БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрыманыя 32 чалавекі за супрацоўніцтва з расійскімі спецслужбамі. Сярод іх ёсць і беларусы

29.07.2025 / 15:47

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў Польшчы былі затрыманыя па падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі 32 чалавекі. Паводле яго слоў, гэтыя людзі падазраюцца ў тым, што выконвалі заданні, звязаныя з дыверсіямі, падпалам і гвалтам. Сярод затрыманых — грамадзяне Польшчы, Расіі, Украіны і Беларусі.

Беларус Сцяпан К., абвінавачаны ў падпале шматпавярховай будаўнічай крамы ў Варшаве ў красавіку 2024 года. Фота: паліцыя Польшчы

Адзін з абвінавачаных ужо асуджаны і адбывае пакаранне, астатнія чакаюць суда.

Туск падкрэсліў, што гэта не ізаляваныя выпадкі, а частка больш шырокай расійскай кампаніі па дэстабілізацыі сітуацыі ў Польшчы, у тым ліку на мяжы. Ён заклікаў усе спецслужбы быць напагатове і паабяцаў жорсткую рэакцыю на любую дзейнасць, што пагражае бяспецы дзяржавы.

Таксама Туск адзначыў, што дзякуючы дыпламатычным дзеянням удалося перадаць Польшчы аднаго з арганізатараў гэтых дыверсій.

Польскі прэм'ер заявіў гэта, каментуючы паведамленне Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, што грамадзяніну Калумбіі былі выстаўлены абвінавачанні ў падпале двух будаўнічых складаў у Мазавецкім ваяводстве ў 2024 годзе.

Паводле звестак польскай спецслужбы, мужчына дзейнічаў па загадзе расійскіх спецслужб. Ён атрымаў інструкцыі аб тым, як вырабляць і выкарыстоўваць кактэйлі Молатава, а таксама як карыстацца транспартам для злачынстваў. Яго дзеянні былі падобныя да падпалаў, здзейсненых у іншых краінах Еўропы.

Калумбіец, якому цяпер выстаўленыя абвінавачанні ў Польшчы, раней, у чэрвені гэтага года, быў ужо асуджаны ў Чэхіі на 8 гадоў турмы за падпал аўтавакзала ў Празе і падрыхтоўку да падпалу гандлёвага цэнтра. Ён прызнаў сваю віну.

Паводле звестак польскіх спецслужбаў, расійскія куратары вербавалі выканаўцаў праз тэлеграм-часцей маладых мігрантаў, у тым ліку з Лацінскай Амерыкі, а таксама ўцекачоў. Ім плацілі за сачэнне за аб'ектамі, падпалы, акты сабатажу і публікацыі наступстваў дыверсійных актаў у сацсетках. Некаторыя затрыманыя выконвалі загады за мяжой — у Чэхіі, Літве і Германіі.

Чытайце таксама:

Беларусу выставілі абвінавачанне ў падпале гіпермаркета ў Варшаве па заданні расійскіх спецслужбаў

Беларусу, раней асуджанаму ў Польшчы за шпіянаж, пастрожылі пакаранне

Падпал у віленскай IKEA летась зладзіў украінскі падлетак. Ён захоўваў на вакзале сумку з выбухоўкай, тэлефонамі і вібратарамі

«Ганебны акт дыверсіі». Польшча зачыняе консульства Расіі ў Кракаве з-за падпалу гандлёвага цэнтра

Каментары да артыкула