Гендырэктара Бюро па транспартным страхаванні звольнілі з-за карупцыі
Генеральнага дырэктара Беларускага бюро па транспартным страхаванні Антона Аўсейку звольнілі з пасады з-за парушэнняў, звязаных з карупцыяй. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета Міністраў №278 ад 20 мая, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Антон Аўсейка. Фота: Беларуская асацыяцыя аўтастрахаўшчыкоў
У дакуменце адзначаецца, што звальненне адбылося «ў сувязі з учыненнем правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі або карупцыйнага правапарушэння». Падстава — пункт 51 часткі 1 артыкула 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Антон Аўсейка ўзначальваў бюро з 2009 года. Гэтая арганізацыя была створана ў 1999 годзе для рэалізацыі абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. У склад аб’яднання ўваходзяць кампаніі «Белдзяржстрах», «Асоба», «Белнафтастрах», «Прамтрансінвест», «ТАСК», «Белэксімгарант».
З 2003 да 2023 года бюро ўваходзіла ў міжнародную сістэму страхавання «Зялёная карта». Пасля выключэння Беларусі і Расіі з гэтай сістэмы з-за санкцый яны стварылі сваю — «Сінюю карту». А з 23 красавіка 2025 года пачала працаваць аб'яднаная расійска-беларуская аўтастрахоўка.
Чытайце таксама:
Асуджаны за карупцыю гомельскі чыноўнік атрымаў новую высокую пасаду
Сталі вядомыя новыя прозвішчы затрыманых топ-менеджараў Мазырскага НПЗ