«У палітыцы была справа». Лукашэнка высветліў, чаму беларусам не хапіла бульбы
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па сферы кінематаграфіі выказаўся і адносна таго, чаму нядаўна ў Беларусі ўзнік дэфіцыт бульбы. Паводле яго слоў, сітуацыю стварылі штучна, а цяпер яе ўжо вырашылі.
Фота ілюстрацыйнае
«Вы павінны быць «памяркоўнымі», узважанымі — беларусамі. Зямнымі людзьмі, якія глядзяць наперад. Ня скуголіць увесь час, што ў нас «ах, дрэнна, бульбы не хапае», яшчэ чагосьці… Усяго хапае ў нас», — безапеляцыйна заявіў Лукашэнка.
А калі бульбы і іншай агародніны сёлетняй вясной не хапала, то тут умяшалася палітыка і нядобразычліўцы:
«Калі праверыў Камітэт дзяржкантролю некаторых дзеячаў, аказваецца, у палітыцы была справа. Бульбы хапала. Але дзесьці прытрымалі, каб паказаць, што, вось, прэзідэнт у цэнаўтварэнне ўмяшаўся, таму вось вынік. А калі ён [КДК] з кайданкамі прыйшоў, на стол паклаў — бульба з'явілася», — выклаў сваю версію Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Лукашэнка на нарадзе пра кіно: Без вас мы можам абысціся. Вас няма
Круты прызнаўся Лукашэнку, што акупнасць Беларусьфільма — 3%
Лукашэнка пра «Беларусьфільм»: Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць, не — да пабачэння