БЕЛ Ł РУС

Расія ў 10 разоў нарасціла выпуск дронаў для ўдараў па ўкраінскіх гарадах

26.05.2025 / 23:12

Nashaniva.com

Расія значна павялічыла вытворчасць беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца для атакаў на ўкраінскія гарады. Цяпер у паветраных атаках могуць удзельнічаць сотні дронаў, прытым некаторыя з іх кіруюцца штучным інтэлектам, што робіць іх менш уразлівымі да сістэм радыёэлектроннай барацьбы, піша The Moscow Times.

Фота ілюстрацыйнае

Асноўная цяжкасць для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны — гэта вялікая колькасць беспілотнікаў, якія запускаюцца амаль штодня. Толькі за першую палову мая Расія выкарыстала больш за 2000 дронаў Shahed, а ў ноч на 26 мая адбылася самая маштабная атака з пачатку вайны — задзейнічана было больш за 364 лятальныя апараты.

Расія ўжо вырабляе шостую мадэль Shahed і рэзка нарошчвае іх выпуск. Калі раней рабілася 300 штук у месяц, то цяпер такая ж колькасць можа вырабляцца за тры дні. Паводле ўкраінскай разведкі, Расія імкнецца павялічыць вытворчасць да 500 беспілотнікаў у дзень. Атака з тысячы дронаў можа стаць рэальнасцю.

Праўда, некаторыя эксперты, у тым ліку ўкраінскі авіяцыйны аналітык Канстанцін Крывалап, лічаць такія лічбы перабольшанымі. Але ён прызнае, што нават без перабольшанняў пагроза значна ўзрастае.

Раней Украіне ўдавалася знішчаць дроны з дапамогай мабільных падраздзяленняў з кулямётамі і ракетнымі ўстаноўкамі. Але новыя мадэлі беспілотнікаў сталі хутчэйшымі, вышэй ляцяць і ўмеюць абыходзіць перашкоды. Іх усё часцей даводзіцца збіваць з дапамогай верталётаў, знішчальнікаў і спецыяльных дронаў-перахопнікаў.

Каля Кіева сістэма СПА ўсё яшчэ эфектыўная і збівае да 95% дронаў, але тыя, што прарываюцца, наносяць сур'ёзную шкоду.

Акрамя таго, новыя дроны больш не залежаць ад GPS, які можна заглушыць. Іх кіруюць праз штучны інтэлект і з выкарыстаннем мабільных сетак. Паводле адной з запісак, знойдзеных у абломках дрона, для кіравання выкарыстоўваюцца нават тэлеграм-боты, якія перадаюць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу.

Чытайце таксама:

У дроне, што прыляцеў ва Украіну, знайшлі запіску з намёкам на змену тактыкі удараў

Расійскія антыдронавыя плашчы павінны былі схаваць салдат ад беспілотнікаў, але здарылася наадварот

Масіраваная атака Расіі на Украіну: 13 загінулых, дзясяткі параненых

Расіяне вядуць наступленне на Сумшчыне і маюць пэўныя поспехі

У Мінбароны РФ заявілі, што расійскія войскі ствараюць «санітарную зону» на мяжы з Украінай

Каментары да артыкула