У Будславе археолагі адкапалі старажытны падмурак касцёла
Падчас археалагічных раскопак у Будславе навукоўцы знайшлі каменны падмурак першага касцёла, які, хутчэй за ўсё, быў пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя. Пра гэта паведаміў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Фота: t.me/iinanb
Цяпер у Будславе вядзецца рэканструкцыя Касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Плануецца, што гэты храм стане важным каталіцкім цэнтрам краіны. У раскопках удзельнічаюць і гісторыкі з НАН Беларусі.
Фота: t.me/iinanb
Падчас даследаванняў былі знойдзеныя часткі старога падмурка — яны часткова знаходзяцца пад сучасным касцёлам, але асноўная частка, у тым ліку і бабінец (пярэдняя частка храма), — за яго межамі.
Фота: t.me/iinanb
Паводле звестак археолагаў, будынак меў памеры прыкладна 26 на 13 метраў, быў накрыты чарапіцай, а сцены былі пафарбаваныя вохрай. Пад касцёлам была размешчаная крыпта — падземнае памяшканне, верагодна, для пахаванняў.
Фота: t.me/iinanb
11 мая 2021 года ў касцёле ў Будславе здарыўся моцны пажар. Пажарнікі змагаліся з агнём каля сямі гадзін. У выніку цалкам згарэў дах над цэнтральнай часткай храма, а таксама пацярпеў унікальны барочны арган — самы вялікі ў Беларусі.
Касцёл у Будславе з'яўляецца значным помнікам архітэктуры і гісторыі. Каменны храм узводзіўся з 1633 па 1783 год, а ўпершыню ў дакументах ён згадваецца яшчэ ў 1504 годзе. Сёння ён вядомы як Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Чытайце таксама:
У Будславе пачаліся археалагічныя раскопкі
Здарэнне на фэсце ў Будславе: падчас набажэнства ўпаў дрон — цудам ніхто не пацярпеў
У Будслаўскі касцёл вярнулі статую, пашкоджаную пры пажары