Келаг: На перамовах у Стамбуле будуць прадстаўнікі ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі
Перашкодай для правядзення перамоў Келаг называе адсутнасць расійскай версіі так званага «мемарандума».
Кіт Келаг. Фота: AP Photo/Mariam Zuhaib
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа генерал Кіт Келаг паведаміў, што на наступным раундзе мірных перамоў паміж Украінай і Расіяй, якія запланаваныя на 2 чэрвеня ў Стамбуле, чакаецца ўдзел дарадцаў па бяспецы з ЗША, Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі. Пра гэта Кіт Келаг сказаў у інтэрв'ю ABC News.
Келаг паведаміў, што на перамовах у Стамбуле да ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый далучацца дарадцы па бяспецы з Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі. Менавіта гэтая група, паводле яго слоў, раней удзельнічала ў фарміраванні ўкраінскага варыянта «мемарандума» з 22 пунктаў падчас сустрэч у Лондане і Парыжы.
Аднак перашкодай для правядзення перамоў Келаг называе адсутнасць расійскай версіі так званага «мемарандума».
«Калі прэзідэнт Трамп гаварыў з Пуціным, той сказаў, што на працягу тыдня перадасць свой мемарандум. Але мы дагэтуль яго не бачылі. Украінцы яго не бачылі. Я спытаў у кіраўніка апарата прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака, ці бачыў ён яго. Ён адказаў, што не. Я таксама гаварыў з галоўным украінскім перамоўшчыкам — Рустэмам Умеравым, які будзе весці перамовы ў Стамбуле на наступным тыдні. Ён таксама не бачыў мемарандума», — сказаў ён.
Келаг таксама падкрэсліў, што першачарговая мэта перамоў — дасягненне ўсеахопнага спынення агню ў паветры, на сушы, моры і ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры.
Чытайце таксама:
Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы
ЗША атрымалі спіс умоў для мірнага пагаднення ад Украіны і цяпер чакаюць яго ад Расіі