У Еўропе зацвердзілі новыя пошліны на сельгаставары і ўгнаенні з Беларусі і Расіі
Рада Еўрапейскага саюза прыняла рашэнне ўвесці новыя мытныя пошліны на сельскагаспадарчую прадукцыю і асобныя віды ўгнаенняў з Беларусі і Расіі. Да гэтага яны не абкладаліся дадатковымі зборамі.
Беларускае прадпрыемства «Гродна-Азот». Фота: azot.by
Як паведамляецца, гэтая мера накіраваная на змяншэнне залежнасці ЕС ад імпарту з Беларусі і Расіі і на скарачэнне даходаў Расіі ад экспарту. Пастанова павінна ўступіць у сілу 1 ліпеня 2025 года.
Пасля ўступлення рашэння ў сілу пошліны будуць дзейнічаць для ўсіх сельгаспрадуктаў з Расіі. Большасць іншых тавараў ужо абкладаюцца мытамі. Таксама новаўвядзенне закране і тыя тавары, што ў 2023 годзе складалі каля 15% усяго аграрнага імпарту з Расіі.
Што датычыцца ўгнаенняў, у тым ліку з Беларусі, то новыя пошліны будуць ужывацца да некаторых азотных прадуктаў. Іх павышэнне будзе адбывацца паступова цягам трох гадоў.
У ЕС падкрэслілі, што рэалізацыя новай палітыкі будзе строга кантралявацца. Яе мэта — аслабленне ваеннай эканомікі Расіі, павелічэнне ўнутранай вытворчасці і разнастайнасці паставак у ЕС, а таксама забеспячэнне еўрапейскіх фермераў неабходнымі таварамі.
Праўда, самі фермеры ў ЕС не ўсе падтрымалі гэтае рашэнне. Яны папярэджвалі пра магчымыя сур’ёзныя наступствы і прасілі адкласці ўвядзенне новых мер хаця б на год.
Беларускія ўлады, у сваю чаргу, рэзка крытыкуюць усе санкцыі і эканамічныя абмежаванні, называючы іх «незаконнымі».
Чытайце таксама:
Германія закупляе ўсё больш беларускіх азотных угнаенняў. За тры гады рост у 120 разоў
Вольга Лойка: Санкцыі на беларускія калійныя ўгнаенні могуць быць помстай з боку Расіі
Лукашэнка: Продажы калійных угнаенняў вярнуліся на дасанкцыйны ўзровень
Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі