БЕЛ Ł РУС

У адказ на балбатню Мядзведзева Трамп загадаў перамясціць ядзерныя падводныя лодкі

1.08.2025 / 21:29

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў пост у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, у якім працягнуў сваю распачатую раней палеміку з былым прэзідэнтам Расіі, а цяпер намеснікам старшыні Рады бяспекі Дзмітрыем Мядзведзевым. Пры гэтым ён гэтым разам пагражае не спыніцца на адных словах. 

Фота: AP

«У сувязі з вельмі правакацыйнымі заявамі былога прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, які цяпер з'яўляецца намеснікам старшыні Рады бяспекі Расійскай Федэрацыі,

я загадаў размясціць дзве ядзерныя падводныя лодкі ў адпаведных рэгіёнах проста на выпадак, калі гэтыя дурныя і падбухторвальныя заявы акажуцца чымсьці большым, чым яны ёсць.

Словы вельмі важныя і часта могуць прывесці да ненаўмысных наступстваў. Я спадзяюся, што гэты выпадак не будзе адным з такіх. Дзякуй за ўвагу!», — напісаў Трамп.

Перад гэтым ён назваў Мядзведзева «былым прэзідэнтам-няўдачнікам» і параіў сачыць за словамі. Той жа ў адказ выдаў новы задзірысты допіс у тэлеграме:

«Калі нейкія словы былога прэзідэнта Расіі выклікаюць аж такую нервовую рэакцыю ў цэлага такога грознага прэзідэнта ЗША, значыць, Расія ва ўсім мае рацыю і працягне ісці сваёй дарогай.

А пра «мёртвую эканоміку» Індыі і Расіі і «заход на небяспечную тэрыторыю» — ну, хай успомніць свае любімыя фільмы пра «хадзячых мерцвякоў», а таксама тое, як можа быць небяспечная няісная ў прыродзе «мёртвая рука».

Апошнімі словамі Мядзведзеў намякаў на сістэму «Перыметр», якая на Захадзе вядомая як «Мёртвая рука» (Dead Hand), — аўтаматызаваную сістэму кіравання ядзерным ударам у адказ. Яе распрацавалі ў СССР падчас Халоднай вайны, і цяпер яна таксама застаецца ў выкарыстанні ў Расіі. Яе асноўная задача — гарантавана перадаць загад аб запуску стратэгічных ракет нават тады, калі падчас надзвычайнай сітуацыі знішчаныя сувязь ці камандныя цэнтры.

Чытайце таксама:

Трамп назваў Мядзведзева «былым прэзідэнтам-няўдачнікам» і параіў сачыць за словамі

Мядзведзеў прыгразіў ЗША вайной пасля таго, як Трамп скараціў тэрмін ультыматуму Пуціну

Мядзведзеў пра ўльтыматум Трампа: Расіі ўсе роўна

Трамп: Расія з пачатку года страціла 112 тысяч салдат, Украіна — 8 тысяч

Каментары да артыкула