БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка будуе сакрэтны завод па вытворчасці дронаў у Мінску

29.07.2025 / 14:3

Nashaniva.com

Як высветліў «Белпол», прадпрыемства па серыйнай вытворчасці ўдарных беспілотнікаў патаемна будуецца ў Фрунзенскім раёне Мінска. За заводам, які афіцыйна будуе прыватная кампанія, стаяць структуры, звязаныя з Шэйманам.

Аляксандру Лукашэнку паказаваюць дрон «Міратворац» на палігоне Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі, 21 кастрычніка 2022 года. Фота: «Пул першага»

29 красавіка 2025 года Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам абвясціў, што Расія гатова пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў. Але, як сведчыць новае расследаванне «Белпола», такі завод ужо дзейнічае з 2023 года ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

Афіцыйна яно мае статус прыватнага, але, як вынікае з расследавання, ім кіруюць набліжаныя да Лукашэнкі фірмы і службоўцы.

Як расказваюць расследавальнікі, у Беларусі дзейнічае канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты», якое спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці цяжкіх беспілотнікаў верталётнага тыпу. З 9 жніўня 2024 года гэтая кампанія трапіла пад санкцыі ЗША, а пазней і іншых краін.

Прадбачачы такое развіццё падзей, улады вырашылі стварыць «дачку» — своеасаблівага двайніка асноўнага прадпрыемства. Гэта дазволіла абысці частку абмежаванняў і працягнуць дзейнасць пад іншай шыльдай.

Так, у маі 2023 года было зарэгістравана ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты» са статутным фондам усяго ў 3700 беларускіх рублёў.

У жніўні 2023 года гэтае прадпрыемства набыло вытворчыя памяшканні на вуліцы Янкі Маўра, 47 плошчай 16 гектараў у Мінскага завода будаўнічых матэрыялаў, які знаходзіўся ў працэсе ліквідацыі. Цана здзелкі — усяго 4,5 млн рублёў. Афіцыйна продаж адбыўся згодна з распараджэннем Лукашэнкі №124-РП ад 9 жніўня 2023 года з грыфам «для службовага карыстання».

За новым прадпрыемствам стаіць структура «Вектар капітал груп» — фармальна прыватная кампанія, якую ўзначальвае былы кіраўнік Упраўлення справамі Лукашэнкі Шэйман і два яго намесніка — Свірыдаў і Селіванаў.

У выпадку ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты», як адзначае «Белпол», кожная драбяза абмяркоўвалася на нарадах у «Вектар капітал груп». Нават такое пытанне, як здача металалому.

Сярод ключавых фігур, звязаных з «Беспілотнымі лятальнымі апаратамі», — Валерый Япрынцаў, ветэран беларускага бізнэсу, які некалі быў партнёрам апальнага Юрыя Чыжа. Як вынікае з дакументаў, ён прысутнічаў на нарадзе па развіцці ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты» і з’яўляецца афіцыйным саўладальнікам як беларускіх, так і расійскіх кампаній, звязаных з беспілотнікамі. Аднак, па звестках «Белпола», частка гэтых кампаній — фіктыўныя, з мізэрным штатам і без рэальнай вытворчасці.

Паводле вытворчага плана па стане на кастрычнік 2023 года, завод на той час ужо займаўся серыйнай вытворчасцю двух тыпаў ударных БПЛА:

— «Аскалон» — рэактыўны крылаты беспілотнік з дальнасцю да 310 км (аналаг іранскага Shahed);

— «Міратворац» — з дальнасцю да 180 км.

Да канца 2025 года прадпрыемства павінна выйсці на вытворчасці да 960 адзінак штогод, або 2—3 дроны штодня. Кожны з іх здольны несці да 10 кг выбухоўкі. Прыбытак прадпрыемства ацэньваецца ў 76,2 млн даляраў на год.

І гэта не прататыпы, а зброя, якая ўжо пастаўляецца ў Расію.

Пры гэтым ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты» па стане на чэрвень 2025 года не трапіла ні ў адзін санкцыйны спіс, бо фармальна не звязана з ужо падсанкцыянаваным прадпрыемствам «Беспілотныя верталёты».

Чытайце таксама:

Як Лукашэнка зарабляе на вайне — расследаванне «Белпола»

«Лукашэнка сакрэтна вызваліў «фірму» сына ад падаткаў». Belpol выпусціў расследванне пра Прэзідэнцкі спартыўны клуб

Стала вядома, як рагачоўскі завод працуе на расійскую вайсковую прамысловасць

Каментары да артыкула