БЕЛ Ł РУС

Шуневіч з жонкай не выйгралі права на паляванне на мядзведзя. Конкурс праводзіла арганізацыя Шуневіча

9.07.2025 / 16:13

Nashaniva.com

Таварыства паляўнічых і рыбаловаў вызначыла семярых пераможцаў з дапамогай рандома.

Ігар Шуневіч з трафеем. Фота: trophybook.by

Кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч не выйграў права на паляванне на мядзведзя, якое разыгрывала ягоная ж арганізацыя.

Нядаўна дзяржава ўпершыню ў суверэннай гісторыі Беларусі дазволіла папаляваць на мядзведзяў, паколькі колькасць гэтых чырвонакніжных звяроў у апошні час павялічылася.

Таварыства паляўнічых і рыбаловаў правяло розыгрыш правоў на паляванне на мядзведзяў. Удзельнічаць маглі толькі паляўнічыя з вопытам больш за тры гады. Заяўкі падаў 161 чалавек, сярод якіх былі і сам Шуневіч, і яго жонка Таццяна, якая таксама любіць паляванне.

Таццяна Шуневіч на паляванні. Фота: trophybook.by

Конкурс правялі з дапамогай рандома, прычым сам працэс запісалі на відэа. Права на паляванне на мядзведзя атрымалі сем чалавек. Шуневіч і ягоная жонка не выйгралі. 

Пераможцы змогуць паляваць толькі ў адзін з дзён з 1 ліпеня па 31 снежня. Дзяржава дазволіла адстрэліць у гэтым годзе 20 мядзведзяў.

З кожным з пераможцаў звяжацца прадстаўнік арганізацыі, каб узгадніць дакладны час і месца палявання. Першае паляванне на мядзведзя запланавана ўжо на гэтыя выхадныя.

Згодна з правіламі, калі паляўнічы здабудзе мядзведзя, ён больш не можа ўдзельнічаць у паляванні на гэтую жывёліну ў бягучым сезоне. Калі ж здабыча не ўдалася — чалавек мае права зноў падавацца на наступныя розыгрышы.

Паляванне дазволена ў Багушэўскім, Бягомльскім, Віцебскім, Лёзненскім, Суражскім, Ушацкім і Барысаўскім вопытным лясніцтвах, дзе больш за ўсё мядзведзяў.

Чытайце таксама:

Найбольш паспяховы ў катэгорыі «алень». Якія паляўнічыя трафеі мае былы міністр Шуневіч і яго жонка?

На гэтыя выхадныя ўпершыню за доўгі час у Беларусі будуць паляваць на мядзведзя

У лесе паміж Івянцом і Ракавам турысты сустрэлі рысь з рысянятамі ВІДЭА

Еўрапейская краіна, дзе мядзведзі свабодна блукаюць і якая зрабіла на іх турбізнэс

У сямі беларускіх лясгасах дазволілі паляванне на мядзведзя

Італьянскі матацыкліст зрабіў сэлфі з медзведзянём. Пасля гэтага яго насмерць разарваў дарослы мядзведзь

Каментары да артыкула