Ці можа пасажыр з верхняй паліцы ў цягніку прымусіць чалавека з ніжняй падзяліцца месцам? Не ўсё так проста
У правілах беларускай і расійскай чыгункі ёсць прынцыповыя адрозненні наконт таго, як пасажырам дзяліць ніжнюю паліцу.
У сацыяльных сетках усё часцей узнікаюць спрэчкі наконт таго, як правільна дзяліць месца на ніжняй паліцы ў цягніку. З аднаго боку, адзін чалавек заплаціў канкрэтна за гэтае (больш зручнае) месца. З іншага — пасажыру, які мае квіток на верхнюю паліцу, можа быць нязручна ўсю дарогу ехаць пад столлю. Банальна для таго, каб паснедаць, патрэбны стол.
Пра чарговы непрыемны выпадак расказала ў інстаграме блогерка з Брэста. Яна заплаціла 150 рублёў за квіток у плацкарце з Масквы ў свой горад. Месца было на ніжняй паліцы. Жанчына прызнаецца: яна любіць паспаць, таму планавала паляжаць у «ложку» ажно да абеду.
— А 7-й раніцы мяне разбудзіла жанчына з верхняй паліцы і сказала, каб я вызваліла ёй частку сваёй паліцы. Бо яна хоча сядзець, больш не хоча ляжаць.
Блогерка была ў шоку і адмовілася выканаць патрабаванне суседкі. Скончылася гісторыя тым, што жанчына з верхняй паліцы села на іншае вольнае месца знізу.
Відэа ўжо набрала больш за 1,7 мільёна праглядаў у інстаграме, а ў каментарыях пачалася актыўная дыскусія наконт таго, хто з жанчын меў рацыю.
Каб адказаць на гэта пытанне, трэба азнаёміцца з дакументамі. У адпаведнасці з пунктам 5.8 Правілаў праезду пасажыраў беларускай чыгункі спальнымі месцамі, як правіла, карыстаюцца ў начны час сутак (з 21:00 да 7:00). «Пры згодзе іншых пасажыраў магчыма выкарыстанне спальных месцаў і ў іншы час».
Як тлумачыць праваднікі Белчыгункі, гэта азначае, што пасажыры маюць права выкарыстоўваць паліцу як ложак пераважна ў начны час. Днём спаць (ляжаць) на сваёй ніжняй паліцы можна, калі чалавек з верхняй не супраць гэтага.
У расійскай чыгункі правілы іншыя.
З верасня 2023 года там строга рэгламентавана, калі чалавек з верхняй паліцы можа сядзець на ніжняй. Прапісана, што пасажыр з ніжняй паліцы абавязаны даць суседу зверху магчымасць паесці за сталом. Графік такі: сняданак з 7.00 да 10.00 (не больш за 30 хвілін), абед з 12.00 да 15.00 (не больш за гадзіну), вячэра з 19.00 да 21.00 (не больш за 30 хвілін).
Асобна тлумачыцца, што столік з'яўляецца агульнай прасторай, даступнай для ўсіх пасажыраў. То-бок любы пасажыр можа пакідаць там, напрыклад, свае напоі. Аднак праблема бакавых месцаў застаецца: там столік — гэта па сутнасці частка ложку ніжняга месца.
Забароны на тое, каб пасажыр з квітком на верхнюю паліцу сядзеў на ніжняй у іншы час няма, але ж пра гэта трэба самастойна дамаўляцца з суседам. Калі не атрымоўваецца, РЧ раіць звяртацца па дапамогу ў вырашэнні канфлікту да правадніка. Можна нават папрасіць змяніць сваё месца на больш зручнае, калі ў вагоне ёсць вольныя, але за гэта трэба будзе даплаціць.
Яшчэ адзін важны нюанс. У беларускай чыгункі няма адрознення ў цэнах на квіткі на верхнія і ніжнія паліцы. У расійскай чыгункі сітуацыя іншая: квіткі на верхнія паліцы на 20-30% таннейшыя за ніжнія. Імаверна гэтым можна тлумачыць прынцыповыя адрозненні ў палітыцы наконт карыстання ніжнімі паліцамі.
Таму, калі плануеце вандроўку, звяртайце ўвагу на тое, цягнікамі якой чыгункі вы будзеце ехаць. Бо ў беларускіх цягніках працуюць беларускія правілы, у расійскіх — расійскія.
У гэты момант цягнікі Белчыгункі па зразумелых прычынах не ходзяць ва Украіну і краіны Еўрасаюза, таму правілы іншых краін наконт карыстання ніжняй паліцай не разглядаліся.
Чытайце таксама:
«Чалавек збярог для вас паветра!» У тыктоку спрачаюцца, ці можна ляжаць у плацкарце ў абутку
«Дыямент, тры разы вымыла праходы». Правадніца чыгункі прывяла ў захапленне пасажыраў
Беларуская чыгунка часова адключыць продаж электронных квіткоў на цягнікі