БЕЛ Ł РУС

Губернатары выступаюць з заклікамі да беларусаў не лётаць у Расію. Прэс-службы вінавацяць штучны інтэлект

14.07.2025 / 19:39

Nashaniva.com

У сеціве з'яўляюцца відэазвароты кіраўнікоў беларускіх абласцей, у якіх яны асцерагаюць суграмадзян ад падарожжаў самалётамі ў Расію, звяртаючы ўвагу на тое, што гэта небяспечна з-за ваенных умоў. Праўда, прэс-службы запэўніваюць, што звароты фэйкавыя і згенераваныя штучным інтэлектам.

Фэйкавае выступленне Івана Крупко

На гэты момант вядома пра звароты ад імя старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка і ягоных гомельскага і магілёўскага калег Івана Крупко і Анатоля Ісачанкі.

Усе звароты маюць ідэнтычны змест, у іх чыноўнікі заяўляюць пра тое, што ў Расіі нібыта адбыўся інцыдэнт з беларускім самалётам, які «абстраляла» расійская СПА (нядаўна мы пісалі пра гэты фэйк).

«Хачу нагадаць, пры куплі авіябілета для палёту ў Расейскую Федэрацыю неабходна ўсведамляць усе рызыкі», — заяўляюць губернатары, сцвярджаючы, што «ў Расіі ідзе вайна з Украінай і сістэмы супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы могуць у кожны момант прыняць паветранае судна за варожы беспілотнік».

Прэс-службы аблвыканкамаў сцвярджаюць, што галасы чыноўнікаў згенераваныя штучным інтэлектам, а ў якасці карцінкі, на якую накладаўся гук, узятыя відэа з іх рэальнымі выступленнямі.

Так, відэа з Пархомчыкам было запісана яшчэ ў 2023 годзе, і ў ім ён «каментаваў пасяджэнне Працоўнай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Татарстан РФ».

У сваю чаргу, Іван Крупко быў запісаны ў Казахстане, дзе «ў рэальнасці тады […] расказваў журналістам пра рост паставак тэхнікі ў Казахстан і пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва».

Чытайце таксама:

Беларускі самалёт абстраляла расійская СПА, прыняўшы за ўкраінскі дрон? Не, гэта няпраўда

Спецслужбы пад выглядам украінцаў збіраюць звесткі з мяжы і заклікаюць у «каманду Сяргея Ціханоўскага»

Фэйкавая журналістка «Новая газета Еўропа» спрабавала ўзяць інтэрв’ю ў Паўла Латушкі

ГУБАЗіК сфатаграфаваў затрыманых з падробленымі пашпартамі Новай Беларусі

Каментары да артыкула