемарыяльны пакой.

Нарэшце ў 2010 годзе мясцовыя ўлады прынялі рашэнне акрыць у Малых Сяхновічах раённы музей, у якім быў задуманы мемарыяльны пакой Касцюшкі. Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей афіцыйна адкрылі ў 2011 годзе ў былым будынку школы, якая стала малакамплектнай.

Зала музея ў Малых Сяхновічах, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку. Фота: ekskursii.by

Тое, што раённы музей адкрылі не ў Жабінцы, а ў невялікай і малапрыкметнай вёсцы, паказвае на тое, што асноўны акцэнт у ім рабіўся менавіта на асобе нацыянальнага героя.

Зала, прысвечаная Касцюшку, была аздоблена абабітымі панэлямі з завяршэннямі ў неагатычным стылі, які быў папулярным у сядзібным будаўніцтве, кандэлябрамі і бэлькамі з фігурнымі канцамі. На панэлях размяшчаліся малюнкі і фотаздымкі, звязаныя з Касцюшкам, а па цэнтры адной са сцен фамільны герб — Рох III.

Зала музея ў Малых Сяхновічах, прывечаная Тадэвушу Касцюшку. Фота: ekskursii.by

Па апошніх здымках з музея можна зразумець, што ўвесь дэкор пад шляхецкую даўніну і экспазіцыя, прысвечаная Касцюшку, былі цалкам дэмантаваныя. Замест іх з'явіліся манекены савецкіх партызан на фоне фоташпалер з выявай сасновага лесу.

Экспазіцыя, прысвечаныя савецкім партызанам і падпольшчыкам, якой замянілі экспазіцыю пра Тадэвуша Касцюшку. Зала пазнаецца па характэрным выступе з дзвярыма і бэлькам з фігурнымі канцамі. Фота: Жабінкаўскі райвыканкам

Цяпер жа, калі ў Малых Сяхновічах не засталося ні бюста, ні асобнай залы, ніякіх прычын наведваць былое радавое гняздо Касцюшкаў не засталося. Маленькая вёсачка знікне з маршрутаў аматараў гісторыі. 

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

У Касцюшкаве знікла шыльда ў памяць пра Тадэвуша Касцюшку

У Гродне з Новага замка прыбралі мемарыяльную шыльду Касцюшкі

Прапагандысты разганяюць фэйк пра выдаленне артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі

«Мужык я з роду, сын зямлі літоўскай». Новыя дакументы Кастуся Каліноўскага ўдалося выявіць дзякуючы почырку

Каментары да артыкула