БЕЛ Ł РУС

Журналіст Ігар Карней пра тое, як атрымаў у спадчыну рэпрэсаваныя гены

2.08.2025 / 13:28

Nashaniva.com

Ці могуць гены палітвязня перадацца ў спадчыну? Аказваецца — запраста, тым больш, калі праверана на сабе, піша экс-палітзняволены журналіст Ігар Карней, які выйшаў на свабоду ў чэрвені 2025 года пасля двух гадоў турмы.

Ігар Карней, фота яго фэйсбук

Ледзь не 90 гадоў спатрэбілася, каб хоць крыху разблытаць клубок таямнічай гісторыі, якая не давала спакою некалькім пакаленням нашай сям’і. Дзеля справядлівасці, выпадак не з шэрагу выключных — мільёны савецкіх людзей у той ці іншай ступені перажылі трагедыю бясследнай страты сваіх родных.

Ад самага дзяцінства чуў згадкі пра аднаго са сваіх дзядзькаў — старэйшага брата маёй любімай бабулі Зіны. Нават праз дзясяткі гадоў сваякі міжволі пераходзілі на шэпт, успамінаючы шматразова пераказаную версію загадкавага знікнення прыгажуна Канстанціна. У выніку пазнейшых навязаных канспіралагічных «укідаў» выходзіла, што нібыта ён быў «шпіёнам» (звычайна на такіх нябачных фантомаў бальшавікі і вешалі ўсе свае хібы), не было толькі адзінства наконт таго, якая выведка яго завербавала — нямецкая ці японская. Ага, 25-гадовы хлопец з глухой беларускай вёскі зацікавіў сусветную агентуру. Урэшце — ні прэвентыўнага абвінавачвання, ні судовых папер, ні магілы.

І вось нечакана натрапіў на хай і сціплыя, але ўсё ж арыенціры, апублікаваныя даследчыкамі і валанцёрамі расійскага «Мемарыяла».

Якубовіч Канстанцін Данілавіч з вёскі Ліхасельцы Навагрудскага ваяводства, 1912 года нараджэння, беларус. Далей у біяграфіі — істотны прабел, наступны фрагмент — ужо з рэзкай перадыслакацыяй у Свярдлоўскую вобласць РСФСР, г.зн. арыштанцкі перыяд. Зняволенне ўпярэмежку з прымусовай адпрацоўкай «шпіёнскіх» грахоў.

Месцам новай «прапіскі» пазначаны Першауральскі наватрубны завод, парасілавы цэх. Нарэшце, самае драматычнае: сям’і не палічылі патрэбным паведаміць нават пасля так званай «вызваленчай місіі» 1939 года.

З архіваў вынікае, што Канстанцін Якубовіч быў арыштаваны 28 верасня 1937 года, 26 снежня таго ж года асуджаны (так і невядома — судом ці выязной «тройкай») да ВЫШЭЙШАЙ меры пакарання. 3 студзеня 1938 года расстраляны.

Тут зусім незразумела, якім чынам ён трапіў у рукі чэкістаў, бо заходняя частка Беларусі на той момант знаходзілася пад польскай юрысдыкцыяй — або мэтанакіравана выкралі, або сам паддаўся на савецкую прапаганду і, як той Браніслаў Тарашкевіч, свядома шукаў шчасця ў БССР. У другім выпадку — банальна савецкі засланы, якіх у той час было процьма. Пры любым раскладзе фінал трагічны — «вораг народа».

На жаль, нічога канкрэтнага пра месца пахавання, як і пра тое, што менавіта паспеў «нарабіць» малады чалавек, каб яго асудзілі на такое. Таксама пакуль не ўдалося знайсці звестак, ці быў дзядзька Канстанцін пасмяротна рэабілітаваны разам з мільёнамі іншых ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Іван з сынам, жонкай і сямейнай парай, якая гэтаксама праходзіла па «антысавецкай справе», 1956 года. Фота: Радыё Свабода

Падобны лёс ужо пасля вайны мог напаткаць і яго малодшага брата, але тым разам «пашанцавала» — высылка замест забойства. 2 красавіка 1949 года Якубовіча Івана Данілавіча з той жа вёскі Ліхасельцы, ужо Баранавіцкай вобласці, 1919 года нараджэння, арыштавалі нібыта за сувязь з «ляснымі братамі». Як потым высветлілася — на падставе даносу. 4 сакавіка 1950 года спецорган пры НКВД «особое совещание» асудзіў яго паводле арт. 76 — «пасобніцтва антысавецкай арганізацыі».

Вынік — 10 гадоў строгага рэжыму ў папраўча-працоўным лагеры з канфіскацыяй маёмасці. Жонка і малы сын засталіся ні з чым, прытулілі сваякі.

Адбываў тэрмін за палярным кругам у Варкуце, першыя пяць гадоў без права перапіскі, у поўнай ізаляцыі ад сям’і. Толькі пасля смерці Сталіна мая бабуля Зіна, яе браты і сёстры даведаліся, што Іван жывы. 1 чэрвеня 1956 года ён быў рэабілітаваны і нават атрымаў матэрыяльную кампенсацыю за 7 гадоў прымусовай працы ў шахце.

Хоць фармальна быў вызвалены, насамрэч з зоны не адпусцілі — проста перавялі на аблегчаны рэжым. Пры гэтым дазволілі сям’і «ўз’яднацца» — у Варкуту прыехалі жонка з сынам. Засталіся нават некалькі тагачасных фотаздымкаў, у адрозненне ад незафіксаванага нідзе Канстанціна.

Дзед Іван (справа) з сябрам пасля вяртання на радзіму, 1968. Фота: Радыё Свабода

У выніку яны пражылі ў Комі АССР да канца 1960-х — яшчэ 10 гадоў апраўданы вязень зарабляў грошы паводле паўночнага тарыфу на будоўлях. Дзядзькі Вані не стала ў 1985 годзе, я добра памятаю яго спакойна-сціплыя аповеды пад чарку пра варкуцінскі «экстрэм», бо сам быў ужо досыць дарослым. Праўда, тады нават у думках не мог уявіць, што не ў такой ступені, але і мне давядзецца пацярпець за «нелаяльнасць» — нібыта і «савок» разваліўся, а традыцыі змагання з іншадумствам засталіся. Так што дзедаўскія «палітычныя гены» насамрэч аказаліся «заразнымі».

Чытайце таксама:

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення

Карней расказаў, як з-за канцлагернай худзізны яго прымаюць за Ціханоўскага. Гэта выклікае камічныя сітуацыі

«Натуральная спакуса — увапхнуць у сябе ўсё, пра што ў няволі заставалася толькі мроіць». Былы палітвязень Карней расказаў пра турэмны рацыён і як ад яго адыходзіць

Каментары да артыкула