БЕЛ Ł РУС

«Бураць, бураць і атрымліваюць ваду». Лукашэнку давялося тлумачыць, чаму знайсці радовішчы нафты не так проста

22.07.2025 / 16:17

Nashaniva.com

22 ліпеня Лукашэнка сабраў у сябе нараду па пытаннях здабычы вуглевадароднай сыравіны. Падчас яе ён адзначыў, што ўрадам быў падрыхтаваны план-графік правядзення геолагаразведачных работ, але яго тэрміны падаліся яму надта зацягнутымі — аж да 2030 года. У выніку яму давялося тлумачыць, што надта хутка гэта ў прынцыпе не робіцца. 

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў патлумачыў, што па стане на сёння сістэма па геолагаразведцы ў краіне выбудаваная дзейнасцю двух прадпрыемстваў: РНПЦ па геалогіі з сістэмы Мінпрыроды і вытворчага аб'яднання «Беларусьнафта». Першае праводзіць работы па пачатковым пошуку вуглевадародаў, абгрунтоўвае неабходнасць наступнага бурэння і акрэслівае зоны магчымай нафтагазаноснасці.

«Спачатку праводзіцца праца, абгрунтаванні, забурка, вызначаюцца запасы вуглевадародаў і пасля гэтага перадаем «Беларусьнафце» для наступнага», — расказваў намеснік міністра.

«А яны бураць, бураць і атрымліваюць ваду», — перабіў, не вытрымаўшы, Лукашэнка.

Чыноўнік патлумачыў, што падчас правядзення геафізічных работ вада і нафта ў прынцыпе па ўсіх катэгорыях паказваюць адзін і той жа вынік, і таму без бурэння немагчыма разабрацца, што менавіта там хаваецца на глыбіні 3-4 кіламетры.

Тады Лукашэнка падняў старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава, які заявіў, што «Белнафта» адмовілася прыняць ад НПЦ на геалогіі 7 свідравін, бо яны неперспектыўныя. 

«Гэта значыць, дарасследавала «Беларусь-нафта» пасля навукоўцаў, так? І сказалі — хлопцы, нам такія свідравіны і вашы прапановы не патрэбныя, таму што там нічога няма. Значыць, гэты час, а гэта не адзін год, РНПЦ спрацавала марна?» — паставіў пытанне Лукашэнка.

А калі Герасімаў заявіў, што «практычнага выніку ад іх дзейнасці фактычна няма», то Лукашэнка стаў намякаць, што РНПЦ па геалогіі можа і ўвогуле непатрэбны.

Віктар Галанаў патлумачыў:

«Гаворка ідзе пра 7 свідравін, якія на сёння знаходзяцца на балансе нашага РНПЦ па геалогіі. Гэта значыць, за ўвесь перыяд, апошнія дзесяцігоддзі, каля 14 свідравін перададзена «Беларусь-нафце» ў прамысловую эксплуатацыю. Па ўсіх па іх праведзеныя работы, вызначаныя запасы, і перададзеныя яны «Беларусь-нафце» для далейшых даследаванняў і прамысловай эксплуатацыі.

Разам з тым 7, якія засталіся на сёння на балансе РНПЦ, яны малапрадуктыўныя. Гэта значыць, у іх нафта ёсць, але эканамічны эфект ад іх адмоўны будзе. І таму на сёння яны выконваюць навуковую мэту і навуковую задачу.

Таму што зыходзячы з тых даных, якія мы атрымалі ў выніку бурэння гэтых свідравін, мы прагназуем далейшае рэгіянальнае вывучэнне ў гэтай мясцовасці. Гэтыя свідравіны, якія малапрадуктыўныя, застаюцца на нашым балансе і выконваюць мэту навуковых даследаванняў».

«Вось так прыгожа сказана, але ці гэта сапраўды па-гаспадарску мае сэнс?» — пацікавіўся Лукашэнка.

Яго запэўнілі, што ў выніку такой працы комплексам геафізічных даследаванняў вызначаюцца дадатковыя свідравіны, якія могуць даць прырост запасаў нафты на найбліжэйшыя 5 гадоў. Але для гэтага трэба правесці па іх поўны комплекс даследаванняў.

«Я дакладна ведаю, што ў нас тут рэзервы ёсць, як і ў любым кірунку нашай дзейнасці. Таму трэба не разгойдвацца, а свідраваць і свідраваць. Але свідраваць з розумам і з укараненнем новых тэхналогій! Любое свідраванне, любая геолагаразведка павінны быць апраўданыя», — упэўнены Лукашэнка.

Гендырэктар «Беларуснафты» Аляксандр Ляхаў, думку якога Лукашэнка таксама спытаў, стаў на бок Віктара Галанава. Паводле слоў Ляхава, Мінпрыроды і НПЦ па геалогіі, які працуе пры ім, вядуць найбольш рызыкоўны этап работ — параметрычнае пошукавае бурэнне. Толькі кожная трэцяя такая свідравіна можа даць нафту або газ, а ў частцы выпадкаў няма магчымасці атрымаць рэнтабельную прадукцыю.

«Гэта сусветная практыка. Гэта радовішчы, якія маюць запасы менш за 100 тысяч тон. З адной такой свідравіны можна арганізаваць гадавую здабычу не больш за 300-400 тон. Для гэтага трэба пабудаваць адпаведныя камунікацыі і падаць гэтую нафту ў нафтазборную інфраструктуру. Практычна акупнасці тут няма. І так адбываецца ў многіх краінах свету», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

У Польшчы знайшлі вялікае радовішча нафты і прыроднага газу

«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

«Пажартавалі з бульбай у мінулым годзе — атрымалі ад насельніцтва па вушах». Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў да сур'ёзнасці

Каментары да артыкула