Грамадства5959

У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента

Беларускага міліцэйскага стукача, які цяпер жыве пад іменем Віталь Камінскі, знайшлі ва Украіне. Апраўдваючыся, ён нагарадзіў гісторый, круцейшых чым у барона Мюнхаўзена. Пашыраць цынічную хлусню стаў блогер-канспіролаг Вірус.

Ва Украіне разгортваецца захапляльная гісторыя з беларусам, да якога з’явіліся пытанні ў контрвыведкі — нехта паведаміў спецслужбам, што прызнаў у Віталі Камінскім, які жыве ў Кіеве і выдае сябе за ветэрана АТА і паўнамаштабнай вайны, негалоснага агента беларускай міліцыі Віталя Тураўца.

«З чалавекам адбываецца нейкая невядомая ё**ная ху*ня», — апісвае сітуацыю блогер-канспіролаг Віталь «Вірус» Кандраценка, які даў Камінскаму трыбуну для самаапраўданняў у сваім відэаблогу на ютубе. Сцвярджаецца, што Камінскі звярнуўся да яго сам.

Зверху — Віталь Камінскі, знізу — Віталь Кандраценка

Чытайце таксама.Хто такі блогер-канспіролаг Вірус, які штодня абражае і пляжыць беларускі дэмакратычны рух?

Гэтая гісторыя важная для разумення таго, якімі людзьмі могуць аперыраваць беларускія спецслужбы ва Украіне, і куды тыя спрабуюць укараняцца. 

Гэта бадай першы выпадак, калі «легенда» засланца настолькі не супадае з рэальнасцю, што разам з зафіксаванай гісторыяй ранейшага супрацоўніцтва з органамі дазваляе адназначна сказаць, што чалавек не той, за каго сябе выдае.

«Наша Ніва» паглядзела відэа Віруса «Як спрабуюць падставіць чалавека, які ваюе ва Украіне, праз базы Кіберпартызан і Белпола». Пераказваем яго змест і тлумачым, хто насамрэч гэты «герой вайны», якога раскрылі ва Украіне. 

«Найлепшы юрыст Беларусі» стаў мільянерам

Віталь Камінскі цягам паўтары гадзіны стрыму не выпускае з пальцаў цыгарэту, нервова скурваючы адну за адной. Трэба адразу сказаць, што

Камінскі — гэта яго чацвёртае прозвішча. Да таго чалавек, які сядзіць на відэа пад бела-чырвона-белым сцягам, быў па пашпарце Сідаравым, пасля — Андрасовічам, потым — Тураўцом.

Мы сцісла і схематычна перакажам неверагодную гісторыю Сідарава-Андрасовіча-Тураўца-Камінскага. 

Паводле мужчыны, ён нарадзіўся ў багатай сям’і. Пакуль бацька-прадпрымальнік вырашаў пытанні па камерцыі, а аднагодкі гулялі з цацкамі, Віталь выточваў сабе калодкі для ног, каб даставаць да педаляў «Мерсэдэса», на якім ездзіў у школу. 

Калі Віталю было 10 год (у 1992 годзе), бацька купіў яму камп'ютар, і хлопчык стаў перапісвацца ў інтэрнэце (!) з нейкім украінцам з Адэсы, які запрасіў яго — 10-гадовае дзіця з Мінска — ва Украіну.

На аргумент, што так проста туды не заехаць, той украінец паабяцаў яму паказаць, дзе можна нелегальна пераходзіць граніцу. 

І вось так, пачынаючы з 10 год, Віталь шматразова нелегальна бываў ва Украіне, «гуляў па Чарнобыльскай зоне». Пакрысе сфарміравалася сімпатыя да гэтай краіны. 

Аднак пасля школы хлопец паехаў у Расію, вывучыўся там на юрыста. У відэа ў адным месцы гучыць нейкі «маскоўскі вышэйшы дзяржаўны каледж», у другім называецца «баўманка» — Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Баўмана.

«З 2006 года быў найлепшым юрыстам у Беларусі», — хваліцца Камінскі.

Ён займеў вялікі катэдж у Раўбічах, які сцераглі шэсць ахоўнікаў, прыкладна 10 мільёнаў даляраў на рахунку… Але калі пачалася гісторыя на Данбасе, то Віталь ідэйна, у 2015 годзе, паехаў абараняць Украіну. Быў пад Славянскам.

«Ваюеш з 2015 года?», — пытаецца Кандраценка.

«З 2015 року я ваюю», — не павёўшы вокам адказвае Камінскі.

«Я таксама», — падхоплівае Кандраценка, які не ваяваў ні хвіліны. (UPD. Кандраценка сцвярджае, што сказаў не слова «тоже», а «АТОшник»)

Па словах Камінскага, у зону АТА яго «падцягнулі беларусы», а потым яго «забралі ва ўпраўленне выведкі».

Пасля пачатку шырокамаштабнай вайны ён даведаўся, што тое беларускае падраздзяленне, у якім ён пачынаў, перайменавалася ў Полк Каліноўскага (імаверна, тут Камінскі крыва расказвае гісторыю беларускага падраздзялення ў складзе «Азова»).

Акаўнт Камінскага ў Аднакласніках поўны фотак з украінскіх вучэбак

У Беларусі ў Камінскага ў 2020 годзе нарадзілася дачка і, каб яе наведваць у Мінску, ён «прыходзіў у Беларусь асцярожна і сыходзіў асцярожна — ну, я з разведкі». 

Жонку з дачкой Камінскі вырашыў перавезці ў Кіеў, таму што сам ён ужо не мог цішком праслізгваць у Беларусь — па ягоным маршруце ішлі рускія танкі. Таму ён прыдумаў спецаперацыю: у 2022 годзе купіў на сваё імя і імя жонкі авіяквіткі з Мінска ў Вільню — калі ніякіх пералётаў з Беларусі на Захад ужо не было, — чым справакаваў агентаў КДБ паехаць у мінскі аэрапорт пад вылет рэйса. А жонка ў той выйграны час панеслася па зямлі праз Польшчу ва Украіну.

Абдураныя кадэбэшнікі кінуліся ўслед за ёй і перасяклі мяжу Украіны, дзе трох-чатырох з іх вылічылі і пасадзілі на 15 гадоў. 

Герой вайны

Пачатак вайны Камінскі сустрэў у Бучы, «таму што яму сакрэтна паведамілі — і гэта ўжо можна расказваць — маршрут, якім будуць заходзіць рускія».

Ён узяў двухстволку, «таму што ў Палку Каліноўскага яму больш нічога не далі», і паехаў сустракаць рускіх.

Там, у Бучы і Ірпені, на ягоных вачах забівалі людзей, адну дзяўчынку ён выратаваў і вынес на руках, атрымаўшы ў спіну тузін стрэлаў з вінтоўкі — але выратавала бронекамізэлька. 

Камінскі з шаўронам Палка Каліноўскага

З Палка Каліноўскага Камінскаму прыйшлося звольніцца праз 6-7 месяцаў, таму што кіраўніцтва патрабавала з яго 20% ад заробленых баявых за Бахмут назад.

У адказ на гэта ён заявіў камандзіру ПКК «Кіту», што грошай аддаваць не будзе, але сам хоча кіраваць падраздзяленнем і мае людзей, якія будуць ваяваць. «Кіт» жа, маўляў, сказаў яму ў адказ «да пабачэння». 

Пасля гэтага Камінскі троху пабоўтаўся: спрабаваў у Інтэрнацыяльны легіён, але не ўзялі, потым нейкія знаёмыя адрэкамендавалі ў 49 ОШБ «Карпатська Січ». І вось там ён — дэманструе шаўрон — цяпер і знаходзіцца. 

Камінскі запэўнівае, што ён герой вайны. У ягоных падраздзяленнях не гінулі людзі. А за апошнія гады ён скраў сем адзінак расійскай бранятэхнікі, у тым ліку танк Т-34. 

Пазыўны Камінскага — Dragon

Адну такую гісторыю Камінскі апісаў падрабязна: ён паехаў з сябрамі на рыбалку, а аказалася, што побач пазіцыі рускіх. Нехта з саслужыўцаў туды прабраўся, скруціў 300-кілаграмовае кола бронетранспарцёра і закаціў яго да сваіх. Тады Камінскі сказаў: «Трэба браць увесь бронетранспарцёр», — і без праблем скраў усю машыну. 

Камінскі мае ўзнагароды «ад Зяленскага і міністра абароны», але крыўдуе на ўкраінцаў, таму што «10 год ваюю — а ўсё яшчэ сяржант». Таксама ён мог бы з’ехаць у Штаты, таму што мае амерыканскі дазвол на жыхарства, але не робіць гэтага — хоча жыць ва Украіне. 

У Камінскага пры гэтым негатыўнае стаўленне да Сахашчыка, палка Каліноўскага і Ціханоўскай — гэта тыя пытанні да суразмоўцы, якія карцела задаць Кандраценку. 

«Проста далба*бы», — кажа Камінскі. 

«Чаму цябе паспрабавалі зліць?» — пытаецца Кандраценка.

Імаверна, праз вось гэтае праўдарубства, лічыць Камінскі, у яго і ўзніклі праблемы ва Украіне. 

Але ўсё ж асноўная прычына, прызнаецца ён, у тым, што праз яго ва ўкраінскай турме сядзяць тыя самыя тры-чатыры супрацоўнікі беларускага КДБ.

Абылганы 

Аказваецца — далей ужо тлумачыць Віталь «Вірус» Кандраценка, — што нейкія людзі знайшлі на «Чорнай мапе Беларусі» падобнага да Камінскага чалавека, які запісаны туды як таемны міліцэйскі асведаміцель Віталь Туравец.

Фота Віталя Тураўца з базы «Пашпарт», якое далучана да профіля стукача на «Чорнай мапе Беларусі»

Туравец з 2006 па 2010 год атрымліваў грошы ў «Ларыскоры» — арганізацыі, створанай для выплат негалосным супрацоўнікам міліцыі. У асноўным гэта шматразова судзімыя маргінальныя асобы, якія пайшлі на супрацоўніцтва. Іх падсаджвалі ў турэмныя камеры, каб яны выпытвалі інфармацыю ў зняволеных. Тое, што спісы такіх інфарматараў трапілі незалежнаму грамадству — унікальнае наступства 2020 года, аналагаў якому няма бадай ні ў адной краіны Еўропы. 

Пра знаходку паведамілі ўкраінскай контрразведцы. Іншыя дэталі не прыводзяцца, але сітуацыя апісваецца як «піз**ец».

Камінскі пярэчыць, што не, гэта не ён. І ўвогуле, у інфармацыі на «Чорнай мапе» шмат недакладнасцяў: маўляў, там напісана, што ён быў таксістам у «Алмазе». Але гэта ж няпраўда! А насамрэч ён быў сузаснавальнікам таксі «Алмаз» — «і гэта ўсе ведаюць». 

Камінскі за стырном таксі

Камінскі сцвярджае, што «можна праверыць ягоны рахунак», і што «чалавек, у якога ёсць 10 мільёнаў даляраў» — гэта ён пра сябе, — «не будзе працаваць кіроўцам». 

У канцы робіцца выснова, што «мусары Азарава разам з Кіберпартызанамі стараюцца знайсці агентаў там, дзе агентаў няма, з мэтай адцягнуць увагу ад знікнення Мельнікавай». 

Дык хто насамрэч гэты герой вайны? 

Камінскі — гэта ўжо чацвёртае прозвішча мінчаніна Віталя Валянцінавіча Сідарава, сына крымінальніка, які пайшоў па слядах бацькі. 

Згодна з базамі Белпола, упершыню Віталь Сідараў здзейсніў злачынства, калі яму было 16 год (у 1999 годзе) — разам з падзельнікам скраў «Масквіч» у Зялёным Лузе.

У 2007-м ён разам з трыма падзельнікамі залез у суседскую кватэру на вуліцы Гамарніка ў Мінску і скраў адтуль маёмасць. 

У 2008 годзе прыйшоў п’яным у міліцыю і заявіў, што ў яго скралі машыну, якая была застрахаваная. Яго судзілі па справе аб заведама хлуслівай заяве. 

У тым жа 2008 годзе быў спынены п’яны за стырном. 

Потым Сідараў замяніў прозвішча і стаў Віталем Андрасовічам. 

У 2012 ён паказаў даішніку падробленае пасведчанне кіроўцы катэгорыі «В» на імя Цымбарэвіча А.С.

Канешне, ніякую «баўманку» Сідараў не сканчваў (у ягоных Аднакласніках дык увогуле указанае трэцяе месца вучобы — маскоўскі МГУ). У 2006 годзе, калі ён, па ягоных словах, «стаў найлепшым юрыстам Беларусі», Сідараў у рэальнасці пачаў атрымліваць грошы ад «Ларыскора» як міліцэйскі стукач. Яму выплачвалі заробак да 2010 года. Якую менавіта работу выконваў гэты дзеяч у інтарэсах міліцыі, невядома. Магчыма, хтосьці з чытачоў яго апазнае і ўспомніць абставіны.

Потым «мільянер» Сідараў уладкаваўся санітарам у Навінкі. Пасля пайшоў у таксісты. Ніякім сузаснавальнікам таксі «Алмаз» ён, натуральна, не быў, працаваў звычайным кіроўцам.

З 2020 года Камінскі працаваў у іпэшніка, чый заяўлены від дзейнасці — «дзейнасць аўтамабільнага грузавога транспарту». Працаваў, зноў жа — кіроўцам.

Зарабляў Сідараў сціпла, ніякіх катэджаў з аховай у Раўбічах у яго няма.

За межы Беларусі Сідараў-Андрасовіч-Туравец-Камінскі прынамсі да лета 2021-га ніколі не выязджаў афіцыйна — выезды фіксуюцца ў базе «Пасажырапаток» па ідэнтыфікацыйным нумары, які застаецца ў чалавека назаўжды і не карэктуецца пры змене прозвішча. Таму ва Украіну ён трапіў пазней за лета 2021-га.

Украінскі «разведчык», які «ціха заходзіў» у Беларусь, парушае канспірацыю ў Мінску каля «Пушкінскага цэнтру», меркавана ў 2021 годзе. Фота: Аднакласнікі

Але ці ваяваў?

Такім чынам, ці ваяваў Камінскі, як ён сцвярджае, 10 гадоў ва Украіне? Ды яшчэ ў беларускіх падраздзяленнях?

«Не памятаю такога», — сказаў пра Камінскага ветэран беларускага падраздзялення ў складзе «Азова» Арцём «Грот» Кузьміч на пытанне, ці прызнае ён у Камінскім былога саслужыўца.

Ці быў Камінскі ў Палку Каліноўскага? Асабліва — ці ваяваў у Бахмуце? 

«Першы раз бачу такога, нават не чуў пазыўнога», — сказаў Аляксандр «Кусь» Клачко, які перажыў пекла Бахмута. 

«Ніколі такога чалавека не бачыў і з ім не перасякаўся. На «баявых» гэтая асоба не была дакладна. Але былі людзі, якія сядзелі на базе — іх усіх я не ведаю», — сказаў заслужаны баец Палка Каліноўскага, мінамётчык Ян «Беларус» Мельнікаў, які таксама прайшоў Бахмут.

Аднак іншы чалавек, які папрасіў не пазначаць ягонае імя, бо ён сябе не афішуе, усё ж успомніў Камінскага. 

«Такі чалавек быў. Алкаголік. Звольніўся праз тыдзень пасля таго, як аформіўся афіцыйна», — сказаў нам гэты баец. Дадаўшы, што, імаверна, Камінскі звольніўся, каб не ваяваць.

Паводле слоў самога Камінскага, у яго не атрымалася ўкараніцца ў Інтэрнацыянальны легіён — падраздзяленне з адносна вялікай колькасцю беларусаў у складзе. 

У выніку ён нібыта ваюе і стаў знакаміты сваімі подзвігамі ў 49-м штурмавым батальёне «Карпатська Січ». 

«Наша Ніва» знайшла трох байцоў гэтага падраздзялення, якія выязджаюць на баявыя заданні. Яны адказалі са сваіх акаўнтаў у інстаграме. 

«Вперше такого бачу», «Не знаю такого. Даже і не бачив такого», — адказалі двое з іх. Трэці не пазнаў з ходу, але паабяцаў пацікавіцца ў іншых байцоў, калі вернецца з задання.

Цалкам магчыма, што ўсё ж Камінскі прымаў удзел у вайне, але ён дакладна не той, за каго сябе выдае.

Выратаванне агента Камінскага

Можна было б падумаць, што гэты чалавек — як і многія іншыя, — хоць і маючы дыскрэдытуючую гісторыю супрацоўніцтва з органамі, адумаўся пасля падзей 2020-2022 года і паехаў крывёй загладжваць сваю віну перад пацярпелымі ад рэжыму, якому даносіў. 

Але чаму ў такім разе, чалавек, які вырашыў ачысціць сумленне, замест пакаяння і прызнання сітуацыі на хаду сачыняе легенды, якія ніяк не супадаюць не толькі з данымі выкрадзеных баз, але і — шмат дзе — нават са здаровым сэнсам? 

Кажа, што ваяваў у Бахмуце, а сведкі кажуць, што не ваяваў. Кажа, што працаваў юрыстам, а не працаваў. Кажа, што меў дамы і грошы, а не меў нічога. Кажа, што не міліцэйскі агент…

Такіх адкрыццяў, калі б за мяжой знаходзілі міліцэйскіх стукачоў і грамадству пра гэта станавілася б вядома, насамрэч не так шмат.

Напрыклад, «Байпол» называў асобу ўнутрыкамернага распрацоўшчыка Вячаслава Быстрова, які ў Польшчы абгарнуўся бел-чырвона-белым сцягам. Той пасля спрабаваў адбяліць сябе ў інтэрв'ю Вользе Сямашка на старонках «Радыё Ўнэт».

Калі ж ускрыўся пашпарт прыкрыцця мужа Вольгі Сямашкі, то ратаваць яе рэпутацыю кінуўся менавіта Вірус. Прычым атрымалася трагікамічна — спачатку ён пераставіў у свой канал расследаванне «Нашай Нівы», аднак адразу ж выдаліў допіс і папрасіў прабачэння ў падпісчыкаў: маўляў, не разабраўся.

Чытайце: Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка

Цяпер выкарыстоўвае для ратавання агента «Ларыскора» тую ж версію, якую першасна агучыла Сямашка ў сітуацыю за сваім мужам — пра нібыта скарэктаваныя базы. Насамрэч ніводнай памылкі ва ўзламанай пашпартнай і іншых базах не было зафіксавана за ўвесь час карыстання імі, дый не можа быць — на тое яны і афіцыйныя дзяржаўныя сістэмы.

У чым можна паверыць міліцыйскаму даносчыку Камінскаму, дык гэта ў тым, што яму цяпер давядзецца тлумачыць асаблівасці сваёй дзіўнай біяграфіі ўкраінскай контрвыведцы.

Каментары59

  • М
    19.04.2025
    Поўнасьцю згодзен з Нашаю Ніваю, дый увогуле Вірус за гэтулькі год агентурнае чыннасьці так і ня вывучыў мову нашага народу. Ёсьцека яшчэ адзін расейскамоўны ютуб канал, за якім гэбоўскія вушы тырчаць - МЕНАВІТА, які пашырае беларусафобію, даючы пляцоўку ўсялякім ненавісьнікам Беларусі зь Літвы і Ўкраіны (усялякія Муждабаевы), пляжачы ЎСЕ беларускія сілы, з Пазьняком уключна.
  • Ён псіхічна хворы, хутчэй за ўсё
    19.04.2025
    Не маючы мед дапамогі п'е, каб было лягчэй. Трэ яго асудзіць ва Украіне і выкарыстаць для абмена, калі атрымаецца.
    Уражвае тое, што ад яго нехта нарадзіў дзіця. І гены дрэнныя, і вырасціць не здолее, ён сам у даглядзе мае патрэбу.
  • Коузанка
    19.04.2025
    Мб просто сумашедший?
    Нормальные и так туда не пойдут

Цяпер чытаюць

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

З-за чэргаў на мяжы з Польшчай «Мінсктранс» арганізуе бясплатную перасадку пасажыраў

У Германіі забілі аўтарку бестсэлераў пра рускіх, кіяўлянку Аляксандру Фроліх

Паглядзіце, якімі моднымі лакацыямі абзавёўся Парк Горкага16

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі дзве крымінальныя справы2

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі7

Аўтобус з беларусамі перакуліўся пад Варшавай1

Які прыгожы трэнд: людзі ператвараюць свае газоны ў някошаныя лугі10

Уначы па усёй тэрыторыі Беларусі былі замаразкі, апроч аднаго горада4

Сёння Радаўніца — дзень, калі наведваюць магілы продкаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць