Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную
Калі махлярства выявілася, адбылося гучнае банкруцтва.
Лога Builder.ai на Web Summit 2024 года ў Катары. Photo By Ramsey Cardy/Sportsfile for Web Summit Qatar via Getty Images
Вялікая лонданская кампанія Builder.ai, якая некалі каштавала 1,5 мільярда долараў і мела падтрымку такіх гігантаў, як Microsoft, аб'явіла пра банкруцтва. Прычынай стала выкрыццё кампаніі ў тым, што яна ўводзіла ў зман інвестараў адносна сваіх магчымасцяў у галіне штучнага інтэлекту. Builder.ai выкарыстоўвала каля 700 індыйскіх праграмістаў, якія ўручную пісалі код для праграм, у той час як кампанія рэкламавала іх як згенераваныя штучным інтэлектам прадукты.
Калі праўда выйшла наяў, кампанія стала аб'ектам увагі праваахоўных органаў. Выкрыццё паказала, што тэхналогія кампаніі была ў значнай ступені ілюзіяй.
Ужо ў 2019 годзе The Wall Street Journal выяўляў сумнеўныя заявы Builder.ai пра ШІ, падкрэсліваючы, што платформа моцна залежыць ад чалавечых рук. Былыя супрацоўнікі апісвалі кампанію як «усё інжынеры, ніякага ШІ».
Крах Builder.ai адбыўся ў маі 2025 года, калі крэдытор Viola Credit арыштаваў 37 мільёнаў долараў з рахункаў кампаніі, выявіўшы, што стартап завысіў свае прагнозы па даходах на 2024 год на 300%.
Гэты інцыдэнт падкрэслівае, колькі махлярстваў цяпер у сферы стартапаў, якія ствараюцца на хвалі моды на штучны інтэлект —кампаніі пераафармляюць звычайныя тэхналагічныя паслугі пад маркай штучнага інтэлекту, каб прыцягнуць інвестыцыі ў цяперашні бум ШІ.
У выніку краху Builder.ai засталася віннай 85 мільёнаў долараў Amazon і 30 мільёнаў долараў Microsoft за паслугі воблачных вылічэнняў, а тысяча супрацоўнікаў страцілі працу. Кампанія цяпер праходзіць працэдуру банкруцтва ў Вялікабрытаніі, Індыі і ЗША, піша The Times of India.
Гэта самы гучны правал ШІ-стартапа з моманту запуску ChatGPT, які выклікаў сусветны інвестыцыйны ажыятаж.
Чытайце таксама:
Кароткія тэксты ад штучнага інтэлекту замест спасылак — Google запусціў новую сістэму пошуку
Samsung збіраецца паставіць на смартфонах яшчэ адзін штучны інтэлект, акрамя Gemini
«Цяпер зброя вайны — клавіятура». Брытанія выдаткуе 1 мільярд фунтаў на мадэрнізацыю кібервойскаў
Беларускі IT-мільянер Гурскі: Маю першую жонку забіў гемблер