БЕЛ Ł РУС

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў

22.07.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Ад Беларусі да ЗША, ад палітыкаў да спартоўцаў — з распаўсюдам смартфонаў і порна эксгібіцыянізм набыў новыя формы.

Марган Сіпрэ — герой аднаго з самых гучных дыкпік-скандалаў у спорце. Фота: Igor Russak / NurPhoto via Getty Images

З развіццём сучасных сродкаў камунікацыі з'явіўся і набыў шырокае распаўсюджанне такі феномен як дыкпік.

Апытанне Французскага інстытута грамадскай думкі, праведзенае ў 2018 годзе, паказала, што дыкпікі атрымлівалі 42 працэнты жанчын-карыстальніц сайтаў знаёмстваў.

Згодна з апытаннем, праведзеным у ЗША ў 2019 годзе, такія здымкі без папярэдняга запыту дасылалі 27 працэнтаў маладых мужчын.

У некаторых краінах існуюць законы супраць рассылкі непажаданых аголеных фатаграфій. Так, паводле французскага заканадаўства такая практыка можа разглядацца як акт эксгібіцыянізму, які караецца адным годам пазбаўлення волі і штрафам у памеры 15 000 еўра. Калі атрымальнік з'яўляецца непаўналетнім, пакаранне можа дасягаць сямі гадоў пазбаўлення волі, а штраф — 100 000 еўра.

У 2019 годзе суд горада Раан да трох гадоў пазбаўлення волі прысудзіў мужчыну, які рассылаў дыкпікі. Ахвярамі стала 49 чалавек ад 12 да 90 гадоў.

Згодна з Крымінальным кодэксам Нідэрландаў адпраўка дыкпіка таксама лічыцца сэксуальным злачынствам.

У 2018 годзе мужчына, які разаслаў такія фота, быў асуджаны на 80 гадзін грамадскіх прац (палова ўмоўна) і мусіў заплаціць 372 еўра кампенсацыі пацярпелай.

З 2022 года нідэрландскае заканадаўства прадугледжвае да 2 месяцаў турмы або штраф да 9000 еўра за адпраўку няпрошанага дыкпіка.

У Германіі адпраўка дыкпікаў прыраўноўваецца да несанкцыянаванага распаўсюду парнаграфіі і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года або штрафам.

Аднак, нягледзячы на крымінальны пераслед і грамадскае асуджэнне некаторыя мужчыны не могуць сябе стрымаць ад гэтай непрыстойнасці.

Амерыканскі палітык

У гучны палітычны скандал трапіў амерыканскі парламентарый Энтані Вінэр.

У маі 2011 года кангрэсмен-дэмакрат адправіў праз Twitter спасылку на фота, дзе ён быў з выразнай эрэкцыяй у трусах. Адрасаткай стала 21-гадовая студэнтка. Спачатку Вінэр заяўляў, што яго акаўнт узламалі, але неўзабаве прызнаў, што фота сапраўды ягонае і што ён сам яго даслаў.

Энтані Вінер. Фота: Raymond Hall / GC Images

Вінэр быў вымушаны публічна папрасіць прабачэння. Ён прызнаўся ў тым, што меў інтымныя перапіскі з прынамсі шасцю жанчынамі. На фоне масавай крытыкі з боку калег і партыі ён пайшоў у адстаўку з Кангрэсу.

Аднак непрыстойныя жаданні аказаліся мацнейшыя за яго ўсё адно. Гэта адкрылася, калі ў 2013 годзе ён выставіў сваю кандыдатуру на пост мэра Н'ю-Ёрка. У ліпені адно з інтэрнэт-выданняў апублікавала інтымныя здымкі, якія палітык даслаў адной жанчыне. Пазней ён прызнаў, што такіх жанчын было тры. Яго выбарчая кампанія была канчаткова праваленая.

У 2016 годзе журналісты выявілі, што Вінэр працягваў сэкстынг, а выданне Daily Mail паведаміла, што ён дасылаў інтымныя паведамленні 15-гадовай дзяўчыне. У маі 2017 года палітык прызнаў гэты факт, а ў верасні быў асуджаны на 21 месяц турмы і тры гады кантролю пасля вызвалення.

Яго таксама абавязалі зарэгістравацца ў якасці сэксуальнага злачынцы. Жонка Вінэра падала на развод яшчэ да таго, як той прызнаў віну.

Французскі мэр

Другі вядомы выпадак канца палітычнай кар'еры з-за рассылкі дыкпікаў — гэта гісторыя француза Люка Леманье.

Люк Леманье. Фота: Wikimedia Commons

Бацька чатырох дзяцей, Леманье з 2019 гады займаў пасаду мэра немалога горада Гаўр. У пачатку 2019 года яго абвінавацілі ў неаднаразовай рассылцы жанчынам без іх згоды дыкпікаў. Ужо ў сакавіку палітык пайшоў у адстаўку.

Некалькі жанчын далі паказанні і апісалі непрыстойныя паводзіны. Так адна з іх расказала, што пазнаёмілася з Леманье яшчэ на пачатку 2000-х, калі іх дзеці вучыліся ў адной школе. Ён нават быў запрошаны на яе вяселле. Але ўжо ў 2011 годзе, калі мужчына працаваў у мэрыі, яна атрымала ад яго чатыры інтымныя фатаграфіі. Па словах жанчыны, Леманье патлумачыў свой учынак жаданнем «паказаць, што ён адкрыты для любых прапановаў».

Па інфармацыі журналістаў, нездаровыя схільнасці мэра для яго калег былі «таямніцай Палішынэля». Адна з былых дэпутатак гарадской рады сцвярджала, што інтымныя здымкі ад Леманье атрымлівалі «некалькі дзясяткаў» жанчын. Яшчэ адна сведка, ранейшая супрацоўніца мэрыі, распавяла, што пакінула працу з-за «гіперсэксуалізаванай атмасферы», якая панавала ў гэтай установе.

Нідэрландскі футбаліст

Гісторыя ведае выпадкі, калі рассылка дыкпікаў прыводзіла да канца спартыўнай кар'еры.

Так у 2022 годзе з пасады дырэктара па футболу клуба «Аякс» сышоў Марк Овермарс. Былы паўабаронца зборнай Нідэрландаў і такіх топавых клубаў, як «Аякс», «Арсенал», «Барселона» прызнаўся, што адпраўляў непрыстойныя паведамленні калегам-жанчынам. Пры гэтым, як мінімум адна з іх атрымала здымак яго геніталій.

Марк Овермарс. Фота: ANP Sport via Getty Images

У наступным пасля сыходу з «Аякса» месяцы іншы клуб — «Роял Антверпен» падаў кандыдатуру Овермаса на пасаду дырэктара па футболе. Дарма! На тым жа тыдні чатыры спонсары клуба адмовіліся ад супрацоўніцтва.

У 2023 годзе незалежны спартыўны трыбунал Нідэрландаў забараніў Овермарсу займаць любую пасаду ў галандскім футболе на два гады з адтэрміноўкай на адзін год. А ў студзені 2024 года ФІФА адхіліла мужчыну ад сусветнага футбола на 1 год за непрыстойныя паводзіны.

Французскі фігурыст

Дыкпікі нашкодзілі і французскаму фігурысту, чэмпіёну Еўропы 2019 года ў парным катанні Маргану Сіпрэ.

У снежні 2019 года супраць фігурыста пачалося расследаванне па абвінавачванні ў тым, што ён даслаў фатаграфію сваіх геніталій 13-гадовай дзяўчыне, якая трэніравалася з ім у адным спартыўным цэнтры. Справаю заняўся Цэнтр бяспечнага спорту ЗША, што расследуе выпадкі сэксуальнага гвалту ў алімпійскіх відах спорту.

Марган Сіпрэ. Фота: Igor Russak / NurPhoto via Getty Images

Паводле інфармацыі, трэнеры Джон Цымерман і Сільвія Фантана ведалі пра здарэнне яшчэ напярэдадні Алімпійскіх гульняў 2018 года, але спрабавалі схаваць інцыдэнт. Цымерман, які трэніраваў і Сіпрэ, і пацярпелую дзяўчынку, у 2021 годзе быў адхілены ад дзейнасці — яго прызналі вінаватым ва ўтойванні факта гвалту, а таксама ў псіхалагічным ціску і запужванні дзяўчынкі пасля таго, як ён даведаўся пра яе скаргу.

Пасля пачатку скандалу спартыўная пара Сіпрэ / Джэймс спыніла выступленні, а ў верасні абвясціла аб завяршэнні кар'еры. Гісторыя атрымала шырокі розгалас у Францыі.

Тым не менш, у ліпені 2020 года дысцыплінарная камісія Французскай федэрацыі фігурнага катання не стала караць Сіпрэ, спаслаўшыся на тое, што не атрымлівала афіцыйнай скаргі ад пацярпелай і не мае дастатковых «аб’ектыўных доказаў», такіх, як фота ці паведамленні.

Аднак пракуратура штата Фларыда (ЗША) 8 снежня 2020 года выставіла Сіпрэ крымінальнае абвінавачанне ў перадачы непрыстойнага матэрыялу непаўналетняй праз электронныя сродкі. Яму пагражала да пяці гадоў турэмнага зняволення, і быў выдадзены ордар на арышт.

На той момант Сіпрэ знаходзіўся ў Францыі, і пытанне аб яго экстрадыцыі заставалася адкрытым, бо Францыя звычайна не экстрадуе сваіх грамадзян. Паралельна працягвалася і незалежнае расследаванне SafeSport. 

Беларускі кейс

Скандалы з дыкпікамі не абмінулі і Беларусь. У верасні 2023 года у тэлеграм-канале кіраўніка кішэннай Ліберальна-дэмакратычнай партыі і будучага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі здарыўся нечаканы канфуз. У стужцы, якая ў асноўным складаецца з рэпостаў лукашысцкай прапаганды, было апублікаванае фота эрэгаванага чэлеса.

Леваруч — рука на дыкпіку ў канале, праваруч — фота рукі з фэйсбука Гайдукевіча.

Гайдукевіч сцвярджаў, што на фота не яго орган. Аднак журналісты заўважылі падабенствы ў форме пазногцевых пласцін і наяўнасці радзімкі на левай руцэ на дыкпіку і на ранейшых фота дэпутата.

Гайдукевіч не панёс ніякага пакарання.

А 21 ліпеня гэтага года стала вядома, што некалькі беларускіх актывістак і праваабаронцаў абвінавацілі кіраўніка Фонду салідарнасці «Байсол» Андрэя Стрыжака ў адпраўцы ім дыкпікаў. Стрыжак, у адрозненні ад Гайдукевіча, сваю віну прызнаў і папрасіў прабачэння.

{POLL#1259}

Чытайце таксама:

Некалькі актывістак абвінавацілі Стрыжака: высылаў ім дыкпікі

«Слалі нам толькі пагрозы і спрабавалі ўзламаць». Дыкпік у канале Гайдукевіча з'явіўся пасля кантакту з Азаронкам

Каментары да артыкула