Рускамоўная пісьменніца выйшла замуж за беларуса і склала незвычайны слоўнічак ягоных слоў, якіх ніколі раней не чула
Беларусы ў каментарах з зайздроснай упартасцю даказваюць жанчыне, што гэта небеларускія словы.
Ірэна Кваснеўская. Фота з сацсетак
Ірэна Кваснеўская нарадзілася ў Польшчы, але паспела ў свой час пажыць у Расіі, Беларусі і іншых савецкіх рэспубліках. Ірэна гадуе пяцёра дзяцей, а таксама пачала пісаць кнігі на рускай мове.
Тры гады таму яна выйшла замуж за беларуса, і за гэты час яе слоўнікавы запас, як яна сама прызнаецца, неверагодна ўзбагаціўся. Ірэна апублікавала ў Threads доўгі спіс слоў, якія пачула ўпершыню ад мужа, з уласным тлумачэннем іх значэння. Допіс ужо сабраў больш за пяць соцень каментарыяў — большасць ад беларусаў, якія таксама не чулі ніколі большасць з гэтых слоў.
Для зручнасці мы адаптавалі беларускае напісанне слоў і, калі трэба, суправадзілі дадатковымі каментарамі:
Кáлечны — плохой. Калічны, каліч — словы, якія ўтвораныя ад слова «калека», звычайна імі апісваюць людзей, якія робяць нешта як калекі, ці рэчы, якія маюць істотныя дэфекты. У рускамоўных тэкстах можна адшукаць такое слова, але такога пашырэння як у беларускай (і беларускім варыянце рускай) яно не мае.
Вахлак — нехороший человек, недотепа. Беларускія слоўнікі даюць наступнае тлумачэнне: вахла́к — нерастаропны, прастакаваты, а таксама неахайны з выгляду чалавек. Не вахлакі ж тут сядзяць.
Чапушыла — странный человек. Небеларускае слова, якое прыйшло з турэмнага жаргону, дзе азначае чалавека нізкага статусу.
Нямоглы — «ну тут понятно». Слабы, хваравіты.
Шмурдзяк — некачественный алкоголь. Жаргоннае слова з рускай мовы. Нядаўна гэтым словам у Расіі называлі віно беларускага разліву.
Бырла — некачественный алкоголь. Гэтае слова, якое азначае таннае пладова-ягаднае віно, відаць, вядомае паўсюль.
Этыкетка пладовага напітку «Крыжачок».
Крыжачок — самогон. Крыжачок — марка таннага беларускага пладова-ягаднага віна.
Плужара — см. вахлак. Відаць, тое ж, што і плугар, чалавек, які стаіць за плугам. Плужарам ці проста плугам называюць фізічна моцнага, але прастакаватага хлопца, пераважна з сяла. Але ў беларускай мове такое слова не зафіксавана.
Уплужыць — угенатать. Плугаваць ці плужыць — значыць абганяць, акучваць бульбу. Натуральна, што калі перастарацца, то можна яе ўплужыць.
Засаніць — усыпить. Слова вядомае ў цэнтральнай Беларусі і азначае 'закалыхаць'.
Залюляць — укачать. Агульнавядомае беларускае слова, якое азначае 'давесці да дрымоты, да сну, люляючы'.
Мурзаты — чумазый. Агульнавядомае беларускае слова, якое азначае чалавека з запэцканым, брудным тварам.
Балэбка — пляцек. Блін, аладка, дранік. Відаць, нейкае абласное слоўца, якое незафіксаванае ў слоўніках.
Руп'ём — настырно. Рап’ём — абласное слова, якое азначае 'неадчэпна, назойліва'. Кінуцца рап'ём — тое ж самае, што і кінуцца стрымгалоў.
Пальчаткі — перчатки. Агульнавядомае беларускае слова.
Закарэлы — прикипевший. Агульнавядомае беларускае слова.
Гаранцаваць — горячиться. Абласное слова з Астравецкага раёна. У слоўніках зафіксавана адзін прыклад яго ўжывання: гаранцаваць як Вінцэсь у танцы.
Рупіць — «не знает, как объяснить». Рупіць — гэта форма рупець, якое значыць турбаваць, не даваць спакою.
Пасаг — приданое. Агульнавядомае беларускае слова.
Шалбабон — голова как большой и нефункциональный предмет, типа «бубен», а может быть тупой человек. Гэта абласное слова, якое фіксуецца на паўночным захадзе Беларусі. Шалбабон — гэта дэкаратыўная або проста любая фасоля.
Худабздзей — худой человек. Менавіта такога слова слоўнікі не фіксуюць, а вось роднаснае слова сухабздзей у значэнні ’хударлявы чалавек’ фіксаваў яшчэ Яўфім Карскі.
Махлаты — неопрятный. Махла, махлаты — гэта бяздумны, ветраны чалавек.
Пятрушыцца — трахаться, возиться. Відаць, варыянт слова ператрушваць — патрэсваць пераварочваючы, ператрасаць.
Перакуліцца — наклониться, перехилиться. Агульнавядомае беларускае слова.
Саматужна — самостоятельно. Агульнавядомае беларускае слова. Саматужны — гэта той, які вырабляецца ўручную або мае адносіны да вытворчасці дамашнім, ручным, не фабрычным спосабам.
Казычыць — чесать, ковырять. Варыянт агульнавядомага слова казытаць — выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, датыкаючыся да скуры.
Кныр — чувак. Агульнавядомае беларускае слова. Першапачаткова кныр — гэта самец свінні, якога пакінулі для атрымання патомства. Параўнанне з жывёлай — адзін з самых папулярных спосабаў абразіць. У суседніх славянскіх мовах ёсць аналагічнае слова — але ва ўсіх яно гучыць як кнур і толькі ў беларускай мае ўнікальную агаласоўку, якая не мае вытлумачэння.
Чарапан — пренебрежительное к младшим, чувак, сопляк. Выглядае як сучаснае слэнгавае слова, якое паходзіць ад чэрапа, які ў малых дзяцей непрапарцыйна вялікі адносна астатняга цела. У дыялектах рускай мовы гэтым словам абазначаюць ганчара. Падобна да слова шкет, які таксама называюць малых хлопцаў.
Нядойшлы — недоделанный. Варыянт агульнавядомага слова нядошлы — кволы, слабы, хваравіты.
Няўдалы — неудачный. Агульнавядомае беларускае слова.
Бімбос — все что угодно, бессмысленный чувак. Варыянт абласнога слова бімбус — здаровы, тоўсты, гультаяваты падлетак.
Пацёганы — потертый, потасканный. Варыянт агульнавядомага слова пацяганы.
Лахаць — орать. Нягледзячы на тое, што сёння гэтае слова ўспрымаецца выключна як сінонім да слоў смяцца ці рагатаць, утварылася яно ад слова лаяць, то бок крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі, так што лахаць — гэта таксама 'плявузгаць, брахаць, казаць несусвецце'.
Зяваць — орать. Усё так, зяваць — гэта не толькі пазяхаць, але гучна крычаць, лаяцца: «Чаго ты зяваяш на ўсё горла». А зявасты чалавек — крыклівы. У такім значэнні гэтыя словы найчасцей ужываюцца на ўсходзе Беларусі.
Гачка — сельскохозяйственное орудие. Агульнавядомае беларускае слова, якое фіксуецца ад Палесся да Віцебшчыны, якое чамусьці не ўнесена ні ў якія слоўнікі, акрамя дыялектных. Гачка — гэта звычайная матыка.
Махляр — обманщик. Агульнавядомае беларускае слова.
Пуцаты — щекастый (пуцкі — детские щёчки). Гэта абласное слова, якое фіксуецца на паўночным захадзе Беларусі.
Піптучок (піптук) — «неясная хрень, обычно используется в отношении магнитного штекера, ниппеля или другого соединения». Відаць, варыянт слова піпка, якім абазначаецца кончык чагосьці (ці мужчынскі палавы орган).
Растыка — кто-то неловкий и бессмысленный. Гэта, відаць, запазычанне з рускай мовы, бо беларускія слоўнікі такога не фіксуюць.
Акрамя таго, ад мужа Ірэна даведалася пра некаторыя беларускі прымаўкі:
«Памірай, а жыта сей», «працуюць як мокрае гарыць», «што згарыць, тое не згніе», «есць як на плот вешае», «раве як свіння ў плоце», «спіць як пшаніцу прадаўшы», «чалавек добры, але гаўном серыць», «насіліся як камфар у бздзінах», «гультай за работу, мазоль за руку», «як сярпом па кілах», «гэта вам не конікаў з гаўна ляпіць», «не лезь на дах, не псуй гонту», «носа не дастаць і сажнем», «гай шуміць і футра заварочваецца».
«Гэта не беларуская мова!»
Як можна здагадацца па геаграфіі некаторых абласных слоў, муж Ірэны паходзіць з паўночна-заходняй Беларусі, колішняй Віленшчыны. У каментарах яна прызнаецца, што яе муж не з вёскі, а з Астраўца.
Зрэшты, рускамоўныя беларусы ў каментарах упарта спрабуюць пераканаць Ірэну, што такіх слоў у беларускай мове не існуе, бо яны ніколі іх не чулі.
«Як беларус магу сказаць, што больш за палову з гэтага або лютыя вузка рэгіянальныя штукі, або наогул выдумкі вашага мужа», — катэгарычна заяўляецца ў самым лайканым каментары пад допісам.
«Гэта не беларускія, гэта дыялектныя словы ў большасці сваёй. Верагодна, муж з вёскі?»
«Як мінчук сарака гадоў скажу, што каля паловы слоў чую ўпершыню».
«Да беларускай мовы амаль усё гэта не мае ніякага дачынення».
«Я з Гродзенскай вобласці, з вёскі, і такой бязглуздзіцы ў жыцці не чула».
«Я з Гродна, але ведаю толькі 30% з гэтых слоў. Думаю, што справа не ў вузкім дыялекце.
Мабыць, у вашага мужа продкі розных нацыянальнасцяў, і ад кожнага набралі патроху, а штосьці наогул у бацькоўскай сям'і выдумалі».
«Сумесь польскага і ўкраінскага дыялекту прасочваецца, але многае — проста жарганізмы».
Чамусьці некаторым з каментатараў не прыйшло нават у галаву, што Ірэна, якая жыве ў Польшчы, здолела б пазнаць польскія запазычанні, калі б яны былі ў яго мове.
32 з 39 прыведзеных словаў адназначана апазнаюцца як беларускія, няслэнгавыя і нежаргонныя. З іх толькі 6 з'яўляюцца выразна абласнымі, а астатнія шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі.
Можна зразумець, што словы пададзены ў рускім варыянце, без кантэксту, з прыкладным перакладам, а таму, натуральна, можна не разумець іх значэнне. Але ж апазнаць многія вельмі проста — дзесьці знаёмыя асновы, а дзесьці само гучанне падказвае значэнне: пуцатым можа быць толькі нешта надзьмутае, а абсалютна загадкавымі словамі бімбос і шалбабон, ведаючы логіку беларусаў, маглі назваць толькі нейкіх гультаёў ды небаракаў.
Куды знікла моўная інтуіцыя беларусаў? Ці веданне беларускай мовы нават у вёсках дайшло да такога фармальнага ўзроўню, што яе багатая лексіка ўжо не распазнаецца вухам як сапраўдная, а гучыць як тарабаршчына?
Слоўнічак невядомага ўраджэнца Астраўца, які аказаўся носьбітам сапраўднага моўнага скарбу, дае нагоду задумацца пра тое, колькі сапраўдных беларускіх слоў мы ўжываем у рускай мове, нават не ведаючы, што яны будуць незразумелымі небеларусам — мурзаты, закарэлы, калічны, — а таксама прыгадаць пра тое, якую ўнікальную моўную спадчыну пакінулі нам нашыя бабулі і дзядулі. Кожны беларус можа скласці свой такі слоўнічак і падзяліцца ім з іншымі.