Рыхтуюцца змены па ўзносах у фонд сацабароны для ІП і самазанятых. Яны выглядаюць пазітыўнымі
Паводле правак, ІП стане лягчэй плаціць унёскі ў ФСАН, а самазанятым дазволяць збіраць пенсію.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
У першым чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння».
Законапраект прадугледжвае некалькі зменаў.
Адна з іх — для ІП, чый заробак за каляндарны год меншы за 12 мінімальных заробкаў (726 рублёў у месяц, або 8712 рублёў за 2025 год). Такім прадпрымальнікам можна будзе плаціць у ФСАН 35% ад рэальнага даходу, а не ад мінімальнага, як цяпер. Цяпер сістэма працуе так, што нават пры даходзе ў 500 рублёў у месяц ІП мусіць заплаціць 254 рублі ў ФСАН.
Гэтыя новаўвядзенні будуць карыснымі, як для ІП з малымі абаротамі, так і для тых, для каго ІП — не асноўная крыніца даходаў.
Для апошніх, дарэчы, да 2023 года існавала магчымасць наогул не рабіць адлікі ў СФАН, калі паралельна з прадпрымальніцкай дзейнасцю ІП працаваў па дамове.
Аднак, калі даход перавысіць 12 мінімальных заработных плат, то, як і раней, адлікі ў ФСАН будуць налічаны ў памеры 35% з 12 мінімальных заработных плат. То-бок для прадпрымальнікаў з вялікімі даходамі нічога змяняць не плануюць, іх нагрузка застанецца ранейшай.
Праўда, ІП, якія ўсё жыццё робяць адлікі ў ФСАН па мінімальнай стаўцы нават пры вялікіх даходах, трэба ўсведамляць, што іх чакае мінімальная пенсія, прычым у незалежнасці ад таго, колькі падаткаў яны плацілі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Самазанятым плацельшчыкам падатку на прафесійны даход дазволяць добраахвотна даплачваць унёскі ў ФСАН на пенсійнае страхаванне. Цяпер плацельшчыкі падатку на прафесійны даход плацяць у ФСАН 6% ад даходу.
Для таго, каб ФСАН налічыў плацельшчыку падатку на прафесійны даход месяц страхавога стажу, трэба выплаціць унёскі ў ФСАН у памеры не менш за 29% ад памеру мінімальнай заработнай платы па краіне.
Крайні тэрмін выплаты ўнёскаў у ФСАН пераносіцца з 1 сакавіка на 31 сакавіка года, наступнага за справаздачным.