Некаторыя архіўныя дакументы апублікаваныя ўпершыню, а для іншых, у тым ліку напісаных па-беларуску, даказанае аўтарства лідара вызвольнага паўстання.

Да гэтага спрычыніўся расійскі імперскі гісторык Аляксандр Дзюкаў, кіраўнік расійскага фонду «Историческая память», які падыходзіць да Каліноўскага з прарасійскіх пазіцый і хоча развянчаць беларускі нацыянальны міф, пабудаваны вакол яго асобы. Нягледзячы на гэтыя памкненні Дзюкава, яго праца ў расійскіх архівах толькі дапамагае ў вывучэнні Кастуся Каліноўскага і яго спадчыны.
Некаторыя з дакументаў Дзюкаў увёў у навуковы абарот у сваіх ранейшых публікацыях, але ўвесь выяўлены комплекс дакументаў упершыню апублікаваны ў яго кнізе «Невядомая дакументальная спадчына Канстанціна Каліноўскага. З архіўных пошукаў 2022—2024 гадоў».
Сваёй кнігай Дзюкаў падзяліўся на ўласным тэлеграм-канале, праўда, беларускія прапагандысты пачалі пагражаць адміністрацыйным пераследам тым, хто зробіць рэпост кнігі, бо ў тэксце расійскі гісторык спасылаецца на публікацыі Сяргея Абламейкі з Радыё Свабода, а гэта фармальна распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Турэмныя лісты
Адной з галоўных знаходак сталі арыгіналы трох напісаных Каліноўскім турэмных лістоў. Яны былі адшуканыя ў Дзяржаўным архіве Расіі, у справе з паперамі сям'і Ямантаў, якія былі канфіскаваныя пры арышце ў 1866 г. Яшчэ адзін ліст удалося адшукаць толькі ў рускім перакладзе, але застаецца надзея, што невялікі кавалачак паперы даследчыкі таксама змогуць адшукаць. Арыгінал яшчэ аднаго турэмнага ліста ўдалося адшукаць у Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве, у справе памешчыцы Макрыцкай, сваячкі Ямантаў.
Пра значэнне гэтых лістоў да каханай Марыі Ямант у разуменні асобы Кастуся Каліноўскага мы ўжо пісалі раней. Але цяпер яны апублікаваны ўсе разам і ў добрай якасці.
Чытайце: «Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію







Да братоў русінаў
Яшчэ адну важную знаходку ўдалося зрабіць праз тое, што ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве былі выяўлены лісты Каліноўскага, якія ён накіроўваў Нацыянальнаму ўраду. Гэтыя дакументы, турэмныя лісты, а таксама ўведзеныя ў навуковы абарот яшчэ за савецкім часам тэксты, напісаныя Каліноўскім уласнаручна, далі мноства ўзораў яго почырку, дзякуючы якім удалося высветліць, што яго ж рукой у лютым 1863 года быў перапісаны польскамоўны зварот «Да братоў русінаў». Гэты дакумент сёння захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.
Хутчэй за ўсё, Каліноўскі як кіраўнік Літоўскага правінцыяльнага камітэта асабіста перапісаў зварот, бо ён быў звернуты ў тым ліку да беларусаў і адпавядаў ягоным поглядам на неабходнасць надзялення сялян правамі і зямлёй.

Да Цябе святы наш Ойча…
Таксама параўнанне почырку дазволіла пацвердзіць, што пасланне «Do Cіebіe swіaty nasz Ojcze», якое апелявала да пачуццяў вернікаў і заклікала іх бараніць родную веру, напісана Каліноўскім і мае шмат агульнага з ягонай «Мужыцкай праўдай».
Ліст з гэтым пасланнем паходзіць з так званай «бернардзінскай калекцыі» Літоўскага нацыянальнага музея — дакументаў асабістага архіву Каліноўскага, знойдзеных у тайніку, зробленым у капліцы Трох каралёў у віленскім касцёле Св. Францыска Асізскага. Тайнік быў выяўлены ў 1989 годзе пры рэстаўрацыі, дакументы перададзены на захоўванне ў музей, і толькі нядаўна было выяўлена, што ў калекцыі шырока прадстаўлены асабістыя дакументы Каліноўскага.
Беларускі гісторык Аляксандр Смалянчук апублікаваў чарнавік беларускамоўнага паслання «Do Cіebіe swіaty nasz Ojcze» з гэтай калекцыі, які напісаны ад асобы беларускага мужыка да Папы Рымскага. Смалянчук выказаў здагадку, што аўтарам паслання з'яўляецца хтосьці з «чырвоных», з кола Каліноўскага.
Верагодна, да стварэння гэтага паслання натхніў зварот да Святога Айца, які быў напісаны ад імя 300 тысяч каталікоў Віцебшчыны «двух абрадаў — лацінскага і рускага, з якіх апошні гвалтам яшчэ ў часы імператара Мікалая адарваны ад Апостальскай сталіцы», але марыць пра вяртанне да яе. У верасні 1863 года яно было дастаўлена ў Вільню, а пазней праз Парыж трапіла ў Ватыкан.

Аднак праведзены цяпер аналіз почырку чарнавікоў Каліноўскага і почырку, якім напісанае пасланне «Do Cіebіe swіaty nasz Ojcze», дазволіла выявіць цэлы шэраг агульнага паміж імі. Акрамя таго, у пасланні ёсць вялікая колькасць паралеляў з «Мужыцкай праўдай», «Лістамі з-пад шыбеніцы», загадамі, а таксама адным з сапраўдных турэмных лістоў Каліноўскага.
На падставе гэтага можна лічыць, што тэкст паслання таксама належыць Кастусю Каліноўскаму, а значыць у яго беларускамоўнай спадчыне цяпер на адзін твор болей.
Прыводзім яго тэкст цалкам у кірылічнай апрацоўцы (варыянт лацінкай змешчаны ў публікацыі Смаленчука):
«Да Цябе святы наш Ойча пісьмо сваё пасылаю. Не мудронае яно, но за то шчырае і справядлівае. Прымі яго.
Мужык я з роду, сын зямлі літоўскай. Дзяды і бацькі мае цяжкою працай самі зараблялі на кусок хлеба, служылі верна каралям польскім і літоўскім і жылі з Богам і праўдаю ва ўніяцкай веры.
Мяне ўжо Маскалі хацелі сілаю павярнуць на сызму (схізму — НН), но міласерддзе боскае было нада мною, і я да гэтай пары застаўся ўніятам.
З ласкі Найвышэйшага Бога і волі мужыцкай яшчэ ў прошлым року мужыкі разумнейшыя Літоўскага і Беларускага народу выбралі мяне да Ронду Польскага, каб дабро іх глядзець і сцерагчы праўду і справядлівасць. Гэта мяне прымусіла і дало права сягодня ад імені мужыкоў паслаць пісьмо да Цябе Святы наш Ойча.
Калі Маскаль цэлы свет дурыць пачынае, што народ просты літоўскі і беларускі гэта маскалі чыстыя і саўсім наймілаваліся ў яго сызме, каб у мутнай вадзе рыбу лавіці — ашуканства гэта магло дайсці і да Цябе Святы наш Ойча — но ты яму не паверыш — ты з ласкі святога духа ведаеш гдзе праўда а гдзе ашуканства.
Сілаю адно павярнулі народ просты ў сызму. Хто не паддаўся, таго мучылі да тае пары пакуль саўсім не замучылі. Ніхто тагды за намі не заступіўся, так не дзіваж, што Маскаль мужыкоў цёмных падужаў. Но за то адно сілаю дзяржаць нас можа ў сызме і ў сызму яго ніхто не верыць. Аднак грахі нашыя, Святы Ойча, хаця процю волю нашай, вялікія. Прышлі да нас, Св. Ойча, ксяндзоў уніяцкіх, перахрасці нас па сапраўднаму, а сызму ў нас ніякай не застанецца.
Ты ўжо за намі прасі не справядлівасці, а міласэрддзя боскага, а пракленства твае няхай падуць адно на душагубцаў нашых.
Прыймі Св. Ойча пісьмо маё па шчырасці і благаславі людзей, што дабро думаюць і дабра хочуць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію
Дзермант заступіўся за башкірскага героя Салавата Юлаева. Гэта не спадабалася Дзюкаву
Гігін будзе чытаць на мінскім фестывалі лекцыю пра Мураўёва-вешальніка як пра «адраджэнца»
«Фактычна мы павінны падзякаваць за гэтыя знаходкі». Расійскі імперскі гісторык апублікаваў невядомыя лісты Кастуся Каліноўскага, якія яго вобразу ніяк не шкодзяць
Каментары
БЕЛАРУСЫ / ЛІТВІНЫ / Беларусь /ВКЛ трэба 2 назвы выкарыстоўваць сёння , як Угорцы, Фіны, Албанцы і г.т робяць !
"Спрадвечная мова гэтага рэгіёна — мова літвінаў, «літоўская мова». Не, гэта не мастацкае перабольшванне. З XVII ст. захаваліся сведчанні, што менавіта так, літвінамі, называлі насельнікаў былога Старадубскага павета. Гэты этнонім яшчэ адно сведчанне магутнага ўплыву, які аказала ВКЛ на жыхароў былога Смаленскага ваяводства."
-НН