«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць
Уладзімір Каранік развітаўся з урадам, дзе прабыў усяго два месяцы. Але такая доля ў «гасударавых людзей».
Ужо былы віцэ-прэм’ер па сацыяльных пытаннях Уладзімір Каранік на развітанне выступіў з кароткай і, па сутнасці, вернападданай прамовай перад членамі ўрада.
Ён назваў і сябе, і ўжо былых калег «гасударавымі людзьмі» — азначэннем, гістарычна не ўласцівым Беларусі, але якое вельмі яскрава апісвае дзяржаўную сістэму, якую выбудаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Хачу ўсіх запэўніць, што я па-ранейшаму адкрыты для зносін, для дыскусій. І я ўсё роўна буду, ужо ў іншай якасці, з’яўляцца ў гэтай залі.
З ясным разуменнем таго, што, на якіх бы пасадах мы ні працавалі, мы ўсе гасударавы людзі і ўсе робім адну агульную справу на карысць нашай любай Беларусі і яе грамадзян. І дзе кіраўнік дзяржавы вызначыў участак працы — наша задача забяспечыць гэтую працу як мага больш эфектыўна і якасна», — запэўніў прысутных Каранік.
Таксама новы старшыня прэзідыума Акадэміі навук распавёў, што часта спрачаўся з прэм’ерам Аляксандрам Турчыным. Але паабяцаў ураду навуковую падтрымку, каб «зрабіць жыццё беларусаў «более лучшим». Галоўны навуковец краіны выказаўся менавіта так.
Каранік далёка не першы беларускі чыноўнік, які гаворыць пра «гасударавых людзей».
Экс-міністр Сівакоў так называў найвышэйшых дзяржаўных службоўцаў, Качанава — спартсменаў і, здаецца, усіх работнікаў устаноў, што фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту. А Караеў так характарызаваў сілавікоў. Але гістарычна ніякіх «гасударавых людзей» у Беларусі не было, як не было і «гасудароў». У адрозненне ад Расіі.
«Гасударавымі людзьмі» ў Расіі лічыліся асобы, абавязаныя несці вайсковую ці адміністратыўную службу на карысць дзяржавы. Іншая назва іх — «служылыя людзі». Яны належалі да розных саслоўяў, іх аб'ядноўваў абавязак дзяржаўнай службы.
У Беларусі тэрміна «гасударавы людзі» не існавала, арганізацыя дзяржавы была ў ВКЛ іншая. У адрозненне ад Расіі, у нас не было паняцця, што дзяржава, краіна і ўвесь яе люд ёсць уласнасцю манарха.
У Расіі цару належала і заканадаўчая, і выканаўчая, і судовая ўлада. У нас кароль ажыццяўляў толькі выканаўчую ўладу, выбіралі яго грамадзяне.
Усе грамадзяне былі свабоднымі людзьмі, але ўзамен мелі абавязак абароны айчыны ў ваенны час.
У тым адрозненне расійскага ладу, які актыўна культывуецца ў тым ліку праз вось такія, як у Караніка і Качанавай вербальныя знакі, ад ВКЛаўскага, беларускага.
Цікавы і моўны нюанс. «Гасударом» у расійскай традыцыі называлі кіраўніка дзяржавы (рас. = «государство»). Адпаведнік слова «государь» на старабеларускай мове — «гаспадар». А «гаспадарства» было сінонімам слова «дзяржава». Аднак з часам у беларускай мове любога ўласніка зямлі сталі называць «гаспадаром». Кожны сам на сваёй зямлі, у сваёй гасподзе гаспадар, тады як у Масковіі, Расіі гасудар — гэта толькі цар.
Чытайце таксама:
«Гасударавы людзі» і «баявыя халопы» існавалі ў Царстве Маскоўскім, у Беларусі такіх не было
Віцэ-прэм'ер Качанава: Маладыя трэнеры павінны адэкватна ўспрымаць заробак 1,3 млн рублёў
«Находите эту тварь и убирайте». Эксперты пацвердзілі, што жорсткія загады сілавікам аддаваў Караеў
«Сыходзіць эпоха навуковага стэндапу». Бесараб пра зняцце з пасады былога кіраўніка Акадэміі навук
«Шкада Акадэмію». Коршунаў пра прызначэнне Караніка кіраўніком НАН
Кіраўнік Акадэміі навук прыдумаў паняцце «беларускі свет» і патлумачыў, што гэта такое
Кіраўнік Акадэміі навук заявіў, што Лукашэнка мог бы прэтэндаваць на Нобелеўскую прэмію
«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай
Кіраўнік НАНБ: У Беларусі за год адбываецца да 80 міні-землятрусаў