Блогер-канспіролаг Вірус спыняе сваю дзейнасць, бо ніхто яму не данаціў
Віталь Кандраценка больш не абнаўляе свой канал і выдаліў усе старыя каментары пад допісамі.
Віталь «Вірус» Кандраценка
«Падобна, ідэя незалежнага канала не знайшла патрэбнага водгуку ў беларусаў, таму я засяроджуся на асабістых справах. Дзякуй усім, хто быў побач», — напісаў у сваім тэлеграм-канале блогер-канспіролаг Віталь «Вірус» Кандраценка.
Допіс быў апублікаваны 25 ліпеня, і за наступны дзень у канале не з’явілася ніводнага абнаўлення, хоць звычайна Вірус нон-стоп рэпосціць чыесьці негатыўныя меркаванні пра дэмакратычны рух альбо з дапамогай чата GPT сам генеруе падобныя выкрывальніцкія тэзісы. За апошні месяц у яго 350 публікацый.
Разам з тым зніклі і ўсе каментары пад старымі допісамі блогера-канспіролага.
Кандраценка пастаянна наракаў на адсутнасць грошай, нагадваў чытачам, што выдаткі на ўтрыманне праекта складаюць ад 300 еўра на месяц, і прасіў падтрымаць яго.
Віталь Кандраценка меў у Беларусі тры непалітычныя судзімасці, дзве з якіх за крадзяжы. У 2020-м далучыўся да пратэснага руху, стаў зборшчыкам подпісаў за Святлану Ціханоўскую. У чэрвені 2020 выехаў з Беларусі, асеў ва Украіне. Працаваў у аўтасэрвісе, а ўвесь свабодны час прысвячаў барацьбе з Ціханоўскай, якую спрабаваў выстаўляць агенткай рускага свету. У яго тэлеграм-канала каля 1400 падпісантаў.