Польшча ў адказ на «Захад-2025» рыхтуе свае дывізійныя вучэнні
Польшча збіраецца правесці маштабныя вайсковыя вучэнні на ўзроўні дывізіі ў адказ на беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025». Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш перад адлётам у ЗША, дзе ён мае сустрэчу з кіраўніком Пентагона Пітам Хэгсэтам.
Уладзіслаў Косіняк-Камыш. Скрыншот з відэа
Польскі міністр адзначыў, што ўжо даручыў падрыхтаваць першыя за шмат гадоў буйныя вучэнні, у якіх будзе ўдзельнічаць 18-я механізаваная дывізія. Падрабязнасці міністр не раскрыў, але падкрэсліў, што Польшча каардынуе дзеянні з саюзнікамі і гэта будуць найбуйнейшыя вучэнні за апошні час.
Яшчэ напрыканцы красавіка пра магчымасць такіх вучэнняў казаў намеснік міністра абароны Цэзарый Томчык. Тады ён таксама не выключаў удзелу партнёраў з НАТА.
Вучэнні «Захад-2025» плануецца правесці ў Беларусі ў верасні. Зусім нядаўна ў Мінску Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым і пацвердзіў гатоўнасць Беларусі да іх правядзення.
Чытайце таксама:
Вучэнні «Захад-2025»: ці нападзе Расія на краіны Балтыі?
Мінабароны анансавала сумесныя вучэнні «Захад-2025»
На вучэннях «Захад-2025» будуць адпрацоўваць удары тактычнай ядзернай зброяй і «Арэшнікам»