У Мінску закладчык падманваў наркашоп: замовы прымаў, але наркотыкі пакідаў сабе
У Мінску накіравалі ў суд крымінальную справу супраць 43-гадовага мужчыны, які раней ужо неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Яго абвінавачваюць у незаконным абароце асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з мэтай збыту, пішуць «Мінск-Навіны».
Фота ілюстрацыйнае
Паводле інфармацыі пракуратуры Фрунзенскага раёна, на працягу трох месяцаў мужчына ўжываў псіхатропныя рэчывы. Адзін з адміністратараў наркашопа прапанаваў яму стаць «закладчыкам». Той пагадзіўся, прайшоў інструктаж і атрымаў першае заданне. Але замест таго, каб выканаць яго, мужчына забраў псіхатроп сабе, а ў тайнікі паклаў звычайны анальгін.
Куратар зразумеў, што яго падманулі, пачаў пагражаць, але потым усё ж даручыў новае заданне: забраць 3 грамы рэчыва альфа-PVP каля Чыжоўскага вадасховішча, падзяліць на шэсць частак і схаваць. Але і тут мінчук пайшоў сваім шляхам — ён сам ужыў рэчыва разам з сябрамі.
Наркашоп працягваў патрабаваць ад яго фотаздымкі і геалакацыі схованак, але мужчына адмаўляўся, спасылаючыся на тое, што ў яго няма ізаленты і ён нібыта яшчэ ўсё зробіць. Урэшце куратар ізноў пачаў пагражаць, але фігурант ігнараваў паведамленні.
Раніцай мужчыну затрымалі супрацоўнікі наркаконтролю. Пры асабістым вобшуку ў яго знайшлі 1,46 грамаў альфа-PVP. У дачыненні да яго завялі чарговую крымінальную справу.
Абвінавачаны працуе экспедытарам у прыватнай кампаніі, раней двойчы судзіўся за маёмасныя злачынствы, судзімасць не знятая і не пагашаная. Яму выстаўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэкса — за незаконнае набыццё, захоўванне і перавозку асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры з мэтай збыту, здзейсненае групай асоб. Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без яго.
Сваю віну мужчына прызнаў, але ад паказанняў адмовіўся. Ён знаходзіцца пад вартай.
Чытайце таксама:
Расіяніна затрымалі з 37 кілаграмамі наркотыкаў у Мінску
У Гдыні затрымалі беларуса з наркотыкамі
На беларускай мяжы затрымалі груз гашышу, замаскаванага пад грушавае пюрэ
Беларус, што жорстка ўдарыў паўтарагадовага хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце, быў пад наркотыкамі