Латушка: У мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай
Нацыянальная пракуратура Польшчы захоўвае кваліфікацыю расследавання ў дачыненні да Анжалікі Мельнікавай як незаконнае пазбаўленне волі, паведаміў «Белсату» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
«Зараз актыўна ідуць апытванні сведкаў па дадзенай крымінальнай справе — як сябраў Каардынацыйнай Рады з розных фракцый, так і чальцоў каманды Народнага антыкрызіснага кіравання. На жаль, я абмежаваны абавязальніцтвамі аб невыдаванні ходу аператыўных следчых дзеянняў. Але, разам з тым, я магу сказаць сваё ўласнае меркаванне: у мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай», — сказаў ён.
Нагадаем, некалькі дзён таму стала вядома, што зніклая напрыканцы сакавіка спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава магла мець рамантычныя адносіны з мужчынам, які з'яўляецца агентам спецслужбаў Беларусі.
Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна забраніравала пражыванне ў пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага па 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там ейны след губляецца.
Паводле «Кіберпартызанаў», у сакавіку з рахунку фонду Мельнікавай былі выведзеныя вялікія сумы грошай, што прызначаліся для «Кіберпартызанаў» і Каардынацыйнай рады — агулам з рахунку вывелі 150 тысяч даляраў.
Пасля гэтага кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, але не праз асабістыя сустрэчы: казала, што хварэе. 25 сакавіка перастала выходзіць на сувязь. 13 сакавіка ейны тэлефон выкарыстоўвалі для доступу да файлаў Каардынацыйнай рады з беларускага IP-адрасу — імаверна, тэлефон быў на тэрыторыі Беларусі.
Дзе яна знаходзіцца зараз — невядома.
Чытайце таксама:
«Ужо не ведаеш, куды звяртацца». Бацька Анжалікі Мельнікавай расказаў, што яму вядома пра дачку
Каханак Мельнікавай Аляксей Лабееў служыў у КДБ з 2019 года
Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця