БЕЛ Ł РУС

Чарговы фэйк: Зяленскі нібыта падарыў сваёй маці кватэру ў Дубаі за 3,2 мільёна даляраў

5.06.2025 / 20:52

Nashaniva.com

Расійскія інфармацыйныя каналы зноў спрабуюць ачарніць прэзідэнта Украіны. На гэты раз яны «знайшлі» нерухомасць у Арабскіх Эміратах.

Ілюстрацыя, якая суправаджае «навіну». Крыніца: www.alchourouk.com

5 чэрвеня ў расійскіх СМІ пайшла хваля перапостаў навіны аб тым, што ў дубайскім рэестры нерухомасці выяўлена кватэра ў самым высокім будынку планеты Бурдж-Халіфа, уладальнікам якой значыцца маці прэзідэнта Украіны Рыма Зяленская.

У якасці крыніцы інфармацыі адныя пазначаюць тэлеграм-канал «Голас Мардора», іншыя спасылаюцца на «афіцыйны канал Al Arabiya».

Для большай праўдзівасці ў тэлеграм-каналах размешчана відэа гэтай навіны, якое суправаджаецца перакладам на англійскую мову і субцітрамі на рускай. У відэа нават дэманструецца Initial Contract of Sale з датай угоды — 16 верасня 2024 года, коштам 11,8 мільёна дырхамаў і імя пакупніка — Rimma Zelenska. Аўтары фэйка ўдакладняюць, што кошт адпавядае 3,2 мільёнам даляраў.

Самае цікавае, што ў відэа ў якасці крыніцы інфармацыі падаецца сайт alchourok.com. Але стваральнікі фэйку так спяшаліся, што дапусцілі памылку ў напісанні сайта, які выдае сябе за туніскі інфармацыйны рэсурс, — яны прапусцілі адну літару. Правільнае напісанне — www.alchourouk.com. Цікава і тое, што дата навіны на сайце — 2 чэрвеня 2025 года.

Пры больш дэталёвым вывучэнні профіляў выдання, на якія вядуць кнопкі сацыяльных сетак, якія размешчаны на сайце,  мы высветлілі дзіўныя рэчы. 

Напрыклад, спасылка ў твітары вядзе на пусты профіль, а інстаграм-старонка змяшчае спасылку на YouTube-канал, які не мае ніякага дачынення да СМІ і не супадае з YouTube-каналам, на які перанакіроўвае кнопка на галоўнай старонцы сайта.

Дарэчы, у інстаграм-профілі пазначаны лагін «Alchourouk_tn», аднак выдання з такім адрасам у нацыянальным даменным полі «.tn» не існуе.

Усё гэта выклікае сур’ёзныя сумневы ў аўтэнтычнасці як самога сайта, так і інфармацыі, што на ім публікуецца.

Зразумела, што ні на афіцыйным сайце Al Arabiya, ні на яго ютуб-канале такой навіны няма. Адсутнічае яна і на іншых рэсурсах як на арабскай, так і на англійскай мовах. А вось у рускамоўным сегменце інтэрнэту чамусьці менавіта сёння яна пачала хуткімі тэмпамі распаўсюджвацца.

Чытайце таксама:

«Зяленскі купіў рэзідэнцыю Гітлера». Вось адкуль прапаганда ўзяла новы фэйк

Каб распаўсюдзіць фэйк пра жонку Зяленскага, расіяне стварылі фальшывы французскі СМІ

Украінцы забілі расійскага палоннага, бо яго жонка не даслала голае фота? Здаецца, зноў фэйк

Каментары да артыкула