БЕЛ Ł РУС

У Заслаўі да Дажынак зачышчаюць гістарычную забудову, якую бралася ахоўваць дзяржава

30.05.2025 / 12:55

Nashaniva.com

На галоўнай вуліцы горада некалькі месяцаў метадычна зносяць усё, што не ўпісваецца ў разуменне чыноўнікаў як нечага каштоўнага. 

Знос экскаватарам дома па Савецкай вуліцы, 45 у Заслаўі. Скрыншот відэа.

Выданне «Заславль Инфо» апублікавала ролік, у якім экскаватарам зносіцца драўляны будынак па вуліцы Савецкай, 45.

Як адзначае тэлеграм-канал «Спадчына», гэты будынак пачатку XX стагоддзя на рагу вуліц Савецкай і Пуцейкі яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі лічыўся гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваўся дзяржавай.

View this post on Instagram

A post shared by Заславль Инфо (@zaslavl_info)

Будынак быў пабудаваны ў 1927 годзе недалёка ад чыгуначнай станцыі «Беларусь». Тады побач з Заслаўем праходзіла дзяржаўная польска-савецкая мяжа і гэта была першая станцыя на тэрыторыі Беларусі, на якую трапляў цягнік з Польшчы — адсюль і такая патрыятычная назва. Будаўніцтва гэтага дома звязваюць з дзейнасцю памежнай службы, то бок яго гісторыя дапаўняе гісторыю горада міжваеннага часу.

Дом №45 у 1994 годзе быў узяты пад ахову як помнік гісторыі і культуры, а ў 2007 годзе перанесены ў новаствораны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У статусе помніка ён праіснаваў роўна трыццаць гадоў — да 2014 года, калі быў пазбаўлены аховы пры падрыхтоўцы горада да Дня беларускага пісьменства. 

Будынак у забудове Савецкай вуліцы. Фота: Wikimedia Commons

Той жа лёс напаткаў дарэвалюцыйныя будынкі карчмы і аптэкі, які размяшчаліся трохі далей па вуліцы, за чыгуначным пераездам, на рагу з Паштовай вуліцай. Гэтыя колішнія помнікі былі гэтак жа знесены ў лютым-сакавіку гэтага года. 

Зачыстка гістарычнай забудовы адбываецца ў межах добраўпарадкавання горада да абласных «Дажынак», якія Заслаўе прыме сёлета.

Карчма і крама па Савецкай вуліцы ў Заслаўі перад зносам. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Рэшткі знесенай карчмы ў Заслаўі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Свята працаўнікоў сяла ўжо не адно дзесяцігоддзе канчаецца для райцэнтраў адчувальнымі стратамі гістарычнай забудовы, якая выглядае для чыноўнікаў недастаткова прывабна. 

Згодна з Кодэксам аб культуры, пазбавіць помнік статусу можна, калі ён быў знішчаны або страціў адметнасці, якія абумовілі яму наданне статусу, і немагчымае ягонае навукова абгрунтаванае аднаўленне. Паколькі будынкі з 1994 года, калі яны атрымалі статус, ніяк не змяніліся, а іх выгляд добра вядомы, выключэнне са спісу з'яўляецца незаконным. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула