Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі
За апошні час аператары і фатографы, што абслугоўваюць Аляксандра Лукашэнку, знялі інтэр’еры адразу дзвюх яго рэзідэнцый — яны ўпершыню апынуліся ў полі зроку шырокай грамадскасці. Паглядзелі, як з густам у беларускага палітыка.

У графскім палацы
15 ліпеня «Пул Першага» і афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі апублікавалі кадры яго сустрэчы з прэзідэнтам Інданезіі Прабова Субіянта. Падкрэслівалася, што Лукашэнка прымаў высокага госця ў сябе дома.
Пазнаць, у якой са шматлікіх афіцыйных рэзідэнцый прымалі Субіянта, досыць проста: порцік з класічнымі калонамі і зялёны колер фасадаў выдаюць галоўны будынак рэзідэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку.
Гэтая рэзідэнцыя трапляла ў аб’ектыў да гэтага часу прынамсі двойчы. У маі 2011 года, калі яе наведваў у якасці расійскага прэм'ер-міністра Уладзімір Пуцін, і ў 2015 годзе, калі ў Астрашыцкім Гарадку Лукашэнка, з яшчэ малым сынам Колем сустракаў прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа. Праўда, у абодвух выпадках у кадр аператараў трапляў выключна бакавы флігель з вялікай прыбудовай і ніколі — галоўны будынак.

Як мы пісалі раней, рэзідэнцыя ў Астрашыцкім Гарадку з’яўляецца сядзібай графаў Тышкевічаў, колішніх уладальнікаў мястэчка. Галоўны будынак рэзідэнцыі —гэта сядзібны дом, пабудаваны ў модным тады англійскім стылі побач з руінамі больш велічнага палаца, які да таго часу згарэў. У другой палове XIX стагоддзя Напалеон Орда замаляваў сядзібны дом, бакавы флігель і руіны старога палаца.
Чытайце таксама: Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы
За савецкім часам будынак сядзібы перабудавалі, але яго абрысы ўсё яшчэ пазнаюцца на здымках, зробленых са спадарожнікаў — бліжэй фотакамеры да яго не падпускалі.

Фактычна гэта ці не першы раз, калі дом Лукашэнкі ў Астрашыцкім Гарадку паказалі публіцы. На адзетым у граніт ганку стаяць два мяккія крэслы і столік з каванага металу. Дзверы пад класіку з філёнгамі, але пластыкавыя вокны з тонкімі накладнымі шпросамі ніяк не пасуюць будынку з больш як паўтарастагадовай гісторыяй.
Паказалі, таксама ўпершыню, і інтэр’еры гэтага дома. Сустрэча з інданезійскім прэзідэнтам праходзіла ў адным з вуглавых пакояў. У аддзелцы пакоя не пазнаецца нічога, што магло б застацца ад графаў Тышкевічаў.

Інтэр’ер аформлены ў духу еўракласікі, моднай сярод нуварышаў у пачатку 2000-х гадоў: стрыманая палітра, элементы дэкору — імітацыя гістарычнага стылю без прэтэнзіі на аўтэнтычнасць.
Сцены памаляваныя ў стрыманы шэры колер і ўпрыгожаныя бутафорскімі рамкамі з пейзажнымі ўстаўкамі і бра пад даўніну. На вокнах — простыя гардзіны і цяжкія шторы, якія вырастаюць проста з нізкай апушчанай падвеснай столі, якая душыць невялікі пакой. На падлозе з цёмнага дрэва ўтульны бэжавы дыван з шырокім цёмным бардзюрам. Мэблевы гарнітур у класічных формах з крывалінейнымі ножкамі, стрыманай пазалотай і шызай абіўкай.

Самы цікавы элемент інтэр’ера — грубка — высокая круглая галандская печка каля сцяны, упрыгожаная белай паліванай дэкаратыўнай кафляй. Яе можна было б прыняць за артэфакт, які цудам перажыў усе еўрарамонты ў інтэр’еры, але, відаць, гэта таксама дэкаратыўная бутафорыя пад даўніну.
Грубка размешчана нелагічна, можна сказаць, безгаспадарна — паміж вокнамі каля вонкавай сцяны. Звычайна печы ставілі ва ўнутраных кутах, каб не гублялі цяпло, каб не ацяпляць вуліцу. Сапраўдны гаспадар наўрад ці б дапусціў, каб грошы так выкідаліся на вецер.

Тым не менш, з усіх інтэр'ераў, у якіх засядае Лукашэнка, гэты пакой у палацы ў Астрашыцкім Гарадку выглядае самым чалавечным і ўтульным, без асаблівага кічу.
Дом для забаў сям'і
Другі дом Лукашэнкі, рэзідэнцыя «Краснасельскае», размешчаная недалёка ад вёскі Шаршуны, за 40 кіламетраў ад Мінска, трапіў у кадр на некалькі месяцаў раней. Сюды 10 красавіка гэтага года прывезлі пакістанскага прэм’ер-міністра Шахбаза Шарыф, брата Наваза Шарыфа, які дзесяць гадоў таму наведваў дом Лукашэнкі ў Астрашыцкім Гарадку.

Апазнаць яго дапамаглі планы і рэндары інтэр’ераў рэзідэнцыі, якія паказаў сёлета ў сваім расследаванні «Белпол». Рэзідэнцыю пабудавалі таемна пасярод лесу, выдаючы яе за аздараўленчы комплекс або рэзідэнцыю для адпачынку расійскага алігарха Мікалая Гуцэрыева.
Пакістанскую дэлегацыю Аляксандр Лукашэнка са сваімі сынамі Дзмітрыем і Колем сустракалі ў вялікім холе дома, які ў рэзідэнцыі прызначаны для забаў сям’і і прыёму гасцей. У доме для гэтага ёсць зала прыёмаў, більярдная, фешэнебельны бар.

Насамрэч вялікі хол, у які госці трапляюць адразу з вуліцы, і ёсць залай прыёмаў. Памяшканне плошчай каля 260 квадратных метраў займае амаль увесь першы паверх цэнтральнай часткі будынка. Планіроўка дома сіметрычная, да залы прыёмаў з аднаго боку прымыкае крыло з кухняй, а з іншага — спальнае крыло.


З першага ракурсу бачны вестыбюль з вітражнай шкляной перагародкай, у якой раскрыты ўваходныя дзверы. З правага боку можна заўважыць яшчэ адны дзверы — яны вядуць у туалет, дакладна такі ж знаходзіцца па іншы бок.

З другога ракурсу бачная выгнутая лесвіца, якая вядзе на другі паверх. За ёй схаваныя дзверы, якія вядуць у сервіровачную кухні. Сіметрычныя лесвіца з іншага боку хавае хол, які злучае залу пасяджэнняў са спальным крылом.

Расследвальнікі з «Белпола» трохі памыліліся наконт таго, што гэты дом спланаваны так, каб прыслуга магла прайсці з кухні ў адным крыле ў свае спальні ў крыле па самым кароткім маршруце, не трапляючы на вочы сям’і Лукашэнкаў. Насамрэч ні на планах, якія яны публікавалі, ні ў рэальнасці няма тых дзвярэй з кухні, якія б маглі забяспечыць такі незаўважны пераход.
Таксама малапраўдападобна, што спальны корпус прызначаны для прыслугі: спальні там хутчэй нагадваюць гатэльныя нумары з асобнымі санвузламі і выхадамі на лоджыі. Хутчэй за ўсё, гэтыя спальні прызначаны для гасцей сям’і, а прыслуга пражывае ў больш сціплых умовах, у карпусах інтэрнатнага тыпу на тэрыторыі рэзідэнцыі, прыходзячы ў дом забаў толькі на працу.
Пад лесвіцамі, якія вядуць на другі паверх, размешчаны лесвіцы, якія вядуць на цокальны паверх — пра напаўненне гэтых паверхаў нічога не вядома.

Сама зала прыёмаў — прасторнае памяшканне прамавугольнай формы, да якога з бакоў далучаюцца экседры — паўкруглыя пашырэнні. Іх фарміруюць крывалінейныя сцены памяшканняў, спраектаваных у кутах цэнтральнай часткі дома: ужо згаданых сервіровачнай-мыечнай, хола спальнай часткі, а таксама кабінета і чацвёртага пакоя, які на праектных чарцяжах адсутнічаў.
Умоўны вестыбюль ад залы аддзяляюць дзве масіўныя калоны, яшчэ некалькі хаатычна размешчаны ў самой зале.
Таўсценным слупам, задача якіх была чыста канструкцыйнай — несці цяжар другога паверху, архітэктары няўдала спрабавалі надаць нейкае падабенства класікі, распісаўшы пад мармур і начапіўшы тазікападобныя капітэлі.
Увогуле нязграбныя калоны — гэта сапраўдны праклён архітэктуры позняга лукашызму: тую ж бяду, але ў яшчэ больш гратэскных формах, можа пабачыць у інтэр’ерах Палаца Незалежнасці і новага будынку Вярхоўнага суда.

У дальняй частцы залы пасяджэнняў бачныя падмосткі сцэны з заслонамі. Сцэна, відаць, не проста бутафорыя — можна бачыць сур’ёзную аўдыятэхніку ў яе кутах.
Дальняе акно за сцэнай вядзе, хоць гэта не бачна за гардзінамі, на вялікую тэрасу. Выйсці на яе можна праз дзверы, размешчаныя абапал сцэны.
Агулам памяшканне залы выканана ў светла-крэмавай каларыстыцы з вялікай колькасцю святла: трапіўшы туды, можна падумаць, што патрапіў на нябёсы.

Здзіўляе, наколькі дакладна рэндары, здабытыя «Белполам», адпавядаюць рэальнаму інтэр’еру: тая ж планіроўка, тое ж афармленне сцен ляпнымі рамачкамі, тая ж ярусная столь з ляпной разеткай, вялікай люстрай па цэнтры і мноствам паўсферычных хрустальных свяцільняў па перыметры.

Ёсць і пампезны круглы белы стол, але ён, праўда, ссунуты з цэнтра ў адно з бакавых пашырэнняў. Ніякіх пасяджэнняў у зале пасяджэнняў, вядома, не праводзіцца, калі толькі не лічыць гэтае слова эўфемізмам застолля.
Зала пасяджэнняў нагадвае танцпол у клубе для сваіх: сцэна, шмат прасторы і мала месцаў, дзе можна прысесці і адпачыць.
Але найбольш прыкметная розніца — падлога. У праекце была закладзеная раскошная падлога, малюнак якой спалучаў сеткавы ўзор і вялікія геаметрычныя разеткі з расліннымі матывамі. Такія ж раскошныя падлогі былі рэалізаваныя ў Палацы Незалежнасці. Але на кадрах з рэзідэнцыі мы бачым пад нагамі гасцей больш просты і менш кантрасны малюнак, а таксама фрагмент невялікай інкруставанай разеткі пры ўваходзе.

Ці была рэалізаваная раскошная разетка ў цэнтры залы — невядома. Большасць частка даражэзнай інкруставанай падлогі засланая двума цёмнымі дыванамі, якія, відавочна, паходзяць не з гэтага светлага інтэр’ера і не гармануюць з ім. Такая безгустоўная несумяшчальнасць, відаць, і ёсць лейтматыў лукашэнкаўскага стылю.

З’яўленне дываноў патлумачыць даволі проста. Аматары палацавага шыку, такія як аўтакраты постсавецкай прасторы, часта не задумваюцца: у велізарных памяшканнях з мармуру і хрусталю ім яшчэ трэба жыць. Такая падлога, як у рэзідэнцыі, слізкая, цокае пад абцасамі, адбівае гукі і стварае рэха. У выніку дом нагадвае залу чакання на вакзале, а не ўтульнае гняздо. А падказаць такія элементарныя рэчы няма каму.
Паказаныя кадры з неназванага дома Лукашэнкаў дакладна супадаюць з чарцяжамі і рэндарамі рэзідэнцыі ў Шаршунах, апублікаванымі ў расследаванні «Белпола». Гэта не пакідае сумневаў: гаворка ідзе не пра сядзібу расійскага мільярдэра, а пра яшчэ адну, таемна ўзведзеную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.
Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы Рэдакцыі іх любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.
А яшчэ — падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз сакрэтны чат у тэлеграме @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або ў Сігнал ці іншым спосабам тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары