Кіраўніка Фонда салідарнасці «Байсол» Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў тым, што ён высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі — фатаграфіі свайго палавога органа, піша «Еўрарадыё». Некалькі фем-актывістак пацвердзілі выданню, што ведаюць пра сітуацыю, і ім вядома пра як мінімум сем падобных кейсаў.

Дзве дзяўчыны (іх імёны змененыя) расказалі «Еўрарадыё» пра свой досвед атрымання няпрошаных фота і тое, што было потым.
Аліна
Прадстаўніца грамадзянскага сектара Аліна пазнаёмілася са Стрыжаком у 2023 годзе. Яна кажа, што адразу адчула ад яго «вайб», які ўспрымала як форму лёгкай камунікацыі, зручнай у супрацоўніцтве.
«Ужо потым ён пачаў рабіць кампліменты: маўляў, ты прыгожая. Я яму сказала, што я не вольная. А ён: «Не хвалюйся: мужы прыходзяць і сыходзяць, а Стрыжак застаецца». І гэта быў намёк, што ён у ролі вечнага палюбоўніка адчувае сябе добра».
Дзяўчына тады звярнула ўвагу на яго сямейны статус, што ён жанаты і мае маленькае дзіця, і пераводзіла ягоны флірт у жарты.
Ён перыядычна запрашаў Аліну на піва. Дзяўчына кажа, што ніколі не сустракалася з ім сам-насам.
«Максімум, куды нашы адносіны заходзілі, — гэта сяброўская зона, дзе мы абменьваліся паведамленнямі ў сацсетках».
У нейкі з дзён дзяўчына праводзіла час са сваім хлопцам, пра што ведаў Стрыжак, і яна атрымала ад Андрэя фотаздымак.
«Я яго назвала бірпік [на фота, якое паказала «Еўрарадыё» гераіня, геніталіі часткова прыкрытыя бляшанкай піва. — Рэд.]. Мяне ператрэсла, калі я пра гэта цяпер успомніла. І ён палез у маё асабістае жыццё. Я ўжо не кажу пра тое, што я тады вельмі стрэсанула, не дай бог гэта ўбачыць мой хлопец.
Я не ведала, як сябе ў такой сітуацыі паводзіць. Я не давала падстаў, каб такое мне дасылаць, але як я буду гэта апраўдваць перад маім маладым чалавекам?»
Аліна тады яму адказала, што такія паведамленні нельга высылаць жанчынам без іх згоды. Пры гэтым, кажа Аліна, адначасова з ёй фота ад Стрыжака нібыта атрымалі яшчэ дзве актывісткі.
Аліна цяпер ужо разумее, што тое, што спачатку здавалася «адкрытымі прафесійнымі зносінамі», аказалася «заходам на падкат».
«Гэта не адзіная сітуацыя, калі мужчыны з дэмсілаў спрабавалі прачэкаць мой статус: вольная ці занятая. Але ў іншых выпадках гэта не заходзіла за мае асабістыя межы і мая адмова ўспрымалася нармальна. Я тут не магу мець прэтэнзіі, усе мы кагосьці шукаем. Але ў гэтай сітуацыі я лічу, што мая персанальная зона была парушаная. Калі б я магла перапісаць мой адказ, я б адказала больш жорстка, дала б зразумець, што гэта абсалютна непрымальна для чалавека з такім статусам.
Мне было непрыемна, гэта пакінула асадак на доўгі час. Гэта ўплывае на лібіда, на сэксуальную блізкасць, на давер да мужчын. Мне трэба было некалькі дзён, каб прыйсці ў сябе і прапрацаваць гэта з псіхолагам. Я адчувала сябе так, быццам я здраджваю свайму хлопцу, быццам я несумленная, хоць я толькі атрымала гэтае фота, але нічога не выслала, ужо дакладна не прасіла яго мне высылаць і не давала для гэтага ніякай падставы».
Аліна звяртае ўвагу на тое, што не кожная дзяўчына наважыцца расказаць пра такія выпадкі, рызыкуючы трапіць пад ціск ці звальненне. На думку дзяўчыны, Стрыжак можа карыстацца сваім статусам у дэмсілах пры адносінах з актывісткамі.
Ганна
Актывістка Ганна расказала «Еўрарадыё», што першы кантакт з Андрэем Стрыжаком быў не так даўно. Яны пазнаёміліся падчас аднаго з мерапрыемстваў.
«Мы дамовіліся пасля івэнту схадзіць куды-небудзь: пагаварыць, пазнаёміцца, абмеркаваць нейкія працоўныя пытанні, таму што мая праца перасякаецца з яго працай. Гэта значыць, у мяне быў запыт у сяброўскай форме і даволі відавочны для мяне».
Але, мабыць, гэты запыт быў успрыняты ім інакш. Яны сустрэліся ў бары і пасля пачалі размаўляць не толькі на працоўныя тэмы.
«Пазней размаўлялі проста пра жыццё, пра гісторыю Беларусі, гэта значыць, на многія тэмы. У гэтым не было нічога з сэксуальным падтэкстам з майго боку. Я не спрабавала яго неяк прыцягнуць ці, умоўна кажучы, падкаціць. Але ён пачаў неяк выводзіць мяне на сэксуальныя тэмы, пытацца ў мяне пра мае сэксуальныя адносіны, пра мае адносіны з людзьмі, ці ёсць у мяне партнёры і іншае. Каб яго не пакрыўдзіць, я пачынала казаць пра іншае.
Увечары, калі я была ўжо дома, ён проста выслаў мне відэа і фота з членам».
Пасля гэтага Ганна не адказвала на яго паведамленні.
«Я проста не разумею матывацыі. У мяне гэта выклікае агіду. Я ў цэлым не прашу дыкпікі, але калі я яго яшчэ і не прасіла, гэта проста нейкае ўварванне ў маё асабістае прастору. Для мяне гэта як прыніжэнне маёй асабістай годнасці. Я адчуваю сябе прыгнечанай і разгубленай. Хочацца проста выключыць тэлефон, паляжаць і паглядзець серыялы».
Праз некалькі месяцаў Андрэй Стрыжак зноў пачаў ёй пісаць, прапаноўваць сустрэцца, успамінае Ганна.
«Я напісала яму, што мне такі фармат камунікацыі не акей, давай мы гэта абмяркуем. Я яму сказала, што мне гэта было некамфортна, непрыемна. Але ён працягнуў мне дасылаць паведамленні ў тоне, што такі быў цудоўны вечар, я хачу пагладзіць твае валасы — гэта значыць такога плану паведамленні, якія былі проста гіпернекамфортныя, я на іх не адказвала некалькі месяцаў, але ён усё адно працягваў пісаць».
Ганна дадае, што падчас той асабістай сустрэчы Стрыжак расказваў ёй пра свае адносіны з жонкай, пра растанне з ёй, пра дзяцей. Па адчуваннях суразмоўцы, ён «спрабаваў стварыць уражанне, што ён свабодны партнёр».
«Можа я не была рэзкай, я не хацела пакрыўдзіць чалавека. Я спрабавала пазначыць сваю пазіцыю як мага больш зразумела, і мне здаецца, я даволі ясна гэта зрабіла. Думаю, што нават факт, што я не адказвала на паведамленні некалькі месяцаў, павінен быў даць зразумець, што я не вельмі настроеная на такога роду камунікацыю», — кажа Ганна.
Але Андрэй Стрыжак працягваў ёй пісаць на працягу яшчэ некалькіх месяцаў, кажа дзяўчына. Яны таксама перасякаліся на розных акцыях і мерапрыемствах.
Па словах Ганны, Стрыжак пасля першай сустрэчы пачаў яе заўважаць: усміхацца, падыходзіць, вітацца, спрабаваць прыабняць. Цяпер яна імкнецца яго пазбягаць.
«Гэта не заўсёды дапамагае. Таму што ў нас сумежныя сферы працы. І я проста не магу перайсці гэтую мяжу, якая для мяне сфармавалася ў дачыненні да яго. І нармальна папрацаваць з арганізацыяй, якую я лічу вельмі класнай. У мяне цяпер няма да яе доступу».
Ганна расказвае, што некалькі дзяўчат ёй расказвалі пра падобнае стаўленне з боку Стрыжака да іх. Маўляў, даводзілася рэзка пазначаць свае межы, каб ён зразумеў, што гэта не спатканне або форма падкату да яго. Цяпер Ганна адчувае боль ад таго, што мужчыны не разумеюць, праз што праходзяць дзяўчаты з-за такога стаўлення.
Каментар Стрыжака
Адразу пасля выхаду артыкула Андрэй Стрыжак пракаментаваў яго ў фэйсбуку, фактычна прызнаўшы, што абвінавачанні на яго адрас маюць падставу. Ён назваў свае дзеянні «рэчамі, якімі не ганарыцца».
«У жыцці кожнага чалавека ёсць ягоныя ўчынкі, што не дадаюць яму гонару. Я тут не выключэнне, за сорак гадоў жыцця маю ўчынкі і рашэнні, дзе я не меў рацыі.
Па-першае, наконт таго, што было агучана ў матэрыяле «Еўрарадыё», я хачу прынесці свае выбачэнні ўсім, каго маглі пакрыўдзіць, зачапіць, патурбаваць мае дзеянні.
Па-другое, мае дзеянні не неслі ў сабе прымусу, карыстання службовым становішчам, імкнення да выгады, ці чагосьці такога. Не з’яўляліся вынікам злога намеру ці жадання камусьці нашкодзіць.
Па-трэцяе, абмеркаванне нюансаў майго прыватнага жыцця я вяду з тымі людзьмі, хто з’яўляецца ягонай часткай, таму дадаткова тут няма што абмяркоўваць з маім удзелам.
Ну і апошняе, але не найменьш важнае. Калі гэты допіс камусьці яшчэ дапаможа пераасэнсаваць свае паводзіны, выбачыцца перад кімсьці, я буду лічыць што мае памылкі і праца над імі дапамаглі ня толькі мне», — напісаў Андрэй Стрыжак.
«Гэта табе замест кветак». Псіхолаг патлумачыў, чаму мужчыны робяць дыкпікі
«Калі ўбачыла той самы …» Інтэрнэт горача ацаніў дыкпік з канала Гайдукевіча
«Слалі нам толькі пагрозы і спрабавалі ўзламаць». Дыкпік у канале Гайдукевіча з'явіўся пасля кантакту з Азаронкам
У канале Алега Гайдукевіча апублікавалі дыкпік. Падобна, з дэпутацкай рукой
Каментары