БЕЛ Ł РУС

Брэсцкі аблвыканкам зноў закупаецца сувенірнымі зубрамі

11.06.2025 / 20:11

Nashaniva.com

Брэсцкі аблвыканкам зноў патраціў бюджэтныя грошы на драўляныя скульптуры зуброў. Гэтым разам было набыта 20 фігурак ручной работы з ліпы на агульную суму амаль 7 тысяч рублёў — прыкладна 347 рублёў за аднаго зубра. Падобныя, але большыя скульптуры аблвыканкам ужо купляў у чэрвені 2024 года — тады за шэсць зуброў аддалі больш за 4,5 тысячы рублёў, піша BG.Media.

Шафы-вітрыны з зубрамі ў Брэсцкім аблвыканкаме. Скрыншот відэа

Згодна з дакументамі тэндару, скульптуры маюць 20 см у вышыню і 22 см у даўжыню, зробленыя яны з ліпы і афарбаваныя ў карычневыя адценні.

Для чаго набываюць зуброў — афіцыйна не тлумачыцца, але, мяркуючы па папярэднім вопыце, хутчэй за ўсё іх будуць дарыць гасцям або размяшчаць у кабінетах чыноўнікаў.

Так выглядае драўляны зубр, які гэтым разам закупіў Брэсцкі аблвыканкам

Зубры, якія Брэсцкі аблвыканкам падарыў Палацу Незалежнасці ў Мінску. Фота: Брэсцкі аблвыканкам

Так, напрыклад, аднаго з зуброў падарылі расійскаму баксёру Дзмітрыю Пірагу, іншыя былі перададзеныя Палацу Незалежнасці.

Пятро Пархомчык дорыць зубра расійскаму баксёру Дзмітрыю Пірагу. Фота: Брэсцкі аблвыканкам

У будынку аблвыканкама ўжо ёсць некалькі вітрын з фігуркамі зуброў, а цяперашні старшыня Пятро Пархомчык, як і ягоны папярэднік Юрый Шулейка, збірае такую калекцыю.

Калекцыя зуброў Юрыя Шулейкі, калі ён быў старшынёй Брэсцкага аблвыканкама

У красавіку 2025 года на тры новыя вітрыны для гэтай калекцыі выдаткавалі яшчэ больш за 18 тысяч рублёў.

Такім чынам, купля драўляных зуброў за дзяржаўны кошт у Брэсце працягваецца — скульптуры становяцца часткай традыцыі і своеасаблівай «візітоўкай» мясцовай улады.

Чытайце таксама:

Брэсцкі аблвыканкам патраціў 8500 рублёў на сувенірных зуброў. Іх калекцыянуе старшыня

Кіраўнік Брэсцкай вобласці калекцыянуе зуброў

Брэсцкі губернатар прапануе, каб гандлёвыя сеткі рабілі перадаплату за яшчэ не вырашчаную гародніну

Каментары да артыкула