МАРГ працягвае трэсці «Табакеркі» Алексіна: пасля папярэдняй праверкі парушэнняў стала яшчэ больш
Міністэрства гандлю другі раз за паўгода правяло маштабныя рэйды па «Табакерках».
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правяло новую серыю рэйдаў па «Табакерках». Вынікі атрымаліся яшчэ горшымі, чым было ў сакавіку.
МАРГ знайшоў парушэнні ў 45% кіёскаў, якія трапілі пад праверку. Сярод іх распаўсюджванне рэкламы ў выглядзе лістовак з парушэннем памеру шрыфту, адкрытая выкладка нетытунёвых нікацінаўтрымальных вырабаў і ўзораў аднаразовых электронных сістэм курэння з нікацінаўтрымальнымі вадкасцямі, невыкананне пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці для рэалізацыі, невыкананне ўстаноўленага рэжыму працы і іншыя.
Караць «Табакеркі» МАРГ пакуль не стаў, але накіраваў рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў. Папярэдняя праверка «Табакерак» праходзіла ў сакавіку, і тады парушэнні знайшлі амаль у кожным трэцім кіёску. То бок з таго часу парушэнняў стала больш.
Нагадаем, «Табакеркі» належаць сям'і набліжанага да Віктара Лукашэнкі бізнесмена Аляксея Алексіна. Не так даўно ён вёў тытунёвую вайну з Паўлам Тапузідзісам, у выніку праігралі абодва.