БЕЛ Ł РУС

Азараў: Каханак Мельнікавай браў удзел у правакацыі з Азаронкам і быў узнагароджаны

23.05.2025 / 20:22

Nashaniva.com

Кіраўнік арганізацыі Bypol Аляксандр Азараў расказаў тэлеканалу «Белсат» дадатковую інфармацыю пра супрацоўніка лукашэнкаўскіх спецслужбаў Аляксея Лабеева, які, як раней паведамлялася, быў каханкам зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Bypol — адна з арганізацый, якая бярэ ўдзел у расследаванні выданнямі Polityka і The Insider знікнення Мельнікавай.

Аляксандр Азараў адзначыў, што Аляксей Лабееў — супрацоўнік упраўлення вайсковай контрвыведкі КДБ як мінімум па стане на 2021 год. Ён скончыў вайсковы факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выпускнікі якога размяркоўваюцца ў асноўным у ГРУ, КДБ або Міністэрства абароны перакладчыкамі і вайсковымі карэспандэнтамі. Быў пераведзены спачатку служыць у Гродна, дзе ёсць вайсковая часць 22410 ГРУ, а пасля — у Мінск.

У 2021 годзе Лабееву выдалі пашпарт прыкрыцця. Адбылося гэта за месяц да здзяйснення правакацыі, звязанай з нібыта замахам на прапагандыста Грыгорыя Азаронка.

«Паводле нашай інфармацыі, грамадзянін Лабееў браў удзел у гэтай правакацыі. Ён атрымаў пашпарт прыкрыцця за месяц да ўдзелу ў ёй. З гэтым пашпартам, як мяркуецца, браў удзел у гэтай правакацыі і быў адным са сведак у крымінальнай справе. А Анжаліка, мы так разумеем, — ягоная наступная распрацоўка», — сказаў Азараў.

Правакацыя з замахам на Азаронка адбылася летам 2021 года. 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пратэстоўцы нібыта хацелі «знерухоміць, захапіць, кінуць у багажнік» прапагандыста Азаронка, «вывезці ў лес у самае глухое месца, адрэзаць язык». Затым былі апублікаваныя кадры нападу, знятыя з некалькіх ракурсаў, у тым ліку з машыны нападніка — таксіста з Ліды Дзмітрыя Сасноўскага. Яго затрымалі яшчэ да таго, як ён дайшоў да Азаронка.

Як выявілася пазней, супрацоўнікі спецслужбаў прывезлі яго да прапагандыста сваёй машынай і выдалі электрашокер. Забіваць Азаронка або адразаць язык ніхто таксама не збіраўся — з ім хацелі запісаць «пакаяннае» відэа. За гэта Сасноўскі атрымаў 20 гадоў зняволення.

Аляксандр Азараў адзначыў, што ў 2020 годзе ўсім спецслужбам у Беларусі былі пастаўленыя задачы працаваць з пратэстоўцамі і стварыць гучныя справы, каб скампраметаваць іх. У тым ліку гэтым займалася вайсковая выведка і вайсковая контрвыведка КДБ Беларусі. Пасля таго, як справакаваных і скампраметаваных пратэстоўцаў затрымлівалі, арганізатары з крымінальнай справы знікалі або выступалі ў якасці сведак, у тым ліку пад змененымі звесткамі.

За акцыю з Азаронкам Лабееў атрымаў дзяржаўную ўзнагароду, сказаў Азараў.

Чытайце таксама:

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Мельнікава крала грамадскія грошы па $2500, пераводзячы на ўласны рахунак

Мартынава: Мельнікаву пачынаюць мазаць тварам аб асфальт. Мая версія, што яе ўжо няма ў жывых

Праз тры месяцы пасля знікнення Мельнікавай КР выступіла з доўгачаканай заявай

Каментары да артыкула