У Навагрудку падпісалі дамову аб стварэнні Беларускага музея Халакосту
Падпісана пагадненне аб стварэнні першага музея Халакосту ў Беларусі. Беларускі музей Халакосту і супраціву будзе размешчаны ў Навагрудку, дзе падчас нацысцкай акупацыі былі забітыя 11 000 яўрэяў, піша «Радыё Свабода».
Навагрудак. Памятны знак на адным з месцаў расстрэлу яўрэяў з Навагрудскага гета. Архіўнае фота
Музейная ўстанова ў Навагрудку ўшануе памяць 11 000 яўрэяў — ахвяр нацысцкіх распраў, і 250 вязняў гета, якія пракапалі сабе шлях да свабоды.
Пагадненне 10 ліпеня 2025 года падпісалі Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускі фонд міру і Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт.
Сяргей Чаркоўскі, старшыня Навагрудскага райвыканкама, Артур Ліўшыц, старшыня Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі, Максім Місько, старшыня Беларускага фонду міру пасля падпісання дамовы аб музеі Халакосту. Навагрудак, 10 ліпеня 2025.
У Навагрудку адбыўся надзвычайны акт яўрэйскага супраціву. 26 верасня 1943 года 250 вязняў здзейснілі найбольш маштабныя ў акупаванай нацыстамі Еўропе дакументаваныя ўцёкі з гета, таемна выкапаўшы за пяць месяцаў 250-метровы тунэль.
Многія ўцекачы далучыліся да партызанскага атрада Тувэ Бельскага — адзінага цалкам яўрэйскага партызанскага атрада ў Беларусі, які вёў з ляснога лагера ў Налібоцкай пушчы барацьбу з нацыстамі і выратаваў больш за 1200 яўрэяў.
Вядома, што музей будуць ствараць на тэрыторыі былога яўрэйскага гета ў Навагрудку, побач з цяперашнім Музеем яўрэйскага супраціву ў гістарычных будынках. Пра час адкрыцця пакуль не паведамляюць.
Чытайце таксама:
Беларусь — не ўскраіна, а цэнтр еўрапейскай гісторыі, сцвярджае гісторык Цімаці Снайдэр
ЦРУ правярала версію пра ўцёкі Гітлера ў Паўднёвую Амерыку праз 10 гадоў пасля яго смерці