БЕЛ Ł РУС

Кітай дапаможа беларусам змагацца з ляснымі пажарамі

23.07.2025 / 16:18

Nashaniva.com

У Кітаі паабяцалі выдзеліць Міністэрству лясной гаспадаркі Беларусі 2 мільёны долараў у межах міжнароднага трохбаковага праекта, паведаміла прэс-служба міністэрства. 

Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік і пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань. Фота: t.me/minleshoz

Гэтыя грошы паступяць з кітайскага Фонду глабальнага развіцця і супрацоўніцтва і будуць выкарыстаныя для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы беларускіх лясгасаў — у першую чаргу Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Праект носіць назву «Ахова лясоў Беларусі: комплексная ініцыятыва па забеспячэнні гатоўнасці да прадухілення і рэагавання на пажары на мясцовым узроўні».

Выбар менавіта двух паўднёвых беларускіх абласцей невыпадковы: менавіта там назіраецца найбольш складаная пажаранебяспечная сітуацыя — толькі ў Брэсцкай вобласці з пачатку года адбылося 220 лясных пажараў, што складае траціну ўсіх узгаранняў у краіне.

Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік адзначыў, што, нягледзячы на дасягнутыя поспехі, праблема лясных пажараў застаецца актуальнай. У Беларусі, аднак, ужо працуе аўтаматызаваная сістэма маніторынгу і ранняга выяўлення пажараў, якая ахоплівае 100% лясоў.

Сродкі з Кітая дапамогуць яшчэ больш павысіць эфектыўнасць у папярэджанні і ліквідацыі лясных пажараў, у тым ліку на цяжкадаступных і балотных тэрыторыях. Таксама прадугледжваецца супрацоўніцтва з кітайскімі спецыялістамі, абмен досведам і ўзаемныя візіты.

Чытайце таксама:

Леснікам дазволяць прыватызаваць арэнднае жыллё

«Усюды павуцінне, смецце, бруд!» Кіраўнік Мінлясгаса абурыўся беспарадкам у Брэсцкім лясгасе і хоча адклікаць з пенсіі экс-дырэктара

«Успрымаюць мае словы як папулізм». Падначаленыя сабатуюць загад кіраўніка Мінлясгаса падняць заробкі

Каментары да артыкула