Кіроўцы фур з дронамі, што атакавалі расійскія аэрадромы, расказалі, хто і навошта іх наняў
Следчыя дапыталі кіроўцаў фур, з якіх былі запушчаныя дроны падчас масіраванай атакі па расійскіх аэрадромах.
Дроны вылятаюць з адной з фур. Скрын відэа
Паводле звестак «Базы», адзін з кіроўцаў — 55-гадовы жыхар Чалябінска Аляксандр — расказаў, што ўладальнікам машыны з’яўляецца 37-гадовы Арцём.
Некаторы час таму яму паступіў заказ ад прадпрымальніка з Мурманскай вобласці, які паведаміў, што трэба арганізаваць дастаўку чатырох каркасных дамоў з Чалябінска ў Кольскі раён Мурманскай вобласці.
Мужчыны ўзгаднілі цану, пасля чаго Аляксандр пагрузіў тавар у машыну і адправіўся ў дарогу.
Паводле слоў кіроўцы, падчас руху з ім па тэлефоне звязваўся невядомы і даваў указанні, дзе і ў які час Аляксандру трэба спыняцца.
У выніку апошнім заданнем быў прыпынак ля запраўкі «Раснафта» непадалёк ад аэрадрома ў Мурманскай вобласці. Менавіта адтуль і былі запушчаныя дроны.
Аналагічную гісторыю расказаў і кіроўца іншай фуры, 61-гадовы Андрэй М. Ён паведаміў, што працуе кіроўцам фуры, якая таксама належыць Арцёму, і яго задачай было даставіць каркасныя дамы ў Іркуцкую вобласць. Аднак у той момант, калі кіроўца прыпаркаваўся ля кавярні «Теремок» ва Усоллі-Сібірскім, з машыны пачалі вылятаць дроны.
Падобныя гісторыі расказалі і кіроўцы фур, з якіх былі запушчаныя дроны ў Разанскай і Іванаўскай абласцях.
Так, 46-гадовы Сяргей паведаміў следчым, што вёз модульны дом з Чалябінска. І калі ўехаў у Разань, у яго «сканіі» падчас руху сарвала дах, і адтуль пачалі вылятаць дроны.
Чацвёртая фура, з якой учора запускаліся дроны па Іванаўскім аэрадроме, таксама была загружаная ў Чалябінску. І, паводле слоў кіроўцы, машына належала таму ж Арцёму.
Паводле звестак «Базы», следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле «тэракт».
Зараз яны шукаюць уладальніка машын — Арцёма. Паводле папярэдніх звестак канала, ён з’яўляецца выхадцам з Украіны.
Учора Украіна атакавала расійскія вайсковыя аэрадромы. Як піша «Агентство», згодна са спадарожнікавымі здымкамі ці відэа з авіябаз, Украіна знішчыла і пашкодзіла як мінімум 13 самалётаў, з якіх 11, верагодна, былі цалкам знішчаныя. З іх 10 — гэта самалёты расійскай стратэгічнай авіяцыі.
Паводле звестак даведніка The Military Balance 2024 Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў (IISS), усяго ў Расіі 130 самалётаў Ту-22, 47 Ту-95 і 16 Ту-160. Гэта значыць, што страты Расіі за адзін дзень маглі скласці амаль 8% ад усяго флоту яе стратэгічнай (дальняй) авіяцыі.
Калі падлікі экспертаў дакладныя, то колькасць самалётаў, страчаных Расіяй падчас гэтай атакі ў нядзелю, перавышае агульныя страты стратэгічнай авіяцыі Расіі за ўвесь час поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Кіеў сцвярджае, што пашкоджаных самалётаў значна больш, але пацверджанняў гэтай інфармацыі пакуль няма.
Чытайце таксама:
Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю
«Рускі Пёрл-Харбар». Z-каналы ў шоку ад украінскай атакі на расійскія аэрадромы
Зяленскі: У аперацыі «Павуцінне» былі выкарыстаны 117 дронаў