БЕЛ Ł РУС

Памерла Ірына Яскевіч

11.07.2025 / 16:10

Nashaniva.com

Раптоўна пайшла з жыцця сябра Нацыянальнага камітэта Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ірына Яскевіч, паведамілі ў сацсетках яе аднапартыйцы. Ёй было 62 гады.

Ірына Яскевіч нарадзілася 17 студзеня 1963 года ў Старых Дарогах. Скончыла Мінскі тэхналагічны каледж па спецыяльнасці «дызайнер жаночага адзення».

З 1996 года яна была прадпрымальніцай, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, абараняючы правы малога бізнэсу. Ірына ўдзельнічала і ініцыявала больш за 12 забастовак не толькі ў горадзе Віцебску, але і ў Мінску, адна з якіх доўжылася каля 3 месяцаў.

У 1998 годзе стала старшынёй Рады прадпрымальнікаў на малым віцебскім рынку «Паўднёвы». У 2008 годзе была абраная старшынёй Рады прадпрымальнікаў аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Віцебска «Эвіком».

У 2005 годзе заснавала Беларускі незалежны прафсаюз «Разам», упарта дабіваючыся яго рэгістрацыі. У 2017 годзе зарэгістравала Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва.

Ірына Яскевіч была шматгадовай кіраўніцай Віцебскай гарадской арганізацыі АГП. Неаднаразова балатавалася ад партыі на выбарах у мясцовыя саветы розных узроўняў, а таксама ў Палату прадстаўнікоў.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў 2016 года «Наша Ніва» ўключала Ірыну Яскевіч ў топ-7 самых яркіх рэгіянальных кандыдатаў, прадстаўляючы жанчыну так:

«Адна з самых смелых прадпрымальніц краіны. Яскевіч не з тых, хто адседжваецца і чакае, а заўсёды рашуча дзейнічае. Яе ведаюць улады не толькі ў родным Віцебску, але і Мінску. Яскевіч актыўна спрабуе дагрукацца да людзей, хоць і прызнае, што большасць ставіцца да выбараў абсалютна абыякава».

Чытайце таксама:

Памёр Мікола Люцко

Памёр Эдуард Герасімовіч

Памёр Андрэй Бардухаеў-Арол

Каментары да артыкула