БЕЛ Ł РУС

Тайвань хоча адарваць сваю эканоміку ад Кітая. Наколькі гэта рэальна?

8.07.2025 / 13:45

Nashaniva.com

У Тайвані імкнуцца скараціць залежнасць ад свайго самага буйнога гандлёвага партнёра — Кітая. У 2010 годзе больш за 80% новых замежных інвестыцый з Тайваня ішлі ў Кітай, летась — толькі каля 7%. Але ці магчымы поўны разрыў?

Гігант эканомікі Тайваня TSMC вырас дзякуючы інвестыцыям у вытворчасць у Кітаі і продажу прадукцыі кітайскім кампаніям. Фота: Getty Images

Кітай доўгі час быў галоўным гандлёвым партнёрам Тайваня, асноўным пакупніком яго прадукцыі і месцам, дзе шматлікія тайваньскія кампаніі наладзілі вытворчасць. Але Кітай таксама з’яўляецца найбольшай пагрозай для Тайваня і прэтэндуе на яго як на сваю тэрыторыю.

Як піша The New York Times, цяпер кіруючая партыя Тайваня заяўляе, што хоча прыкласці больш намаганняў для разрыву гандлёвых сувязяў, якія дзясяткі гадоў падтрымлівалі эканамічны рост краіны.

Прэзідэнт Лай Цындэ заклікаў кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю паўправаднікоў — асноўнай галіны тайваньскай эканомікі, — спыніць гандаль з Кітаем. На яго думку, тайваньскія фірмы, што вырабляюць большую частку сучасных камп’ютарных чыпаў у свеце, павінны перабудоўваць свае ланцужкі паставак, засяродзіўшыся толькі на дэмакратычных краінах.

Лай Цындэ пасля абрання на пасаду прэзідэнта Тайваня ў маі гэтага года. Фота: AP Photo/Louise Delmotte

У чэрвені ўрад Тайваня паведаміў мясцовым прадпрыемствам, што цяпер для продажу прадукцыі дзвюм ключавым кітайскім тэхналагічным кампаніям — Huawei і SMIC — ім спатрэбяцца адмысловыя ліцэнзіі. Абедзве кампаніі з’яўляюцца цэнтральнымі ў намаганнях Пекіна наладзіць уласную вытворчасць чыпаў.

Гэты крок адпавядае доўгатэрміновай мэце ЗША: перакрыць Кітаю доступ да перадавых тэхналогій. Ён таксама падкрэслівае складанасць геапалітычнай сітуацыі, у якой апынуўся Тайвань, — у пастцы паміж дзвюма звышдзяржавамі. Прэзідэнт Дональд Трамп пагражае ўвесці мыты на прадукцыю Тайваня і дзясяткаў іншых партнёраў ЗША ўжо на гэтым тыдні.

Па меркаванні даследчыка Стэнфардскага ўніверсітэта Харыса Тэмплемана, кіруючая партыя Тайваня хоча, каб Вашынгтон успрымаў яе як надзейнага сябра, нават калі гэта прынясе эканамічныя страты ў кароткатэрміновай перспектыве.

Але Тайвань можа заплаціць высокую цану за перанос сваёй эканомікі з Кітая, на які на працягу дзесяцігоддзяў амаль уся замежная інвестыцыйная дзейнасць яго кампаній была арыентавана. Такія гіганты, як Taiwan Semiconductor Manufacturing Company (TSMC) і Foxconn, выраслі дзякуючы інвестыцыям у вытворчасць у Кітаі і продажу прадукцыі кітайскім кампаніям.

Foxconn вырабляе прылады для такіх гігантаў, як Apple і Nvidia на сваіх заводах у цэнтральным Кітаі і карыстаецца выгодамі ад шматгадовых дзяржаўных кітайскіх інвестыцый у інфраструктуру, а яе заснавальнік Тэры Гоў, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у Тайвані ў 2024 годзе, вядомы як чалавек, настроены на супрацоўніцтва з Кітаем.

Самы багаты чалавек Тайваня Бары Лэм зарабіў сваё багацце на вытворчасці ноўтбукаў у Кітаі з дапамогай сваёй кампаніі Quanta Computer. Гігант вытворчасці харчовай прадукцыі Want Want атрымлівае асноўную частку прыбытку ад кітайскага рынку. Яго заснавальнік Цай Эн-мэн адкрыта падтрымлівае патрабаванні Пекіна наконт Тайваня і кіруе пракітайскімі тэлеканаламі і YouTube-каналамі.

У пастцы паміж дзвюма імперыямі

Шчыльныя сувязі паміж дзвюма эканомікамі ўладамі Тайваня, з аднаго боку, успрымаюцца як сродак стрымлівання кітайскай агрэсіі, але з другога боку — як спосаб уплыву Кітая на востраў.

За апошняе дзесяцігоддзе некаторыя тайваньскія кампаніі пачалі пераглядаць сваю арыентацыю на Кітай. У 2014 годзе, калі ўлады Тайваня прапанавалі паглыбіць эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем, тысячы людзей выйшлі на пратэсты, баючыся страты незалежнасці. У выніку план быў адкліканы.

Напружанасць у гандлі і пандэмія Covid-19 яшчэ больш падштурхнулі тайваньскія кампаніі да дыверсіфікацыі. У 2010 годзе больш за 80% новых замежных інвестыцый з Тайваня ішлі ў Кітай, а летась — толькі каля 7%.

Тым не менш, аналітыкі сцвярджаюць, што поўнасцю раз'яднаць дзве эканомікі будзе складана, бо Кітай застаецца галоўным пакупніком тайваньскага экспарту, асабліва паўправаднікоў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад вострава рэзкага павелічэння ваенных выдаткаў і абвінаваціў у крадзяжы ў Злучаных Штатаў лідарства ў вытворчасці чыпаў. Улады Тайваня паабяцалі сціпла павялічыць ваенныя выдаткі, а TSMC — удвая павялічыць свае інвестыцыі ў ЗША.

На погляд аналітыкаў, пастаўкі тэхналагічнага абсталявання ў Кітай, хутчэй за ўсё, застануцца крыніцай напружанасці і прадметам перамоваў паміж Тайванем і адміністрацыяй Трампа.

У мінулым годзе абурэнне ў Вашынгтона выклікаў факт выяўлення чыпа вытворчасці TSMC у кітайскай прыладзе Huawei, нягледзячы на амерыканскія санкцыі. У адказ Тайвань унёс Huawei і SMIC у спіс кампаній з абмежаваным гандлем, што стала крокам да спынення тэхналагічнага экспарту ў Кітай.

Нягледзячы на геапалітычны ціск, шмат тайваньцаў працягваюць весці і засноўваць бізнэсы ў Кітаі.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Тайваня прапанаваў Кітаю адабраць у Расіі землі на Далёкім Усходзе

Кітай пабудаваў дзеля чагосьці ў пустыні копію ўрадавага раёна сталіцы Тайваня

Тайвань павялічыў штрафы за незаконны экспарт у Беларусь больш чым у 15 разоў

Каментары да артыкула